Не ўсё залежыць ад надвор’я

Нестабільныя метэаралагічныя ўмовы ўносяць у наша паўсядзённае жыццё пэўныя карэктывы. Рэзкія скачкі тэмпературы і атмасфернага ціску, магнітныя буры здольны ўплываць на наша самаадчуванне. Асабліва пакутуюць людзі з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. Карэспандэнт раёнкі звярнулася па кансультацыю да ўрача-кардыёлага ЦРБ Ларысы ПІНКОЎСКАЙ.

црб

— Сярод захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы самае распаўсюджанае, — адзначае спецыяліст, — артэрыяльная гіпертанія. Па падліках медыкаў, ад яе пакутуюць звыш 2 мільёнаў беларусаў. У нашым раёне гэты “ціхі забойца” таксама лідыруе не першы год.

— Ці можа дрэннае надвор’е ўплываць на самаадчуванне, артэрыяльны ціск?

— У некаторай ступені метэаралагічныя ўмовы здольны пахіснуць здароўе. Аднак, як вядома, арганізм да ўсяго прыстасоўваецца. Не варта забываць і на тое, што ён мае моцныя сістэмы абароны.

У дні, калі рэзка мяняецца надвор’е, пацыентаў становіцца крыху больш. У  асноўным, яны скардзяцца на агульную слабасць, галаўны боль, павышэнне артэрыяльнага ціску пад вечар і ўначы. Але ж не ўсё залежыць ад надвор’я: многія, пачуўшы, напрыклад, пра магнітныя буры, самі “праграмуюць” сябе на дрэннае самаадчуванне.

— Значыць, нашы думкі і настрой таксама ўплываюць на здароўе?

— Так. Пазітыўныя эмоцыі і выдатны настрой падтрымліваюць арганізм у тонусе, а дрэнныя думкі і бясконцыя стрэсы прыводзяць да дэпрэсіі, якая губіць яго. Памятайце: многія хваробы ўзнікаюць на нервовай глебе.

— Як у такія неспрыяльныя дні спраўляцца з недамаганнямі людзям з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі?

— У першую чаргу, рэкамендую працягваць прыём медыцынскіх прэпаратаў, якія прызначыў урач. Цалкам адмаўляцца ад іх нельга, трэба проста рэгуляваць дазіроўку. Неабходна высыпацца, бо здаровы паўнавартасны сон – залог добрага самаадчування. Старайцеся больш часу праводзіць на свежым паветры, кантралюйце артэрыяльны ціск. І, вядома, не наядайцеся на ноч.

— Што рабіць, каб сардэчна-сасудзістая сістэма была ў норме?

— Збалансаванае харчаванне, адмова ад шкодных звычак, падтрымка нармальнай вагі цела і рэгулярная фізічная актыўнасць забяспечаць здаровае і доўгае жыццё.

Не лянуйцеся, хадзіце шмат пешшу. Існуе тэорыя пра 10 000 крокаў, якая зарадзілася ў Японіі. Згодна ёй, кожны чалавек павінен праходзіць у дзень дзесяць тысяч крокаў, каб падтрымліваць выдатнае здароўе.

Самае галоўнае – дасканальна сачыце за самаадчуваннем, своечасова звяртайцеся да медыкаў. Хваробы трэба лячыць, а не пакутаваць ад іх.

Гутарыла Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *