Загартаваны выпрабаваннямі лёсу

Чарговы артыкул тэматычнага праекта да векавога юбілею беларускай міліцыі прысвечаны аднаму з самых маладых ветэранаў РАУС Аляксандру ЮШКЕВІЧУ, які больш за два дзясяткі гадоў праслужыў на перадавой правапарадкуу аператыўнадзяжурнай часці райаддзела.

Аляксандр Піліпавіч нарадзіўся 21 верасня 1968 года ў Бялынічах. Калі надышоў час вызначыцца з прафесійнай будучыняй, ён выбраў спецыяльнасць “Механізацыя сельскай гаспадаркі”. Тады малады чалавек нават і не здагадваўся, што справай яго жыцця стане служба ў міліцыі.

музей

Нялёгкі іспыт лёсу напаткаў Аляксандра Юшкевіча яшчэ ў юнацтве: яму давялося праходзіць тэрміновую службу ў савецкім войску падчас баявых дзеянняў у Афганістане. 28 напружаных месяцаў пад пякучым сонцам азіяцкай краіны выкавалі характар бялынічаніна і назаўсёды ўрэзаліся ў памяць.

— Нават самыя маленькія драпіны і мазалі гаіліся тыднямі ў такім спякотным клімаце, — узгадвае Аляксандр Піліпавіч. – Пераносілі на плячах 50-кілаграмовыя снарады, сядзелі ў засадах, якія маглі цягнуцца днямі. Бачылі, як гінуць сябры… Столькі гадоў прайшло, а ні адзін успамін не сцёрся.

У больш чым 50 баявых аперацыях удзельнічаў Аляксандр Юшкевіч. Падчас адной з іх артымаў раненне. Юнака збіраліся адправіць на радзіму, каб ён там завяршыў тэрміновую службу. Аднак маладому байцу ўдалося ўгаварыць камандзіра і застацца з баявымі сябрамі.

аф

Прыстасавацца да мірнага жыцця пасля жахаў Афгана было складана, аднак шэраг пераломных падзей прытупіў боль. Неўзабаве Аляксандр Піліпавіч падаў дакументы ў Магілёўскі педінстытут, але сябры адгаварылі вучыцца на настаўніка фізкультуры і прапанавалі стаць праваахоўнікам. І вось праз нейкі час 22-гадовы хлопец з’явіўся на парозе Бялыніцкага РАУС…

Аляксандр Юшкевіч не шкадуе, што выбраў такі шлях. За гады службы ў райаддзеле міліцыі ён дасканала вывучыў родны раён, яго жыхароў. Дый шмат гісторый у яго назбіралася.

— Адно з першых затрыманняў напачатку маёй кар’еры праваахоўніка адбылося ў 1991 годзе, калі я служыў міліцыянерам аддзялення патрульна-паставой службы, — расказвае Аляксандр Піліпавіч. – У прадуктовы магазін па вуліцы Савецкая (зараз гэта магазін “1000 дробязяў”) заскочыў мужчына і прама на вачах у гандляркі скраў бутэльку віна. І ўцёк. Разам з напарнікам Эдуардам ЛОЎДАРАМ мы адправіліся на месца здарэння. Жанчына, якая была сведкам злачынства, апісала знешнасць   правапарушальніка. Дзесьці праз 30 хвілін мы яго знайшлі на вуліцы Садовая і затрымалі.

З 1992 і да самага выхаду на заслужаны адпачынак Аляксандр Юшкевіч працаваў у аператыўна-дзяжурнай часці РАУС. Пасля спецыяльнай вучобы і атрымання афіцэрскага звання ён быў прызначаны на пасаду старшага аператыўнага дзяжурнага. Свае службовыя абавязкі выконваў адказна і прафесійна, што без увагі начальства не заставалася. У Аляксандра Піліпавіча шмат узнагарод, у ліку якіх ордэн Чырвоная Зорка, медалі “За баявыя заслугі” і “За бездакорную службу” ІІІ ступені.

Аляксандр Юшкевіч актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці раёна. Ён узначальвае савет пярвічнай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск і з’яўляецца намеснікам старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. А ў 2014 годзе былы міліцыянер быў выбраны дэпутатам раённага Савета дэпутатаў.

— І як дэпутат, і як кіраўнік савета пярвічнай арганізацыі ветэранаў ОУС і УВ, і як намеснік старшыні райарганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” стараюся толькі на выдатна выконваць ускладзеныя на мяне абавязкі, дапамагаць людзям, — гаворыць Аляксандр Піліпавіч. – У супрацоўніцтве з ветэранамі арганізоўваем разнастайныя сустрэчы з моладдзю, праводзім цікавыя мерапрыемствы з нагоды святаў і памятных дат.

Аляксандр Юшкевіч часта наведвае родны райаддзел міліцыі, заходзіць у музей РАУС, сустракаецца з былымі калегамі. Ён ганарыцца багатай гісторыяй бялыніцкай міліцыі, шануе традыцыі папярэднікаў, якія самааддана служылі закону, народу, Айчыне.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара і з архіва А. Юшкевіча.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *