“Калі не я сам, то хто?”

Адказаў на рытарычнае пытанне жыхар вёскі Нежкаў Міхаіл МАГЕРАЎ, калі старшыня Вішоўскага сельсавета звярнуўся да яго з просьбай дапамагчы навесці парадак у вербнай алеі, што праходзіць паўз вёску.

Магеров

Пасля выхаду на пенсію Міхаіл Васільевіч пераехаў на пастаяннае месца жыхарства з Магілёва ў Нежкаў. Тыповы гарадскі жыхар лёгка ўвайшоў у каляіну вясковага жыцця, паправіў хату, пасадзіў сад. А следам пачаў акультурваць і тэрыторыю агульнага выкарыстання.

— Я не магу сядзець без справы, — распавядае Міхаіл Магераў. – Да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў у органах МНС і прывык пастаянна быць у напружаным рытме. Размеранае гарадское жыццё аказалася не па мне, таму, як толькі з’явілася магчымасць, адразу ж пераехаў у вёску. Сям’я засталася ў горадзе, але мы ўсё адно часта бачымся.

Вядома, працы ў сельскай мясцовасці хапае заўсёды: і летам, і зімой. Але ж Міхаіл Васільевіч думае не толькі пра сваё, справы агульныя таксама займаюць у яго жыцці не апошняе месца. Пару гадоў таму выразаў здзічэлы сліўнік паміж сваім і суседавым участкам, а зараз у адзіночку пачаў прыводзіць у парадак вербную алею, якая прымыкае да яго сядзібы. Побач праходзіць аўтатраса Мінск-Магілёў, таму ў яго, кажа, двайная задача: зрабіць не толькі прыгожа, але і каб шкодныя выкіды ад дарогі не траплялі на ўчастак.

— Не разумею тых людзей, якія абыякава, не па-гаспадарску адносяцца да навакольнага асяроддзя, — падсумоўвае пенсіянер. – Няўжо чалавеку, у якога ёсць рукі і ногі, цяжка навесці вакол сваіх сядзіб хоць бы элементарны парадак? Я не лічу, што раблю нешта звышнатуральнае, але ў мяне ёсць маральная адказнасць перад дзецьмі і ўнукамі. Хочацца паказаць ім правільны прыклад гаспадарання на зямлі, прывіць павагу да працы і жаданне клапаціцца пра родны край.

Фёдар РЫДЗЕЦКІ,

старшыня Вішоўскага сельсавета:

— Практыка прыцягваць мясцовых жыхароў да навядзення парадку ў іх вёсках справа для нас не новая. З просьбамі дапамагчы акультурыць тэрыторыю агульнага выкарыстання мы звяртаемся да насельніцтва даволі часта. І ўдвая прыемней тое, што ёсць людзі, якія не чакаюць, калі  нехта прыйдзе і папрацуе за іх, а самі праяўляюць ініцыятыву. І  шаноўны Міхаіл Магераў знаходзіцца ў іх шэрагах.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *