На спатканне з юнацтвам

Штогод у першую суботу лютага на вечары сустрэчы школьных сяброў збіраюцца настаўнікі і іх былыя вучні.

Гэтыя мерапрыемствы — выдатная нагода ўспомніць цікавыя і насычаныя гады юнацтва, школьнае жыццё, магчымасць зноў акунуцца ў мінулае, пагутарыць са старымі знаёмымі.

Вось і для аўтара гэтых радкоў сустрэча з аднакласнікамі была вельмі хвалюючай: дваццаць гадоў таму ў Галоўчынскай школе прагучаў для мяне апошні званок.

Вечар

Здаецца, часу прайшло зусім мала, і нібыта толькі нядаўна рашалі задачы, гулялі ў футбол на школьным стадыёне… А цяпер ужо дарослыя, самастойныя, са сталым жыццёвым вопытам мае аднакласнікі завіталі ў родную школу.

Шмат змянілася за тыя два дзясяткі гадоў, выйшлі на заслужаны адпачынак педагогі. Некаторыя з іх ужо адляцелі ў вечнасць.

Але пакуль чалавек жыве, застаецца і памяць. Яна – паўсюль. У фотаздымках, светлых тварах настаўнікаў, ва ўсмешках маленькіх школьнікаў, якія штораніцы з ранцамі за спінай спяшаюцца да знаёмага ганка.

І на душы становіцца цёпла, радасна ад прыемных сустрэч з бесклапотным юнацтвам. Можна на некалькі хвілін уявіць сябе за партай, пагартаць стары падручнік, птушкай узляцець па знаёмай лесвіцы, адчыніць дзверы ў свой клас…

Па якіх жыццёвых акіянах не кідаў бы лёс, памятайце, што акрамя бацькоў за вас перажываюць і заўсёды чакаюць сустрэчы вашы настаўнікі.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *