Пачэснай справе прысвяціў тры дзесяцігоддзі

Менш за месяц застаецца да векавога юбілею ўтварэння беларускай міліцыі. Асаблівае значэнне мае гэта падзея для тых, хто, нягледзячы на цяжар міліцэйскай службы, усё сваё жыццё прысвяціў служэнню закону. Мы працягваем знаёміць чытачоў раёнкі з нашымі землякамі, якія ў розныя часы працавалі дзеля захавання парадку на тэрыторыі нашага раёна. Герой праекта – ветэран органаў унутраных спраў, маёр міліцыі ў адстаўцы Макс Мэеравіч КРОЛ.

крол1

Нарадзіўся ён узімку апошняга года Вялікай Айчыннай вайны ў Казахстане, дзе бацькі ў той час знаходзіліся ў эвакуацыі.

Адразу пасля яе заканчэння сям’я вярнулася дамоў, у Бялынічы, дзе і працягвалася далейшае жыццё будучага міліцыянера.

Скончыўшы сярэднюю школу, ён 2 гады працаваў на крухмальным заводзе слесарам-вадзіцелем, а ў 1964 годзе быў прызваны на службу ў савецкае войска. Літаральна праз пяць дзён пасля дэмабілізацыі, у лістападзе 1967, працавіты малады чалавек уладкаваўся дыспетчарам тадышняй ПМК-58.

Дарэчы, яшчэ да службы ў арміі Макс Мэеравіч з’яўляўся ўдзельнікам народнай    добраахвотнай дружыны, меў шмат сяброў з ліку праваахоўнікаў, таму хутка атрымаў прапанову служыць у міліцыі.

Ужо праз 2 месяцы ён заступіў на пасаду начальніка інспекцыі выпраўленчых работ РАУС.

Цягам далейшых пяці гадоў міліцыянер змяніў тры пасады. У выніку скарачэння першай перайшоў у АДС памочнікам дзяжурнага. Яшчэ праз два гады стаў участковым інспектарам.

Прафесіяналізм, заўсёды адказныя адносіны да выканання службовых абавязкаў Макса Крола не маглі застацца незаўважанымі з боку вышэйшага кіраўніцтва.

Да таго ж, за гэты час малады міліцыянер паступіў і скончыў спачатку сярэднюю, а затым і вышэйшую школы міліцыі. У 1974 годзе чарговай прыступкай у яго кар’еры стала пасада начальніка аддзялення крымінальнага вышуку.

— Праца ўчастковага была зусім не лёгкая. Дастаткова сказаць, што з трыццаці тысяч насельніцтва раёна ў зоне майго абслугоўвання знаходзілася 12 тысяч чалавек, — расказвае Макс Мэеравіч. —Але гэты перыяд магу прыгадаць як адзін з самых насычаных і цікавых у сваёй міліцэйскай дзейнасці. Па-першае, участковы пастаянна знаходзіцца ў кантакце з рознымі людзьмі. Дый за некалькі гадоў службы меў нядрэнныя напрацоўкі. У прыватнасці, створаныя мной два грамадскія пункты аховы правапарадку былі лепшыя ў раёне. У справу, як кажуць, уцягнуўся, і сыходзіць на іншую зусім не хацеў.

Аднак у хуткім часе да сябе выклікаў тадышні начальнік УУС аблвыканкама Барыс АЛДАНАЎ і зноў завёў гутарку аб новай пасадзе. Я катэгарычна адмовіўся, на што той адказаў:

— Віншую з прызначэннем, — і паціснуў мне руку.

— Так вось і распачалася мая служба начальнікам аддзялення крымінальнага вышуку, дзе прайшлі наступныя 15 гадоў.

Аддзяленне налічвала ўсяго два супрацоўнікі, і гэта, як лічыць Макс Крол, таксама спрыяла  добрым вынікам, бо нельга было спадзявацца, што нехта за цябе зробіць тваю працу.

Раскрыццё злачынстваў тады магло дасягаць 97 працэнтаў. Кажучы аб тым, што яшчэ, акрамя добрасумленных адносінаў да працы, спрыяла такім высокім паказчыкам, былы праваахоўнік называе сукупнасць усіх рэсурсаў, якія маюцца ў запасе сышчыка: цеснае ўзаемадзеянне са следчымі і ўчастковымі інспектарамі, і канечне, інтуіцыя, праніклівасць, уменне наладжваць кантакты з людзьмі, якія тым ці іншым чынам маглі аказаць дапамогу ў раскрыцці злачынстваў.

Вядома, наколькі праца праваахоўнікаў складаная, настолькі яна можа быць уражвальнай і захапляльнай. Кажучы аб самых яркіх і запамінальных момантах у сваёй службовай дзейнасці, Макс Мэеравіч узгадаў наступныя выпадкі:

— У перыяд, калі працаваў участковым, літаральна “пасыпаліся” крадзяжы з магазінаў. Разам з начальнікам аддзялення крымінальнага вышуку Мікалаем ДЗІГАЛЁВЫМ, які, да слова, быў маім настаўнікам і добрым сябрам, толькі і паспявалі, што выязджаць на выклікі. Злачынствы працягваліся адно за адным, а зачэпак усё не было, пакуль аднойчы вартаўнік не перашкодзіў крадзяжу на лесаўчастку, што ў Восліўцы, запрыкмеціўшы “Масквіч” цагельнага колеру. Зрабілі выбарку такіх аўтамабіляў па ўсёй вобласці. У нашым раёне падобным аказаўся толькі адзін. Прычым, уладальнікам яго быў чалавек, які займаў пасаду начальніка ўчастка ў адным з калгасаў і ўвогуле быў асобай вядомай. Правёўшы яшчэ некалькі аператыўных мерапрыемстваў і знайшоўшы магчымыя ўскосныя доказы, я паклікаў у аддзел гэтага самага падазронага. Дзейнічаць трэба было акуратна, каб не спалохаць. Адпіўшы вады з прапанаванай яму шклянкі, ён пакінуў на ёй свае адбіткі, якія, вядома, супалі са знойдзенымі на скрадзеных рэчах. Адпірацца мужчыну не было як. Ён і яго саўдзельнік панеслі заслужанае пакаранне.

Здараліся і гумарыстычныя выпадкі. Напрыклад, аднойчы ад прадаўца паступіла заява аб крадзяжы з магазіна, што знаходзіўся ў Рагачы. Будынак падзяляўся на дзве часткі – гандлёвая зала і склад. Вядома, каб не знішчыць сляды злачынцы, прадавец нічога не чапала і не заходзіла ў другую частку магазіна. І вось, запісаўшы яе паказанні, уваходзім у склад. А там… паміж скрынямі з прадуктамі моцным п’яным сном спіць злодзей, які, не вытрымаўшы, пачаў распіваць спіртное   прама  на  месцы  злачынства.

Кажучы аб тым, які з перыядаў службы быў самым складаным, Макс Мэеравіч прызнаецца, што на любой пасадзе было аднолькава цяжка, таму што справе, якой займаўся, аддаваў усяго сябе, праводзячы на працы значна больш часу, чым са сваёй сям’ёй.

Цікава было пачуць ад міліцыянера з вялікім вопытам і меркаванне наконт якасцяў чалавека, які кожны дзень прапускае праз сябе лёсы людзей, і якімі прынцыпамі ён сам карыстаўся ў сваёй службовай дзейнасці.

— У першую чаргу праваахоўнік павінен быць сумленным, — не задумваючыся адзначыў Макс Мэеравіч. — Што казаць, міліцэйская спецыфіка такая, што часта ўзнікае шмат спакусаў, але, калі пачаць ім паддавацца, хутка на гэтым і пагарыш. Такіх выпадкаў магу прыгадаць мноства. Яшчэ адзін важны момант – трэба заўсёды заставацца чалавечным і бачыць асобу нават у самым апошнім злачынцы. Нярэдка атрымлівалася да іх  “дастукацца”, знаходзячы ў кожным чалавека.

Усяго службе ў райаддзеле міліцыі Макс Крол прысвяціў 31 год свайго жыцця. Сведчанне добрасумленнай яго працы – шматлікія ведамасныя і ўрадавыя ўзнагароды, сярод якіх Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, тры медалі за выслугу гадоў, “Вэтэран працы”, у гонар 80- і 90-годдзя Беларускай міліцыі і “95 гадоў Магілёўскай міліцыі”, нагрудныя знакі “Выдатнік міліцыі” і “За майстэрства”.

З сумным бляскам у вачах мужчына успамінае, як працаваць даводзілася літаральна дзень і ноч. І нельга не прыгадаць у гэтым артыкуле Іду Рыгораўну Крол — чалавека, якому разам з Максам Мэеравічам давялося пражыць жыццё праваахоўніка і пранесці праз яго асаблівы статус міліцыянеравай жонкі. Пакуль муж і бацька, не ведаўшы выхадных і адпачынкаў, служыў, дома чакала, як ён сам з цеплынёй называе жонку, верная сяброўка і таварыш. Выгадаваўшы траіх сыноў практычна ў адзіноце, яна заўсёды з паразуменнем адносілася да працы мужа. А дзеці для галавы сям’і выраслі, лічы, неўпрыкмет. І толькі чацвёртаму, Расціславу, бацька змог удзяліць больш часу, таму што той нарадзіўся, так бы мовіць, ужо ў адносна вольны перыяд, калі пасля выслугі гадоў Макс Мэеравіч перайшоў працаваць у аператыўна-дзяжурную службу РАУС.

Дарэчы, малодшага Расціслава і старэйшага Аляксандра лёс прывёў на працу і жыццё ў Кіеў і Іерусалім, Аляксей робіць у Магілёве. А вось яшчэ адзін з сыноў, Міхаіл, не па чутках ведаючы аб складанасцях працы вартавых закону, усё ж пайшоў па слядах бацькі. Доўгі час ён служыў у нашым райаддзеле міліцыі спачатку ўчастковым інспектарам, затым старшым оперупаўнаважаным аддзела БЭЗ, а з 2008 года займае пасаду старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах упраўлення БЭЗ. Яго сын, Аляксандр, сёлета заканчвае Магілёўскі юрыдычны інстытут МУС Беларусі. З умешкай і гордасцю Макс Крол узгадвае прыемны момант, калі падчас прыняцця прысягі ўнукам кіраўніцтва ўстановы вылучыла іх сям’ю як узор міліцэйскай дынастыі.

Зараз былы праваахоўнік вядзе звычайны для пенсіянера лад жыцця: чытае кнігі, глядзіць тэлебачанне, цікавіцца цяперашнімі справамі райаддзела і падтрымлівае сувязь з былымі калегамі. Шмат з іх засталіся надзейнымі сябрамі, якія не забываюць свайго настаўніка і таварыша. Сярод тых, аб кім Макс Мэеравіч гаворыць з вялікай павагай і ўдзячнасцю, Віктар ЛАБАНОК, Леанід ІГНАТОВІЧ, Мікалай ВАЛЬКОЎ, Андрэй МІНУТКА, Юрый ГЛІНСКІ, Аляксей ІВАНОЎ, Тамара РАКІЦКАЯ, Марыя ЦІХАНОВІЧ.

Дзеці, якія жывуць бліжэй, часта наведваюцца да сваіх бацькоў. А хоць бы раз на год чацвёра сыноў, нявесткі і 12 унукаў збіраюцца разам, быццам запаўняючы тыя прабелы ў сямейных хвілінках, якія раней забірала пачэсная справа служыцеля закону.

Вольга НАБОКАВА.

Фота з архіва РАУС.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *