Знакавыя тэмы вялікай размовы

Большой разговор с Президентом Президент Беларуси Александр Лукашенко проводит встречу с представителями общественности, белорусских и зарубежных СМИ. Мероприятие проходит в уникальном формате под общим названием "Большой разговор с Президентом". На снимках: 41,42. Александр Лукашенко. Фото Андрея Покумейко, БЕЛТА.

Фото Андрея Покумейко, БЕЛТА.

У мінулы чацвер Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў першую ў гэтым годзе прэсканферэнцыю, якую ў грамадстве чакалі і ўспрынялі з вялікай цікавасцю. Яе новы фармат і эксклюзіўнасць былі закладзеныя ўжо ў самой назве – “Вялікая размова з Прэзідэнтам”.

На сустрэчу з кіраўніком краіны было запрошана каля 50 журналістаў, якія прадстаўлялі найбольш буйныя і ўплывовыя дзяржаўныя і недзяржаўныя беларускія СМІ, папулярныя інтэрнэт-парталы, аўтарытэтныя замежныя масмедыя, а таксама вядомыя парламентарыі, палітолагі, эканамісты, прадстаўнікі партый, канфесій і грамадскіх аб’яднанняў. БелТА прапанавала ўсім задаць свае пытанні Прэзідэнту праз анлайн-сэрвіс на сайце і ў акаўнтах агенцтва ў сацсетках.

Шчырая, рознабаковая і адкрытая, размова доўжылася амаль 8 гадзін. Яе ўдзельнікі не толькі задавалі Прэзідэнту надзённыя пытанні, але і ўступалі з ім у зацікаўлены дыялог, які часам перарастаў у дыскусію. Былі пачутыя і думкі жыхароў краіны. “Вялікая размова з Прэзідэнтам” пачалася менавіта з паказу сюжэта, у якім прагучалі пытанні простых людзей да кіраўніка беларускай дзяржавы і з адказу на якія Аляксандр Лукашэнка пачаў сваю прэс-канферэнцыю. Нагадаем, што яна транслявалася ў прамым эфіры тэлебачання і радыё, у рэжыме анлайн у інтэрнэце, а тэлеверсію паказалі беларускія тэлеканалы.

Чытачы “Зары над Друццю” сёння маюць магчымасць падрабязна пазнаёміцца з найбольш важнымі для ўсіх нас тэмамі, што былі разгледжаны і абмеркаваны на гэтай знакавай і значнай сустрэчы.

Зарплаты і пенсіі: “што заробім – тое і атрымаем”

Адносна зарплат і пенсій кіраўнік дзяржавы сказаў, што яны “могуць быць павялічаны толькі тады, калі ў эканоміцы вырабім больш, якасней і прададзім па больш высокай цане”, гэта значыць, за кошт эфектыўнай работы эканомікі. Таму перш за ўсё трэба клапаціцца аб вытворчасці: «што заробім, тое і атрымаем», а тэмп росту заработнай платы не павінен перавышаць тэмп росту прадукцыйнасці працы. Прэзідэнт заявіў, што патрабаванне аб павышэнні ў Беларусі сярэдняй заработнай платы да $500 у 2017 годзе справядлівае ў адносінах да людзей, якія працуюць, і павінна быць выканана. «Гэта не спантанна названая лічба, – падкрэсліў ён. – Больш таго, мы гэта праходзілі ўжо. І ў снежні мінулага года ў краіне было $412. Засталося зусім няшмат».

«Чаму ў Беларусі многія раз’язджаюць на шыкоўных лімузінах, маюць магчымасць па паўгода адпачываць на нятанных курортах, выводзіць у афшоры грошы, а іншыя павінны перабівацца з вады на хлеб? Вось і ўся сацыяльная справядлівасць, – сказаў кіраўнік дзяржавы. –Алігархі беларускія могуць адпачываць і раз’язджаць на шыкоўных машынах толькі таму, што працуюць людзі. Дык давайце дадзім ім хаця б $500. Вось і ўся эканамічная мадэль. З гэтага я зыходжу. На большым пакуль не настойваю. Але хтосьці, можа, і $600 атрымае, і $1000 – і на здароўе».

Кіраўнік краіны патлумачыў, што “сярэдняя зарплата ў $500 – гэта тое, што дзяржава павінна дапамагчы зарабіць чалавеку, каб ён больш-менш мог жыць у той сацыяльна-эканамічнай сістэме, якую мы стварылі. Усё астатняе (вышэй за $500, – БелТА) – не забараняецца, вітаецца. Мы жывём у рыначнай эканоміцы – хто колькі заробіць».

Аб заробках дзяржслужачых і аптымізацыі

Прэзідэнт Беларусі звязвае магчымае павышэнне зарплаты дзяржаўным служачым са скарачэннем апарату за кошт ліквідацыі лішніх функцый.

«Што датычыцца дзяржструктур, яны ж бедныя ў нас. Дзяржслужачыя ў нас бедныя, і вы з гэтым згодзіцеся. Але я ім сказаў: пакуль не ліквідуеце лішнія функцыі і ў сувязі з гэтым не скароціце апарат – ніякага павышэння зарплаты».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што аптымізацыя дзяржрасходаў у Беларусі праводзіцца пастаянна і пачынаецца з Прэзідэнта: “Так, у Палацы Незалежнасці, дзе праводзяцца важнейшыя мерапрыемствы дзяржаўнага ўзроўню, працуюць усяго тры чалавекі. Я бяру канкрэтны прыклад, каб прадэманстраваць, што скарачэнне дзяржаўных расходаў – гэта праграмнае палажэнне Прэзідэнта Лукашэнкі. Я ведаю, чаго гэта ўсё каштуе», – адзначыў ён.

«Але праўда яшчэ ў тым, што я пастаянна паскараю гэты ход, павялічваю хуткасць», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аб ільготах

Ільгатаваць у Беларусі будуць тое, што дасць заўтра вынік.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што ў пытанні прадастаўлення льгот трэба ўлічваць эфектыўнасць выкарыстання прадастаўленых сродкаў. «Станьце на месца дзяржавы: у вас ёсць нейкія невялікія грошы – каму вы іх дасце? Проста «закапаць у пясок» або вы падумаеце, што прынясе гэта пазыка, якую вы некаму дасце? Гэтак жа і ў дзяржаве», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і дадаў: «Усе льготы і іншае – вы ж разумееце, што гэта ўсё з кішэні нашага народа. Нехта ў бюджэт аддае грошы, а некага мы з бюджэту льгатуем».

З улікам гэтага льготы даюцца ў першую чаргу тым, каго дзяржава абавязана падтрымліваць, – сярод іх ваенныя, шматдзетныя сем’і. Апошнія не павінны скласці рукі і разлічваць толькі на падтрымку Прэзідэнта.

Адносна аб’ёмаў льготнага крэдытавання жыллёвага будаўніцтва Аляксандр Лукашэнка заявіў наступнае: «Ніхто не адмяняў ільготнае жыллё. Проста стала менш грошай. Каб даць грошы на льготны крэдыт, іх трэба недзе ўзяць. І на доўгі час. А гэта грошы прадпрыемстваў і вашы грошы. Ільготнае жыллё было і ёсць, але не ў такім  аб’ёме. Будзем багацейшыя – будзе больш».

У ПРАЦЯГ ТЭМЫ: ААТ «ААБ Беларусбанк» пачало выдаваць ільготныя крэдыты на будаўніцтва жылля пад 11,5 працэнта гадавых. Крэдыты прадастаўляюцца грамадзянам, якія знаходзяцца на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, на будаўніцтва жылых памяшканняў тэрмінам карыстання да 15 гадоў. Працэнтная стаўка па крэдыце ў адпаведнасці з дзеючымі ўмовамі – 11,5 працэнта гадавых (% стаўка, устаноўленая банкам для крэдытаў на нерухомую маёмасць, зменшана на 50 працэнтаў стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка). У першачарговым парадку такія крэдыты будуць прадастаўляцца ветэранам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў.

Аб сацыяльным утрыманстве

Аляксандр Лукашэнка не выключае магчымасці адмены Дэкрэта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

«Гэты дэкрэт працуе гады два-тры. Давайце пажывём. Калі мы з вамі прыйдзем да адной высновы, што гэта анахранізм і ён не патрэбны, мы яго адменім. Не спяшайцеся. Можа, ён яшчэ шмат карыснага прыўнясе ў наша жыццё», – адзначыў Прэзідэнт Беларусі і звярнуў увагу на тое, што дэкрэт у першую чаргу нацэлены на тых, хто нідзе не працуе і не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржрасходаў, аднак жыве не па сродках і карыстаецца ўсімі дабротамі, напрыклад, бясплатнай адукацыяй і медыцынскай дапамогай. «Мы падштурхоўваем іх да таго, каб яны працавалі. І мы ж не прымушаем працаваць, але атрымліваеш паслугу – заплаці», – канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна ў дакумент былі ўнесены змяненні. Цяпер мясцовыя органы ўлады маюць права вызваліць грамадзяніна ад выплаты падатку, калі той патрапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю.

“Навучыце дзяцей жыць!”

На сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў педагогаў у большай ступені арыентаваць школьнае навучанне на працоўнае выхаванне.

«Калі мы заканчвалі школу, мы ведалі, адкуль у лямпачцы святло, маглі хаця б закруціць у патрон лямпачку, маглі разетку адрамантаваць. Мы разумелі ўжо тады, што пальцы нельга сунуць у гэту разетку – заб’е! Нас вучылі гэтаму ў школе. Нам паказвалі, што такое рубанак, фуганак, сякера, стамеска і гэтак далей. Мы элементарныя рэчы ўмелі рабіць. Сёння, прабачце мне, доўбня жэніцца – ён жа не можа не тое, што карову ад казы або ад каня адрозніць, ён жа не можа малаток ад сякеры адрозніць з выгляду, я ўжо не гавару аб тым, каб трымаць гэта ў руках», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

«І ўсе плачуцца ў школе – зарплата малая… Дык навучыце дзяцей жыць!» – адзначыў Прэзідэнт, звяртаючыся да педагогаў.

Прэзідэнт даручыў перагледзець школьныя праграмы і падручнікі для таго, каб аптымізаваць нагрузку на дзяцей.

«Дзеці вельмі загружаны, ім дыхаць няма калі, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – А мы хочам, акрамя школы, каб нашы дзеці займаліся крыху спортам. Для чаго? Не для паказухі, для здароўя, каб яны нармальнымі, здаровымі, прыгожымі раслі. А калі ў каго-небудзь ёсць здольнасці да музыкі, маляваць карціны, спяваць-танцаваць, дзе ўзяць гэты час? Яны і так дзесяць гадзін у школе занятыя ўжо ў сёмым класе».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, шосты дзень у школе прадугледжвае, што дзеці будуць мець магчымасць займацца тым, што ім цікава: «Калі трэба дзесьці факультатыўчык у суботу – паўтары-дзве гадзіны, не больш, не перагружайце дзяцей… Добра, няхай будзе факультатыў».

У той жа час настаўнік павінен больш часу працаваць з вучнямі ў школе, каб на дамашняе заданне ім даводзілася затрачваць нават не дзве гадзіны ў дзень. «А ў нас сёння чатыры, у старшых класах – пяць і яшчэ рэпетытарства», – заўважыў Прэзідэнт і дадаў: «Дзяцей нельга перагружаць, нельга ім даваць тое, што яны не ўспрымаюць і не ўспрымуць, а тым больш тое, што ім не патрэбна».

Пра маладых спецыялістаў

Гаворачы пра маладых спецыялістаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: у свой час было прынята рашэнне, што першае рабочае месца дзяржава гарантуе выпускнікам навучальных устаноў. Аднак многія з іх, не маючы вопыту працы, ірвуцца адразу ў бізнесмены. «Вы хочаце такімі стаць адразу? Гэтак цудаў не бывае! Трэба ісці па спецыяльнасці, ты ж вызначыў для сябе гэту спецыяльнасць – педагога, юрыста, эканаміста (дзяваць іх няма куды сёння), журналіста і гэтак далей. Ідзі і працуй. Табе першае месца па спецыяльнасці дзяржава прадастаўляе. Не рвіся адразу наверх і не думай, што табе адразу ж на наступны год мільёны пасыплюцца ў кішэню», – сказаў Прэзідэнт.

У той жа час кіраўнік дзяржавы папрасіў дакладваць яму аб фактах, калі прадугледжанае заканадаўствам першае рабочае месца па нейкіх прычынах не прадастаўляецца.

Аб нацыянальнай ідэі

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў краіне на працягу доўгага часу спрабавалі сфармуляваць нацыянальную ідэю, прыцягвалі да гэтага розных экспертаў і грамадскіх дзеячаў. «Мы не змаглі яе адміністрацыйным чынам сфармуляваць. Я ўсё больш пераконваюся, што, напэўна, мы не прыйшлі ў сваім развіцці да той кропкі, калі б гэта ідэя ўдарыла ўсіх па розуму і па сэрцы. Я супакоіўся: калі грамадства нічога прапанаваць не можа, я таксама не магу прыдумаць, нават баюся, таму што гэта вельмі адказна. Таму мы жывём як жывём, без гэтай ідэі. Яе няма, а хацелася б», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт перакананы, што выдумаць нацыянальную ідэю немагчыма. «Нас да гэтага павінна падвесці само жыццё, развіццё нашай краіны. Вельмі мала мы, напэўна, пражылі як абсалютна суверэнная, незалежная дзяржава. Нават Расія не можа яе (нацыянальную ідэю, – БелТА) сёння сфармуляваць, – заўважыў Аляксандр Лукашэнка. – Тут трэба быць вельмі дакладнымі і акуратнымі, каб гэта захапіла ўсіх».

Аб БелАЭС і Літве

Пытанне пра будаўніцтва БелАЭС не трэба палітызаваць, лічыць Прэзідэнт.

«Я літоўцам гавару: навошта вы ваюеце супраць нас? Мы ж не крычым, што ў вас небяспечная Ігналінская станцыя, якую вы закрываеце. Не дай Бог што здарыцца, гэта ж горшая станцыя ў свеце! Мы вас разумеем і не крычым», – адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт падкрэсліў, што БелАЭС гатова прыняць на працу літоўскіх спецыялістаў, якія вызваліліся, сюды гатовы прыехаць працаваць. Але галоўнае, што выпрацаваную ў Беларусі электраэнергію гатовы прадаць Літве па нармальных цэнах. «Яны згаджаюцца, а потым на публіцы пачынаюць палітызаваць гэта пытанне. Але палітыку трэба проста адкінуць і забыць. Эканоміка сваю справу зробіць: калі з’явіцца танная электраэнергія, тады мы і дамовімся», – сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларуская атамная электрастанцыя будзе самай таннай, але ў той жа час надзейнай. На асобных вузлах і агрэгатах станцыі ўжо ўдалося аптымізаваць затраты на сотні мільёнаў долараў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што станцыю будуе Расія – ядзерная краіна. І ў яе інтарэсах пабудаваць так, каб прадэманстраваць новае пакаленне атамных станцый – самае бяспечнае. Беларусь жа зацікаўлена ў бяспечнасці гэтай АЭС больш, чым хтосьці: у постчарнобыльскай краіне людзі адносяцца да пытанняў радыяцыйнай бяспекі вельмі сур’ёзна.

Пра нафтагазавую сітуацыю, пагранічную зону

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў адсутнасць прагрэсу ў перагаворах з Расіяй па пастаўках у Беларусь нафты і газу.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ўрады Беларусі і Расіі да гэтага часу працуюць па гэтым напрамку, але дамовіцца пакуль не змаглі.

У нафтагазавай сферы Беларусь і Расія працавалі па формуле роўнадаходных цэн. Калі сусветныя цэны на нафту былі высокія, адпаведна каштаваў і газ. «І Беларусь плаціла гэту цану», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Затым кошт нафты знізіўся, тое ж адбылося і з цаной на прыродны газ. Раней агавораная для Беларусі цана – $132,77 за тыс. куб.м, цяпер па формуле краіна павінна плаціць $83-82. Аднак расійскі бок адмаўляецца прадаваць газ па такой цане, матывуючы гэта тым, што ранейшая цана нібыта і без таго самая нізкая.

Такую пазіцыю Аляксандр Лукашэнка лічыць нелагічнай, паколькі ў бакоў ёсць дамоўленасці, якія трэба выконваць. Беларускі лідар звярнуў увагу, што нафтагазавая спрэчка можа прывесці да эскалацыі па многіх напрамках. Прэзідэнт таксама падрабязна расказаў удзельнікам сустрэчы пра беларуска-расійскія ўзаемаадносіны, спыніўся на існуючых рознагалоссях паміж краінамі і абазначыў магчымыя шляхі іх пераадолення.

«Без расійскай нафты мы абыдземся. Нам будзе вельмі цяжка, –  сказаў кіраўнік дзяржавы. – Але свабода, незалежнасць не ацэньваецца ніякімі грашамі».

Па словах беларускага лідара, у Расіі дзейнічаюць розныя сілы, у тым ліку і ў кіраўніцтве краіны. У выніку, некаторыя рэчы разыходзяцца з меркаваннем і рашэннямі Уладзіміра Пуціна.

З-за няроўнасці цэн на беларускім і расійскім рынках Беларусь страціла  $15 млрд. “Яны прызнаюць гэту лічбу і далі цяпер нам аж $5 млрд крэдытаў. Ну добра, узяць у нас $15 млрд праз цэны, потым нам жа даць нашы грошы (і тое, толькі трэцюю частку) пад працэнт у тры разы больш, чым МВФ. Гэта нармальна?» – заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Адносна ўвядзенне Расіяй пагранічнай зоны на граніцы з Беларуссю Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што гэта чыста палітычны выпад.

«Яны ад каго граніцу закрываюць сёння? Што гэта за пагранічная зона 30 км? Яны што, лепш абараняюць граніцу, чым мы? У тысячу разоў горш. І ў іх ёсць дзе абараняць граніцу”, – сказаў Прэзідэнт і дадаў, што ўстанаўленне пагранічнай зоны расійскі бок апраўдвае ўвядзеннем пяцідзённага бязвізавага ўезду ў Беларусь для грамадзян 80 краін. Аднак пры гэтым не гаворыцца, што такі загад быў падпісаны Федэральнай службай бяспекі Расіі яшчэ ў канцы снежня 2016 года.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на той факт, што ў свой час Беларусь неаднаразова прымала рашэнне не закрываць граніцу з Расіяй, нягледзячы на розныя знешнія фактары.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бязвізавы ўезд у Беларусь ніяк не паўплывае на нацыянальную бяспеку Расіі, паколькі мытны і пагранічны кантролі ў пункце прыбыцця іншаземцаў беларускі бок адмяняць не мае намеру. Да таго ж, Беларусь і Расія карыстаюцца адзіным спісам грамадзян, чыё знаходжанне ў краінах непажадана.

«Мы свята аберагаем агульную прастору. Для нас расіянін ніколі не быў чужым чалавекам і не будзе. Гэтыя бяздумныя нескаардынаваныя крокі, якія толькі пагаршаюць нашы адносіны, рабіць нельга», – лічыць беларускі лідар.

Аб шматвектарнай палітыцы

«У нас няма іншага лёсу, як будаваць нашу знешнюю палітыку як шматвектарную, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Гэта было маё строгае патрабаванне – шматвектарнасць палітыкі, я хутчэй інтуітыўна гэта адчуў».

Разам з тым Прэзідэнт заўважыў, што «ў нас не ўсё атрымалася з гэтай шматвектарнасцю».

«Вы гэта ведаеце, не хачу паўтарацца – ляцелі на адным крыле. Куды прыляцелі – таксама ведаеце. Таму мы, знаходзячыся сёння ў эпіцэнтры (нават не ў цэнтры Еўропы) гэтага еўразійскага кантынента, не маем іншага шляху, як развіваць шматвектарную палітыку, – перакананы Аляксандр Лукашэнка. – На народнай мове гэта традыцыйныя, згодна з нашым менталітэтам, паняцці – мы павінны сябраваць з усімі нашымі суседзямі. Нам ні Расія, ні Украіна, ні Польшча, ні Літва, ні Латвія не чужыя».

«Што датычыцца далей вектараў – у нас адкрытая эканоміка. Што нам рабіць? Калі маглі б нашым суседзям прадаць усё (што вырабляецца ў краіне, – БелТА), каб нармальна жыць (45 працэнтаў або палавіну), тады не трэба ехаць на гэту далёкую дугу, як мяне нядаўна крытыкавалі некаторыя – чаго паехаў у Егіпет, Судан, – прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. – Лабіраваць сваю прадукцыю паехаў, як бы ні сорамна гэта было гаварыць. Іду туды, дзе адкрыты дзверы. Дзякуй Богу, апошнім часам дзверы адкрылі многія, вось туды і едзем. І ні адна паездка Прэзідэнта стратнай не была».

Аб сацыяльна арыентаванай эканоміцы

Прэзідэнт Беларусі лічыць сацыяльна арыентаваную мадэль развіцця эканомікі адзіна прымальнай для нашай краіны.

«Лічу, што мадэль нашага развіцця і наогул славянскіх народаў – сацыяльна арыентаваная эканоміка. Я не прымаю тут, у Беларусі асабліва, іншай мадэлі. Я вельмі ўважліва назіраю за варыянтам Расіі, Украіны і г.д. І малю Бога, каб у нас гэтага не адбылося», –  адзначыў Аляксандр Лукашэнка і падкрэсліў, што любая дзяржава нечага варта, калі яна звернута да людзей: «Калі чалавек ад гэтага нічога не мае, навошта яму гэта дзяржава? Сацыяльна арыентаваная эканоміка – гэта эканоміка для людзей».

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што эканоміка Беларусі цяпер перажывае не лепшыя часы, але дзяржава не перастане дапамагаць людзям. «Я дзейнічаю зыходзячы з той канцэпцыі, якую прапаноўваў на прэзідэнцкіх выбарах, што я буду бачыць кожнага, буду людзям дапамагаць, што мы не адыдзем ад сацыяльна арыентаванай эканомікі. А як? Абяцаў адно, а рабіць іншае буду? Гэта не мая палітыка. Я прыхільнік адкрытай, сумленнай і справядлівай палітыкі. У законе ўсё не прапішаш. А калі не прапісана, рабі справядліва. І я справядлівасць стаўлю вышэй за любы закон», – падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка

Паводле матэрыялаў БелТА падрыхтаваў

Міхась КАРПЕЧАНКА.

МЕРКАВАННІ БЯЛЫНІЧАН

Віктар СУХАРАЎ:

– Уважліва сачыў за “Вялікай размовай з Прэзідэнтам” у прамым тэлеэфіры. Пытанні, узнятыя ў ходзе гэтага мерапрыемства, па-сапраўднаму важныя як для краіны, грамадства ў цэлым, так і для кожнага канкрэтнага чалавека. У чарговы раз быў уражаны адкрытасцю і шчырасцю кіраўніка нашай дзяржавы, яго вычарпальнымі адказамі на пытанні журналістаў, экспертаў, палітыкаў, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў.

Мяне вельмі хвалюе сітуацыя, што склалася, на вялікі жаль, ва ўзаемаадносінах з братняй Расіяй. Пазнаёміўшыся з пазіцыяй па гэтай праблеме нашага Прэзідэнта, з агучанымі ім фактамі, пра многае даведаўся і скарэктаваў сваё асабістае меркаванне.

Людміла ФІЛІПОВІЧ:

– Цалкам згодна з меркаваннем Прэзідэнта Беларусі аб тым, што неабходна перагледзець змест школьных праграм і падручнікаў. Вучні вельмі нагружаныя і загружаныя, вымушаны вывучаць тое, што ніколі не будзе патрэбна ім у далейшым жыцці. Ім усюды трэба паспець: і хатнія заданні выканаць, і ў гуртках ці ў дзіцячых мастацкай альбо спартыўнай школах пазаймацца, і на спорт выкраіць якія гадзіны-паўтары… А як гэта ім зрабіць, не прычыняючы шкоды свайму здароўю?

Святлана СЕЛЬВАНКОВА:

– Прыемна, што кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на маладых спецыялістаў. Ім гарантавана пасля завяршэння вучобы ў навучальнай установе першае працоўнае месца па атрыманай спецыяльнасці, прадастаўляюцца і вызначаныя льготы. Сапраўды, сярод маладых спецыялістаў ёсць і такія, каго літаральна адольваюць беспадстаўныя амбіцыі. На маю думку, усе запыты павінны задавальняцца наймальнікам адпаведна працы, дасягненням, укладу маладога спецыяліста. Канкрэтнай справай дакажы, што ты высокакласны прафесіянал, наватар, актывіст, лідар, а не патрабуй табою яшчэ не заслужанае і не заробленае. У дадзеным выпадку амбіцыі варта прыхаваць і сумленна працаваць, набірацца вопыту. У тым ліку і жыццёвага.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *