Такіх гасцей ніхто не чакае

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 30 студзеня па 5 лютага на грамадзян былі складзены 25 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку 14 – за знаходжанне ў пяным выглядзе ў грамадскіх месцах, 5 – за прычыненне пабояў. Таксама за гэты час супрацоўнікі РАСК узбудзілі 3 крымінальныя справы, а работнікі АДАІ выявілі 118 парушэнняў правіл дарожнага руху. Затрыманы 1 нецвярозы кіроўца.

Пусціце госця. Не паспеў пачацца апошні дзень студзеня, як у аператыўную дзяжурную службу РАУС патэлефанавала вахцёр інтэрната па вуліцы Мічурына і паведаміла, што нехта моцна грукае ў вокны будынка і ломіцца ў дзверы. Міліцыянеры хутка супакоілі нецвярозага госця адміністрацыйным пратаколам.

Табурэтка. 56-гадовая бялынічанка разам з суседам адпачывала за бутэлькай спіртнога. Дакладна невядома, што справакавала мужчыну на такі ўчынак: ён стукнуў даму табурэткай па галаве. Жанчына адправілася на лячэнне ў ЦРБ, а яе палкім кампаньёнам заняліся праваахоўнікі.

Унучачка. Жыхарка Малога Кудзіна скрала ў сваёй бабулі, якая жыве ў аграгарадку Галоўчын, пластыкавую банкаўскую картку. Супрацоўнікі РАСК праводзяць праверку.

Не спі, замерзнеш! 3 лютага а дванаццатай гадзіне дня на 102 паступіла паведамленне, што каля прыватнага дома па вуліцы Ленінская райцэнтра ляжыць мужчына ў стане алкагольнага ап’янення. На бялынічаніна, які адважыўся “задрамаць” прама на вуліцы ў такія маразы, складзены адміністрацыйны пратакол.

Гэта не таксі. У аператыўную дзяжурную службу РАУС патэлефанавала занепакоеная жыхарка Галоўчына і расказала, што літаральна пару хвілін таму да яе ў аўтамабіль, які прыпаркаваны каля магазіна “Ластаўка” ў райцэнтры, сеў незнаёмы мужчына ў стане алкагольнага ап’янення і не збіраецца выходзіць.

Памахалі хлопцы кулакамі. Вечарам у нядзелю ў кафэ “Бабуліна хатка”, што ў Бялынічах, адбылася бойка. Удзельнікі “бітвы” аператыўна затрыманы. Праваахоўнікі праводзяць праверку.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *