Мілкі, Рагулі і Зоркі, або Справы маладога жывёлавода

Сёння практычна ўся моладзь імкнецца жыць у вялікім горадзе, бо там вельмі многа магчымасцей рэалізаваць сябе, шмат месцаў, дзе можна добра адпачыць, весела правесці вольны час.

Аднак жыхара вёскі Заполле Яўгена КАЗАКОВА  гарадскія прысмакі не прывабліваюць. Тым больш, што ў роднай вёсцы Жэня знайшоў для сябе занятак па душы.

Женька

Стаць жывёлаводам юнак асабліва не марыў, проста, кажа, дапамагаў маці на ферме, калі яна даіла кароў, і неяк непрыкметна прывязаўся да гэтай працы. Зараз маці знаходзіцца на заслужаным адпачынку, а ён працягвае, так бы мовіць, сямейную справу.

Самаму маладому жывёлаводу Бялыніччыны ўсяго толькі васямнаццаць. Хлопец атрымаў будаўнічую спецыяльнасць у Магілёўскім ліцэі №9, але працаваць па прафесіі не стаў, вярнуўся дадому і пачаў шчыраваць даглядчыкам дойнага статка на МТК “Заполле” ў ААТ “Новая Друць”.

Зараз штодзень на комплексе надойваюць больш за 3,5 тоны малака. З іх амаль дзве тоны атрымліваюць ад 144-х  Жэневых “падапечных”.

– Мне вельмі падабаецца працаваць з жывёлай, – дзеліцца сакрэтамі сваёй справы юнак. – У дадатак набываю прафесію слесара, буду сачыць за работай механізмаў на комплексе. Але і са сваімі выхаванкамі раставацца не хочацца, таму паспрабую сумяшчаць абавязкі даглядчыка і слесара.

Цёплыя, даверлівыя адносіны склаліся ў Яўгена Казакова з калектывам малочнатаварнага комплексу. Зыходзячы са спецыфікі складанай працы ў жывёлагадоўлі, асаблівых паблажак яму не робяць, наадварот, часцей звяртаюцца да маладога чалавека па дапамогу.

– Яшчэ калі Яўген вучыўся ў школе, кожнае лета працаваў у нас, –  гаворыць тэхнік-асемянатар Вольга СІДАРОВІЧ. – І зараз, акрамя сваіх асноўных працоўных абавязкаў, ён дапамагае мне вакцынаваць цялят і кароў. Летам на комплексе рабілі касметычны рамонт, і Жэня сам выканаў амаль усе малярныя работы.

– Праца ў жывёлаводчай галіне даволі складаная, але пачэсная, – дадае Вольга Віктараўна. – Прыемна, што ёй пачынае цікавіцца моладзь. Летам, напрыклад, да бабуль прыязджаюць унукі, і некаторыя з іх не лайдачаць, а так, як у свой час і Яўген Казакоў, усе канікулы працуюць на нашым комплексе.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *