На перадавой правапарадку

IMG_0924Амаль 27 гадоў гадоў прысвяціў службе ў РАУС цяперашні ветэран органаў унутраных спраў, капітан міліцыі ў адстаўцы Уладзімір СВІРЭЙКА. 21 з іх праслужыў на своеасаблівай перадавой правапарадку – у аператыўна-дзяжурнай службе.

Дзяцінства і юнацтва яго прайшлі ў Вялікай Машчаніцы, дзе Уладзімір Барысавіч              і нарадзіўся ў 1938 годзе. 20-гадовым юнаком ён быў прызваны на службу ў армію і адразу патрапіў у школу авіяцыйных спецыялістаў, што дыслакавалася ў літоўскім горадзе Радвілішкіс. Там праслужыў год, а затым яшчэ  два – малодшым спецыялістам на ваенным аэрадроме ў Чарняхоўску Калінінградскай вобласці.

Праз год пасля дэмабілізацыі атрымаў прапанову служыць у райаддзеле міліцыі. Праваахоўная дзейнасць пачалася на пасадзе радавога міліцыянера.

Баявое хрышчэнне Уладзімір Свірэйка прайшоў менавіта ў гэты перыяд. У памяці засталіся моманты першай сур’ёзнай для яго аперацыі, калі стаяў у ачапленні ў машчаніцкім лесе падчас затрымання бялынічаніна, які забіў у Беразіно прадаўца аднаго з магазінаў.

Пасля заканчэння школы міліцыі быў пераведзены на пасаду памочніка дзяжурнага, дзе служыў наступныя 6 гадоў.

Мабыць, не памылюся, калі скажу, што своеасаблівым іспытам на трываласць, справай, якая загартоўвае, для міліцыянераў з’яўляецца служба ўчастковага інспектара. Амаль усе праваахоўнікі, з кім даводзілася гутарыць, абавязкова праходзілі гэту прыступку. Адны служылі тут кароткі тэрмін, іншыя – працяглы. Але ўсе без выключэння ўзгадваюць гэты перыяд як самы цікавы і запамінальны.

4 гады адслужыў участковым інспектарам РАУС і Уладзімір Свірэйка.

— Час быў неспакойны. Шмат было забойстваў. Нельга не прыгадаць затрыманне злачынцы, які пазбавіў жыцця нашага калегу і таварыша Віктара ЦЕЛЕШАВА. Памятаю, з раніцы, пасля ўсім вядомай бойкі ў раённым Доме культуры, нас паднялі па трывозе: трэба было затрымаць забойцу. Я пільнаваў тэрыторыю непадалёку ад цяперашняга кафэ “Руская тройка”. І вось праз нейкі час ён патрапіў у поле майго зроку. Два разы з табельнай зброі я выстраліў у паветра, падбег да яго і патрабаваў здацца. Узброіўшыся двума нажамі, ён запытаўся, ці жывыя людзі, якіх учора параніў. А іх, дарэчы, было чацвёра. Я сказаў, што ўсё жывыя. Пасля гэтага ён кінуў нажы на зямлю і здаўся.

У гэты час да размовы далучылася і жонка Уладзіміра Барысавіча Ала Мікалаеўна:

— Ведаеце, перыяд, калі муж працаваў участковым, асабіста для мяне быў самы складаны. Не паспее прыйсці дадому — ізноў выклікаюць на службу. Дзяцей выхоўвалі, гаспадарку трымалі — і ўсё даводзілася рабіць практычна самой. Але ў першую чаргу хвалявалася, каб нічога з ім не здарылася.

Пасля Уладзімір Свірэйка быў пераведзены аператыўным дзяжурным у АДС. З гэтай пасады 1 мая 1989 года і пайшоў на заслужаны адпачынак.

— Праца тут, вядома, хоць і больш спакойная, але, тым не менш, таксама адказная, патрабуе пастаяннай увагі, — кажа Уладзімір Барысавіч. — З паведамленнямі аб правапарушэннях і здарэннях людзі звяртаюцца ў першую чаргу сюды. Ад аператыўнасці супрацоўнікаў службы часта залежыць папярэджанне, ці нават раскрыццё злачынства.

Беражліва захоўвае Уладзімір Свірэйка скарбонку сваіх узнагарод: папку, у якую ледзь умяшчаюцца шматлікія ведамасныя падзякі і граматы, а таксама медалі трох ступеняў “За бездакорную службу”, “За шматгадовую добрасумленную працу”, нагрудны знак “Выдатнік міліцыі” і іншыя.

Вольга НАБОКАВА.

Фота з архіва РАУС.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *