Па дарогах Афгана

У баявых дзеяннях, якія праходзілі на тэрыторыі Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан, удзельнічала шмат нашых землякоў. На кожным з воінаў-інтэрнацыяналістаў гэта вайна пакінула свой страшэнны след.

КовалёвПётр КАВАЛЁЎ нарадзіўся ў Слаўгарадзе. Пасля заканчэння сярэдняй школы пайшоў працаваць слесарам на мясцовы свінатаварны комплекс. 14 лістапада 1978 года Пётр Паўлавіч  атрымаў павестку з ваенкамата. Патрапіў на службу спачатку ў г. Іванава, адтуль яго накіравалі ў г. Чэхаў.

У снежні 1979 года маладых воінаў пастроілі на пляцы, дзе яны даведаліся аб тым, што іх далейшая служба будзе праходзіць у Афганістане. Па словах Пятра Паўлавіча, туды ніхто не прымушаў ехаць. Хто не хацеў, мог проста выйсці са строю. Аднак усе засталіся.

– Служыў пад Кабулам, дзе і сустрэў свой дэмбель. Безумоўна, было страшна. Пазіцыі нашых войскаў часта абстрэльвалі. Спачатку спалі ў      адзенні і з аўтаматамі. А потым, калі ўладкаваліся, зрабілі дазорныя вышкі, стала лягчэй. Удзел у баявых аперацыях мы не прымалі, аднак  усё ж выязджалі ў суседнія правінцыі выконваць свае ваенныя абавязкі. Я дакладна ведаю, што з майго сярэдняга і старэйшага прызываў ўсе вярнуліся дадому жывымі, – успамінае Пётр Паўлавіч.

14 лістапада 1980 года Пётр Кавалёў вярнуўся да роднай хаты. Аднак праз некалькі гадоў з-за выбуху на Чарнобыльскай АЭС быў вымушаны з’ехаць з родных мясцін.

Разам з жонкай Лідзіяй Міхайлаўнай шукалі сабе прытулак у Мінскім раёне, аднак, нічога не знайшоўшы, вырашылі паехаць у Бялыніцкі край, дзе і жывуць ужо 35 гадоў. Спачатку Пётр Паўлавіч уладкаваўся на хлебазавод, адпрацаваў там 17 гадоў, а потым перайшоў у ААТ “Бабуліна крынка”, дзе робіць і зараз.

Разам з жонкай выгадавалі дачку Аксану, якая з сям’ёй жыве ў Круглянскім раёне і часта наведвае бацькоў.

Аляксей РАГУЛЁЎ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *