Выпрабаванне вайной

буян2Шмат разоў спрабавалі даведацца ў свайго таты, Мікалая БУЯНАВА, пра яго службу ў Афганістане. Але ён заўсёды адказваў адно і тое ж:

– Адчапіцеся. Вы яшчэ маленькая, нічога не зразумееце.

Тата браў цыгарэту, нервова камячыў яе ў пальцах і з сумным выглядам адыходзіў пакурыць. Мы не разумелі, што гэтыя ўспаміны прыносяць яму вялікі боль.

Кожны год бацьку запрашаюць на сустрэчы са школьнікамі. Але гаворыць ён мала. Аднак нядаўна на чарговую просьбу расказаць пра Афганістан тата прамовіў:

– Сядайце і слухайце. Служыў, як і ўсе. Спачатку трапіў у Мар’іну Горку, потым у горад  Арджанікідзе. Там правёў у вучэбцы тры месяцы, асвоіў навыкі кіравання аўтамабілем, прыняў Прысягу. Усё было звычайна і будзённа. І раптам – Афганістан…

Тут бацька перапыніў размову і задумаўся. А потым прадоўжыў:

– Кожны дзень прыносіў новыя выпрабаванні. Выпрабаванні вайной… Аднойчы калона бензавозаў, адным з якіх кіраваў я, рухалася ў Кабул. Горы, страшэнныя кручы, вузкія дарогі – усё гэта прырода Афганістана. На адным з такіх небяспечных участкаў душманы зрабілі засаду. Пасыпаўся град куль, запалалі бензавозы. Заставаліся лічаныя хвіліны да знішчэння калоны, але ў небе з’явіліся савецкія верталёты, якія абстралялі душманаў, адбілі іх атаку і выратавалі нашы жыцці.

І зноў маўчанне…

– Служыў, як усе, – сціпла кажа тата.

“Як усе…”. Толькі два словы, якія, аднак, нясуць незвычайную сэнсавую нагрузку.

“Як усе” – гэта азначае, што былі і геройства, і страх, і трывожныя моманты, і звычайная будзённасць.

“Як усе” – гэта і смерць баявых таварышаў у яго на вачах, і вяртанне дадому, да звыклага мірнага жыцця.

Толькі цяпер тата прызнаўся, што першыя гады пасля вяртання з Афганістана не мог спакойна спаць. Яму сніліся яго сябры, якія загінулі на той страшэннай вайне.

…Можа, і не трэба было нам настойліва прасіць бацьку, каб распавёў пра вайну, бо да гэтага часу яму немагчыма забыць той боль, які мы ўбачылі ў яго вачах? І ўсё ж такі думаем, што трэба. Важна, каб воіны-інтэрнацыяналісты дзяліліся перажытым імі на вайне ў далёкай краіне. Яны да канца засталіся вернымі свайму абавязку і Прысязе, якую давалі Радзіме.

Аліна і Ангеліна БУЯНАВЫ,

вучаніцы Галоўчынскай СШ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *