“Закрыю вочы, а ў душы звіняць званочкамі цымбалы…”

ЛосеваУ Іспаніі – кастаньеты, у Расіі – балалайка, а які інструмент нагадвае чалавеку пра Беларусь?

Вядома, цымбалы! Гэты музычны інструмент з’яўляецца, як і васілёк, і белы бусел, сімвалам нашай краіны. Цымбалы вядуць сваю гісторыю з далёкага сярэднявечча, але новае жыццё атрымалі ў першай палове ХХ стагоддзя, калі беларускі музыка-віртуоз Іосіф ЖЫНОВІЧ выступіў на ўсесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве і праславіў гэты інструмент на ўвесь свет. Дзякуючы Жыновічу сёння на цымбалах выконваюць і народную, і класічную, і нават эстрадную музыку.

Сапраўды, у цымбалы нельга не закахацца. Іх пералівістыя гукі, як крыштальныя званочкі, абуджаюць у душы асаблівыя пачуцці.

Адметна тое, што гэты музычны інструмент шануюць і на Бялыніччыне. У дзіцячай школе мастацтваў адкрыты класы для навучання юных цымбалістаў і дзеці з задавальненнем іх наведваюць.

Летась малады педагог Таццяна Лосева (на здымку) стала лаўрэатам І ступені VII міжнароднага інтэрнэт-конкурса  INTERNATIONAL MUSIC COMPETITION-2016, а яе вучаніца, цымбалістка Яна КАСТРОВА атрымала дыпломы І ступені ў ІІІ адкрытым конкурсе маладых выканаўцаў “Моя мечта” і І Міжнародным конкусе мастацтваў “Хрустальны васілёк”.

На Бялыніччыну Таццяна Аляксандраўна прыехала некалькі гадоў назад, а родам яна з Кіраўска. З ранняга дзяцінства марыла быць настаўніцай. Клалася спаць і падоўгу ўяўляла, як да яе ў клас будуць прыходзіць дзеці. Калі бацькі аддалі дачку ў музычную школу, то доўга хадзіла па кабінетах і выбірала інструмент, які ёй хацелася б асвоіць.

— Пачула, як граюць цымбалы, і іх прыгожыя гукі вырашылі мой лёс, — усміхаецца Таццяна Лосева. — Жаданне займацца на інструменце не знікала ніколі, нават улічваючы тое, што за час навучання ў музычнай школе ў мяне памянялася некалькі настаўнікаў.

У Магілёўскім музыкальным вучылішчы імя М.А. Рымскага-Корсакава Таццяна патрапіла да выдатнага цымбаліста, заслужанага работніка культуры БССР Валерыя ТУПІЦЫНА, які падтрымаў яе дзіцячае жаданне прысвяціць сваё жыццё педагагічнай дзейнасці, але толькі ў галіне мастацтва. У 2005 годзе Таццяна скончыла Магілёўскі філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і            атрымала дыплом бакалаўра. Таксама яна ўваходзіць у Асацыяцыю беларускіх цымбалістаў, дзякуючы чаму і сама, і яе выхаванцы маюць права ўдзельнічаць у розных прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.

— Галоўная мая задача як педагога – навучыць дзяцей любіць музыку, — адзначае Таццяна Аляксандраўна. — Калі бачу, як у дзяўчат загараюцца вочы і з’яўляецца жаданне навучыцца іграць, то і сама натхняюся ад іх. Стараюся кожны ўрок правесці творча, крэатыўна, каб маім вучаніцам лягчэй было засвоіць матэрыял.

— Цымбалы – сапраўдны брэнд нашай краіны, сімвал нацыянальнай культуры, — дадае настаўніца. — Аналагаў ім няма ў свеце. Я пабачыла шмат падобных інструментаў, размаўляла з музыкантамі розных краін, і ўсе яны маюць аднолькавае меркаванне, што нашы цымбалы — лепшыя.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *