14 лютага ў Бялынічах прайшла 19-я рэгіянальная сустрэча воінаў-“афганцаў”

14 лютага ў Бялынічах прайшла 19-я рэгіянальная сустрэча воінаў-“афганцаў” Бялыніцкага, Магілёўскага, Круглянскага і Шклоўскага раёнаў, прысвечаная 28-й гадавіне вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войск з Афганістана і Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 200 воінаў-“афганцаў”, родныя і блізкія загінулых на той вайне, ганаровыя госці, сярод якіх памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь ЛАЎРАНКОЎ, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Уладзімір КАНАПЛЁЎ, намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй КУНЦЭВІЧ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 Дзмітрый ГОБАРАЎ, генерал-маёр юстыцыі Аляксандр ДРАНІЦА, старшыня назіральнага савета ААТ “Еўрагандаль” Аляксандр ЛІТВІН, удзельнікі баявых дзеянняў у Афганістане генерал-маёр Аляксандр ЯГОРАЎ і палкоўнік Валянцін СІМІРСКІ, прадстаўнікі грамадскасці, моладзь…

1df

Адкрылася насычаная праграма мерапрыемства прыёмам ветэранаў афганскай вайны Бялыніччыны ў райвыканкаме. Шчырымі словамі падзякі і душэўнымі пажаданнямі іх віталі кіраўнік раёна Мікалай КАДАЦЕНКА, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандр АСІПЁНАК і райарганізацыі рэспубліканскага ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Віктар ПАДОЛЬСКІ. Мікалай Кадаценка ўручыў Ганаровую грамату райвыканкама за актыўную работу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі і ў сувязі з Днём памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў Валерыю РАГАЎЦОВУ, а падзячныя лісты – Аляксандру ПЛЕХАВУ і Юрыю ЛЫСКО.

Пачалася рэгіянальная сустрэча мітынгам-рэквіемам каля помніка загінулым землякам, воінам-інтэрнацыяналістам, у Лунным скверы Бялынічаў, на якім да прысутных звярнуліся старшыня райвыканкама Мікалай Кадаценка і кіраўнік абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Уладзімір ВАСІЛЕНКА.

– У гэты дзень мы аддаём даніну памяці і глыбокай павагі ўсім суайчыннікам, якія выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак удалечыні ад Радзімы, – адзначыў Мікалай Кадаценка. – Перад абмежаваным кантынгентам савецкай арміі стаяла задача дапамагчы афганскаму народу, і вы, нягледзячы на цяжкасці, з годнасцю яе выканалі. Час няўмольна аддаляе нас ад тых падзей, аднак памяць аб афганскай вайне па-ранейшаму болем адгукаецца ў сэрцах маці, бацькоў, удоў і дзяцей тых салдат, якія не вярнуліся дадому.

Памяць загінулых была ўшанавана хвілінай маўчання і трохразовым залпам, да помніка ўскладзены жывыя кветкі.

Госці

Кунц

Далей дзейства перамясцілася ў РЦК, дзе прайшло ўрачыстае мерапрыемства. Перад удзельнікамі яго выступілі Уладзімір Канаплёў і Андрэй Кунцэвіч, якія выказалі шчырыя словы падзякі воінам-інтэрнацыяналістам чатырох суседніх раёнаў за мужнасць і вернасць Прысязе, праяўленыя ў час ваенных дзеянняў на афганскай зямлі. Яны з гонарам выканалі свой воінскі абавязак, а вярнуўшыся дадому, далучыліся да мірнага жыцця, добрасумленна працуючы і ствараючы дабрабыт грамадства, выхоўваючы дзяцей. Андрэй Кунцэвіч уручыў ганаровыя граматы аблвыканкама актывістам ветэранскага руху.

Уладзімір Канаплёў зачытаў  ўдзельнікам 19-й рэгіянальнай сустрэчы віншавальную тэлеграму старшыні Усерасійскага ГА ветэранаў “Баявое братэрства”, Героя Савецкага Саюза Барыса ГРОМАВА. Найлепшыя пажаданні і самыя добрыя словы таварышам па зброі таксама выказалі ў відэазвароце ветэраны лакальных войн горада-пабраціма Рыльск Курскай вобласці Расіі.

На працягу сустрэчы шмат разоў адзначалася, што менавіта ветэраны вайны ў Афганістане з’яўляюцца пераемнікамі баявых традыцый удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Многія “афганцы” праводзяць актыўную работу па патрыятычным выхаванні моладзі: удзельнічаюць у разнастайных школьных мерапрыемствах, на ўласным прыкладзе дэманструюць лепшыя якасці сапраўднага мужчыны, патрыёта сваёй краіны. Вядома, што сённяшнія маладыя людзі пастаянна кантактуюць у інтэрнэт-прасторы. Каб не заставацца ў баку, напярэдадні сустрэчы ў сацыяльных сетках была створана група мужнасці “Салдат вайны не выбірае”, якая за кароткі час набрала больш за сто ўдзельнікаў, сярод якіх ёсць як воіны-інтэрнацыяналісты і іх дзеці, так і сябры, проста знаёмыя людзі і землякі, якія не забываюцца на мужнасць “афганцаў” і ганарацца імі. Адзін з удзельнікаў групы, Аляксандр Плехаў, прачытаў са сцэны верш, напісаны ім у памяць аб трагічнай падзеі, гібелі баявых таварышаў у Афганістане, які крануў прысутных да глыбіні душы.

Падтрымліваючы лінію сувязі пакаленняў, падчас урачыстага мерапрыемства дыпломамі райвыканкама былі ўзнагароджаны школьнікі, якія перамаглі ў раённым конкурсе плакатаў, вершаў і сачыненняў “Гімн гонару, мужнасці і славе”, прымеркаваным да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Сімвал рэгіянальнай сустрэчы воінаў-інтэрнацыяналістаў чатырох суседніх раёнаў Мікалай Кадаценка ўрачыста перадаў старшыні Шклоўскага райвыканкама Васілю ВІЦЮНОВУ.

Голас

Канапл

Плехаў

Пугач

Сімвал

Творчыя калектывы раёна падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне “Не можа быць забыцця”, перад прысутнымі выступілі выхаванцы Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча, якія прадэманстравалі навыкі вядзення рукапашнага бою, а фінальным акордам урачыстага мерапрыемства стала канцэртная праграма вядомага ў краіне вакальнага ансамбля “Чысты голас”.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

МЕРКАВАННІ

Віктар ПАДОЛЬСКІ,

старшыня райарганізацыі рэспубліканскага

ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”:

– Заўсёды з хваляваннем чакаю гэты дзень, калі ветэраны-“афганцы” збіраюцца, каб разам успомніць пра тыя далёкія дні, пра таварышаў, побач з якімі прайшлі праз горан вайны, ушанаваць памяць загінулых.

Вельмі прыемна, што на Бялыніччыне не забываюць пра нас, падтрымліваюць. Хочацца выказаць падзяку за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні 19-й рэгіянальнай сустрэчы воінаў-інтэрнацыяналістаў чатырох суседніх раёнаў калектывам і кіраўніцтву лясгаса, ПМК-241, пратэінавага завода, ААТ “Новая Друць” і СВК “Калгас “Радзіма”, БУКП “Жылкамгас”, райспажыўтаварыства, а таксама раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру”.

Сяргей РУТЭНКА,

зорка сусветнага гандбола,

былы капітан гандбольнай зборнай краіны:

– З задавальненнем адгукнуўся на запрашэнне Уладзіміра Канаплёва прыняць удзел у рэгіянальнай сустрэчы воінаў-інтэрнацыяналістаў. Хачу адзначыць, што мерапрыемства арганізавана на высокім узроўні, прайшло вельмі душэўна і эмацыянальна. У час яго было шмат пранікліва-кранальных момантаў, якія не пакінулі абыякавым, а недзе нават расчулілі. Безумоўна, мы ўсе павінны шанаваць памяць загінулых на той вайне, паважаць воінаў-“афганцаў”, якія жывуць побач.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *