Калі імя табе — участковы

гагиев1Можа, нехта палічыць службу ўчастковага інспектара міліцыі малапрыкметнай і нязначнай. Аднак, калі добра ўнікнуць у яе сутнасць, становіцца зразумела: гэтаважнейшае звяно паміж праваахоўнікамі і простымі грамадзянамі. А што казаць пра ўчастковага на вёсцы, і, асабліва, калі ён зяўляецца яшчэ і тваім аднасяльчанінам? Вось каго па праву можна назваць першай мясцовай асобайменавіта да яго людзі ў першую чаргу звяртаюцца са сваімі праблемамі і пытаннямі. Герой чарговага артыкула праекта “Зары над друццю” – Аляксандр Мікалаевіч ГАГІЕЎ.

З 27 гадоў міліцэйскага стажу 19 ён праслужыў участковым інспектарам на тэрыторыі, дзе нарадзіўся і вырас, – у Вялікай Машчаніцы.

Нельга сказаць, што стаць праваахоўнікам было яго марай дзяцінства. Але перад вачыма знаходзіліся прыклады іншых знаёмых міліцыянераў, на каго хацелася раўняцца. Дарэчы, услед за Аляксандрам Гагіевым двое яго малодшых братоў пайшлі служыць у праваахоўныя органы, а цяпер з’яўляюцца ветэранамі міліцыі, прысвяціўшы службе больш за тры дзясяткі гадоў кожны.

Вось і Аляксандр Мікалаевіч пасля арміі на працягу 6 гадоў рабіў спачатку міліцыянерам магілёўскага медвыцвярэзніка, а затым і начальнікам яго. Пасля перавёўся ў РАУС на пасаду старшага інспектара па дазвольнай сістэме. Яшчэ праз некаторы час быў прызначаны ўчастковым інспектарам і цвёрда ўпэўніўся: гэта і ёсць тое поле дзейнасці, дзе ён не толькі будзе прыносіць карысць людзям, але і атрымліваць задавальненне.

— Разбіраючыся нават у самай простай, на першы погляд, справе, шукаў яе карані, унікаў у кожную тонкасць, — кажа Аляксандр Гагіеў. — Усім вядома, што наша праца патрабуе быць і крыху псіхолагам, дарадчыкам, і нават, можа, плячом, у якое чалавеку неабходна паплакацца. Гэтым і кіраваўся.

А пры раскрыцці, напрыклад, злачынстваў, праваахоўніку дапамагала і простая інтуіцыя:

— Памятаю, яшчэ калі працаваў у Магілёве, вяртаўся дадому і спыніўся каля паста ДАІ ў Бялынічах. У гэты час па рацыі перадалі арыенціроўку на злачынцу, які абрабаваў магазін у абласным цэнтры. І падобны на яго чалавек на таксі, паслугамі якіх, дарэчы, на той час карысталіся шмат людзей, паехаў у бок Бялынічаў. Застаўся чакаць разам з супрацоўнікам ДАІ. Спынілі чарговы аўтамабіль. Нягледзячы на тое, што калега выказаў упэўненасць, маўляў, гэта не той злачынца, я настаяў на тым, каб адвезці яго ў райаддзел. Ужо недалёка ад будынка міліцыі той паспрабаваў на хаду выскачыць з машыны, але быў паспяхова затрыманы.

Хапала і выпадкаў, калі ўзнікала пагроза, па меншай меры, здароўю міліцыянера:

— І за металічныя пруты хапаліся злодзеі ад безвыходнасці і страху перад пакараннем, і за нажы, — успамінае Аляксандр Гагіеў. — Аднойчы скандальны галава сям’і, куды я прыбыў на выклік, насустрач мне выйшаў з вядром кіпеню. Як і шмат іншых, скончыўся той выпадак мірнымі перагаворамі. Але, што тут казаць: часам словам атрымлівалася супакоіць такіх “гарачых” таварышаў, а калі-небудзь і сілай.

За гады добрасумленнай службы ў Аляксандра Мікалаевіча назбіраўся значны стос разнастайных грамат і падзячных лістоў. Мае медаль “За бездакорную службу” ІІІ ступені. А ў 2001 годзе ён быў прызнаны лепшым участковым інспектарам Магілёўшчыны.

З пасады намесніка начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі, на якой прайшлі апошнія паўтара года службы, Аляксандр Гагіеў у званні маёра пайшоў на заслужаны адпачынак у 2005 годзе. Справядлівасць, сумленне і ўвага да праблем людзей – вось усё тое, чым можна вымерыць працу праваахоўніка, якога і цяпер не толькі аднавяскоўцы, з якімі часам даводзілася не далікатнічаць, сустракаюць з павагай і пашанай.

Вольга НАБОКАВА.

Фота з сямейнага архіва Аляксандра ГАГІЕВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *