Летась у кожным шостым домаўладанні Бялыніччыны спецыялісты райЦГЭ выявілі парушэнні санітарных нормаў

Днямі карэспандэнт “Зары над Друццю” разам з памочнікам урача-гігіеніста райЦГЭ Надзеяй МАРКАВАЙ накіраваліся ў рэйд, каб праверыць парадак на кантэйнерных пляцоўках. Здавалася, што непрыемныя сюрпрызы чакаюць нас толькі ў сельскай мясцовасці, аднак і сам горад экзамен на чысціню не вытрымаў.

— У 2016 годзе супрацоўнікі цэнтра склалі 61 пратакол на службовых асоб за неналежнае ўтрыманне кантэйнерных пляцовак і выдалі грамадзянам 219 прадпісанняў за парушэнне санітарна-эпідэміялагічных нормаў, — адзначае Надзея Іванаўна.

У пазамінулую пятніцу пры маніторынгу аграгарадкоў Галоўчын, Іскра і Ланькаў істотных парушэнняў супрацоўнікі цэнтра не выявілі. Бытавыя адходы вывезены, кантэйнеры для пластыка і шкла не запоўнены нават і на палову.

— Зімой звяртаем увагу і на тое, расчышчана ад снегу тэрыторыя каля кантэйнераў ці не, — гаворыць Надзея Маркава. – Увогуле, у гэты перыяд пакінутае смецце заносіць снегам і заўважыць яго цяжка. А вось з надыходам вясны шмат “пралесак” з’явіцца.

Непрыемныя ўражанні пакінулі візіты на гарадскія кантэйнерныя пляцоўкі. Месца вакол іх па вуліцы Энгельса, паблізу цэнтральнай аптэкі, камунальнікі прыбралі, аднак на белым снезе бачна, што і жыхары дамоў навялі чысціню. У сваіх кватэрах. А смецце з пыласосаў вывернулі за кантэйнерамі.

мусор1

мусор

Пляцоўка каля новых пяціпавярховых дамоў па вуліцы Мінская таксама далёкая ад ідэала.

— У асноўным, навасёлы забіваюць кантэйнеры рэшткамі будаўнічых адходаў, — дадае Надзея Іванаўна. — А смецце адсюль работнікі БУКП “Жылкамгас” вывозяць 4 разы на тыдзень!

Калі па выніках нашага рэйду складаць антырэйтынг, то безумоўнымі лідарамі яго стануць дзве кантэйнерныя пляцоўкі па вуліцы Калініна, размешчаныя каля дамоў № 4 і 8. Брудныя мяшкі, пад завязку набітыя адходамі, чорнае голле, смецце з пыласосаў і нават куча зямлі з кветкавага гаршчка!

— Людзі хочуць, каб навокал было чыста і прыгожа, але самі не прыкладаюць для гэтага ніякіх намаганняў, — кажа памочнік урача-гігіеніста. — Напэўна, некаторыя яшчэ не ўсвядомілі, што адходы трэба сартаваць.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *