Добры працаўнік і шчаслівы бацька

Яшчэ ў дзяцінстве Ілья КАПЫТКОЎ пачаў цікавіцца тэхнікай. Менавіта гэта захапленне паўплывала на выбар прафесіі: вось ужо шэсць гадоў малады чалавек працуе слесарам па рамонце аўтамабіляў у філіяле Аўтапарк №7 ААТМагілёўаблаўтатранс”.

кап

Вядома, Ілья Капыткоў не прывык быць у цэнтры ўвагі. Днямі ён шчыруе ў майстэрні, старанна рамантуючы аўтамабільныя дэталі. Ад якасці працы руплівага слесара і яго калег наўпрост залежыць дабрабыт прадпрыемства: зламаныя пасажырскія аўтобусы і машыны для грузаперавозак прыбытку не прыносяць.

— З цягам часу тэхніка становіцца больш складанай, — адзначае Ілья. – Цяпер транспартныя сродкі літаральна нашпігаваныя электронікай. Неабходна пастаянна ўдасканальваць свае веды і навыкі, каб і далей быць запатрабаваным спецыялістам.

– Нашы слесары – прафесіяналы. Займаюцца рамонтам любой складанасці, –  далучаецца да размовы дырэктар філіяла Аўтапарк №7 ААТ “Магілёўаблаўтатранс” Сяргей ГАПЕЕЎ. – Ілья, як і ўсе работнікі прадпрыемства, адказна і сумленна робіць сваю справу.

Дарэчы, малады чалавек адзначаўся на трох папярэдніх раённых злётах перадавікоў. І адміністрацыя прадпрыемства неаднаразова заахвочвала перспектыўнага працаўніка.

– Безумоўна, такія ўзнагароды надаюць сіл і падштурхоўваюць да далейшага прафесійнага росту, – прызнаецца слесар.

З асаблівай цеплынёй і пяшчотай Ілья Капыткоў расказвае пра сваю вялікую сям’ю. Ураджэнец Галоўчына, ён разам жонкай Аленай і трыма сынамі жыве ў райцэнтры.

– Станіслаў вучыцца ў восьмым класе, Уладзіслаў – у сёмым, а Іван наведвае дзіцячы садок, – гаворыць шчаслівы бацька. – Пакуль што толькі старэйшы сын праяўляе інтарэс да тэхнікі. Упэўнены, кожны з маіх дзяцей самастойна знойдзе для сябе дастойны занятак.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *