Маразы пацішэлі, а страсці напальваюцца

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 13 па 19 лютага на грамадзян былі складзены 26 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку 16 – за знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах, 6 – за прычыненне пабояў. Таксама за гэты час супрацоўнікі РАСК узбудзілі 3 крымінальныя справы, адна з якіх праходзіць па артыкуле 139 ч.1 (“Забойства”) КК Рэспублікі Беларусь. Работнікі АДАІ выявілі 122 парушэнні правіл дарожнага руху. Затрыманы 1 нецвярозы кіроўца.

Лыжы. Бялынічанін звярнуўся ў райаддзел міліцыі з заявай аб тым, што нехта ўзламаў дзверы падвала ў яго доме і скраў дзве пары лыж з чаравікамі ды ручную мыйку высокага ціску Kаrcher. Узбуджана крымінальная справа.

Сужыцелі. Вішаўчанка паскардзілася праваахоўнікам на свайго сужыцеля, які выражаўся на яе адрас грубай нецэнзурнай лаянкай і нават ударыў. Міліцыянеры астудзілі запал мужчыны адміністрацыйным пратаколам.

Пакупнік. Жыхар райцэнтра ў стане алкагольнага ап’янення вырашыў паскандаліць з гандляркай магазіна райста “Кааператар”. Дакладна невядома, што абурыла пакупніка, аднак за свае прыдзіркі ён атрымаў адміністрацыйны пратакол.

Не збярог. 19 лютага а першай гадзіне ночы ў аператыўную дзяжурную службу РАУС патэлефанаваў мужчына і паведаміў, што невядомы скраў бензапілу “Альпіна” з двара яго домаўладання, якое знаходзіцца на вуліцы Ленінская райцэнтра. Супрацоўнікі РАСК праводзяць праверку.

Навартаваліся. Падчас начнога рэйду супрацоўнікі РАУС высветлілі, што на малочнатаварнай ферме ААТ “Бялынічы” ў Старым Сяле дзяжураць п’яныя вартаўнікі. Па дадзеным факце праводзіцца праверка.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *