У Машчаніцкім сельвыканкаме адбыўся сельскі сход

У Машчаніцкім сельвыканкаме адбыўся сельскі сход, прысвечаны тэмам добраўпарадкавання, аховы здароўя і пажарнай бяспекі. Іх агучылі галоўны ўрач райЦГЭ Алена ДАМАРАЦКАЯ і начальнік РАНС Віталь ВОРАНАЎ.

Алена Ігараўна распавяла прысутным пра сітуацыю з інфекцыйнымі захворваннямі, якіх, дарэчы, не так і многа ў параўнанні з сардэчна-сасудзістымі (больш за 50 % ад агульнага ўліку).

— Вельмі важна пільна сачыць за сваім здароўем і звяртаць увагу на тое, які лад жыцця вядзём, — адзначыла яна. — Хачу таксама сказаць, што значны ўклад у прафілактыку рэспіраторных вострых захворванняў робіць вакцынацыя. Дзякуючы ёй, складаных выпадкаў хваробы не было. Больш за тое, прышчэпкі зараз з’яўляюцца бяспечнымі нават для цяжарных жанчын.

Таксама Алена Дамарацкая пагутарыла з жыхарамі сельсавета накшталт добраўпарадкавання прысядзібных участкаў і вывазу смецця.

У раёне па 10 сакавіка праходзіць месячнік пажарнай бяспекі. Таму даволі актуальным было выступленне начальніка РАНС Віталя Воранава.

— З пачатку бягучага года ў раёне ўжо адбыліся 4 пажары, на адным з якіх загінуў чалавек. І гэта вельмі значны рост у параўнанні з мінулым годам, — адзначыў Віталь Валянцінавіч. — Каб пазбегнуць бяды, неабходна вельмі сур’ёзна аднесціся да пытанняў супрацьпажарнай бяспекі. Прытрымлівайцеся асноўных правілаў, будзьце ўважлівымі і ні ў якім разе не пакідайце дзяцей без нагляду.

Праца аглядальных камісій таксама стала адным з галоўных пытанняў сходу. Іх члены не з’яўляюцца прафесіяналамі ў галіне пажарнай бяспекі, таму спецыялісты РАНС рэгулярна праводзяць з імі вучэбныя заняткі. Старшыня Машчаніцкага сельвыканкама Іна НАПРЭЕНКА агучыла новы склад аглядальнай камісіі. Яе навучанне падчас сходу правёў Віталь Воранаў. Ён  растлумачыў, на што трэба ў першую чаргу звяртаць увагу пры аглядзе домаўладання, а таксама адказаў на зададзеныя яму пытанні.

Аксана ПЛЕСКАНЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *