Адкрыццё выставы Ларысы ЖУРАВОВІЧ “На сваёй зямлі” адбылося ў раённым мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Адкрыццё выставы нашай зямлячкі, члена Саюза мастакоў Беларусі Ларысы ЖУРАВОВІЧНа сваёй зямліадбылося ў раённым мастацкім музеі імя В.К. БялыніцкагаБірулі.

Прадстаўленая экспазіцыя, дарэчы, стала першай у рамках арт-праекта “Аб творчасці, каханні і аб самай звычайнай глыбінцы”. Наведвальнікі могуць пабачыць серыю новых карцін аб працавітых людзях Бялыніцкага краю і іх жыцці, створаную мастачкай за апошнія гады: “Вясна ў Запакуллі”, “Дом у Чыгірах”, “У полі”, нацюрморты “Восеньскі”, “Велікодны”… Але  асноўную частку работ складаюць партрэты з цыкла “Землякі”.

Аўтара выставы і прысутных на адкрыцці яе прывітаў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй ГАНЧУК. Ён, зрэшты, як і іншыя выступоўцы, падкрэсліў значнасць тэмы, што чырвонай ніткай праходзіць праз усю творчасць Ларысы Журавовіч, – жыццё сельскіх людзей і іхні побыт. Менавіта праз усё гэта мастачка перадае, даносіць тое каштоўнае, што патрэбна чалавеку для радасці і кахання: родны дом, бацькі, сябры, а таксама прадметы хатняга ўжытку, што не перастаюць быць натуральнымі і гарманічнымі ў жыцці беларускай глыбінкі.

— Задуманы арт-праект для таго, каб зрабіць маю творчасць бліжэй для тых, аб кім і для каго пішу, — звярнулася да гасцей мерапрыемства Ларыса Журавовіч. — На сённяшняй, як і на наступных выставах, у рамках гэтага арт-праекта будуць прадстаўлены сюжэты, што характарызуюць вясковы побыт землякоў, а таксама жыхароў іншых раёнаў Магілёўшчыны, якія сустракаліся на маім жыццёвым шляху і да каго адношуся з вялікай павагай. Напрыклад, адна з выстаў пройдзе ў г. Круглае, дзе жыхарам будуць прадстаўлены работы аб людзях і маляўнічых пейзажах суседняга раёна.

ж

ж2

ж3

Сярод тых, хто прыехаў павіншаваць мастачку з адкрыццём выставы, быў і старшыня абласной арганізацыі Саюза мастакоў Беларусі Андрэй ВАРАБ’ЁЎ:

— Для нашай арганізацыі Ларыса Журавовіч з’яўляецца вельмі каштоўным мастаком, кветкай, што квітнее адметным колерам, мае сваё бачанне і адчуванне жыцця. Што ж да самога праекта, то, сапраўды, цяжка пераацаніць яго гуманістычнасць, таму што, як кажа і сама мастачка, карціны створаны для людзей. Хочацца спадзявацца, што гэты арт-праект прыцягне ў музеі наведвальнікаў, а мастацтва, якое яшчэ нехта лічыць чужым, зробіць для кожнага прыцягальным і блізкім.

Наведаць выставу жыхары раёна змогуць па 8 сакавіка.

Вольга НАБОКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *