Не блытаць сваё і чужое

На пазачарговай нарадзе раённай камісіі па прафілактыцы і папярэджанні карупцыйных праяў, удзел у якой прынялі намеснік пракурора Магілёўскай вобласці Сяргей ПАРФЁНАЎ, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Юрый ІЛЬЮШЧЫЦ, былі ўсебакова прааналізаваны пытанні барацьбы з гэтай негатыўнай зявай на тэрыторыі раёна за мінулы год, а таксама разгледжаны ход правядзення аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама працэдуры закупак прадуктаў харчавання.

Старшыня раённай камісіі па супрацьдзеянні карупцыі Андрэй ГАНЧУК нагадаў, што летась былі праведзены пяць пасяджэнняў, на якіх падрабязна разглядаліся пытанні дэбіторскай запазычанасці, выпрацоўваліся меры па скарачэнні такіх даўгоў, заслухоўваліся кіраўнікі, што дапусцілі яе, адсочваліся працэсы правядзення дзяржзакупак праз удзел у электронных аўкцыёнах. Унясенне ў парадак дня пазачарговага пасяджэння пытання аб ходзе правядзення аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама працэдуры закупак прадуктаў за бюджэтныя сродкі для забеспячэння харчавання школьнікаў і выхаванцаў дашкольных устаноў старшыня раённай антыкарупцыйнай камісіі патлумачыў як надзвычай важны прафілактычны момант, бо правапарушэнне лепш папярэдзіць, чым потым разбірацца па яго факце.

Намеснік пракурора раёна Дзяніс КАТКАВЕЦ паінфармаваў, што за мінулы год на тэрыторыі раёна зарэгістравана 1 злачынства карупцыйнай накіраванасці, у той час як за папярэдні – 3. Работнікі пракуратуры правялі дзве каардынацыйныя нарады, адну аператыўную, на якіх падрабязна аналізаваліся пытанні барацьбы з карупцыяй. Праведзены таксама 4 праверкі выканання антыкарупцыйнага заканадаўства, па якіх унесены 4 прадстаўленні, выдадзены 4 прадпісанні па выяўленых парушэннях заканадаўства аб захаванні парадку ажыццяўлення закупак і вынесены 4 афіцыйныя папярэджанні. 4 асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, 1 – да адміністрацыйнай і 8 – да матэрыяльнай.

Дакладчык адзначыў таксама, што дзейнасць некаторых камісій па прафілактыцы і папярэджанні карупцыйных праяў, створаных на прадпрыемствах, у арганізацыях раёна, носіць фармальны характар і прапанаваў правесці іх маніторынг.

Начальнік РАУС Сяргей КРАСНОЎ выказаўся за павелічэнне персанальнай адказнасці асоб, якія кантралююць дзейнасць такіх камісій на прадпрыемствах і ў арганізацыях, што будзе садзейнічаць іх эфектыўнай працы. Дакладчык адзначыў, што супрацоўнікі РАУС ажыццяўляюць пастаянны кантроль прадпрыемстваў дзяржаўнай формы ўласнасці, суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, бюджэтных і сельскагаспадарчых, прамысловых і іншых арганізацый па выяўленні фактаў хабару, злоўжывання службовым становішчам іх кіраўнікоў, пасадавых асоб. Усяго за 2017 год у раёне па лініі эканамічнай злачыннасці былі выяўлены 12 (за папярэдні год – 21) злачынстваў, з якіх тры зроблены супраць інтарэсаў службы, пяць аднесены да катэгорыі цяжкіх і 1 карупцыйнае (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі пасадавай асобай).

Паколькі сельская гаспадарка з’яўляецца асабліва прываблівай сферай для аматараў лёгкай нажывы, на пасяджэнні антыкарупцыйнай камісіі звярталася ўвага на неабходнасць рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў па захаванасці жывёлы, мінеральных угнаенняў, хімікатаў, гаруча-змазачных матэрыялаў. Зберагаць і рацыянальна выкарыстоўваць апошнія, як сведчыць практыка, дапамагаюць GPS навігатары. Сродкі на набыццё і ўстаноўку іх нязначныя, а вось эканомія – вялікая. Да слова сказаць, сярод сельгаспрадпрыемстваў такімі прыборамі абсталявана тэхніка СВК “Калгас “Радзіма”, прыступілі да гэтай справы ў ААТ “Новая Друць”.

Правядзенне дзяржаўных закупак праз удзел у электронных аўкцыёнах робіць гэту працэдуру больш празрыстай і дазваляе эканоміць бюджэтныя сродкі. Аднак і ў гэтай сферы яшчэ хапае розных парушэнняў і недапрацовак, папярэдзіць якія дазваляе кантроль.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна МЯКШЫНА паведаміла, што прапановы на набыццё прадуктаў харчавання для школьнікаў і выхаванцаў дашкольных устаноў былі размешчаны на 59 лотах. У выніку правядзення электроннага аўкцыёну вызначыліся 9 пераможцаў.

Падчас абмеркавання гэтай інфармацыі начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Юрый Ільюшчыц засяродзіў увагу на тым, што, закупляючы пэўныя прадукты непасрэдна ў самога вытворцы, існуе верагоднасць таго, што той не зможа забяспечыць дастаўку набытага да месца яго прызначэння. Таму неабходна выстаўляць на аўкцыён паасобку лоты і на закупку прадуктаў, і на паслугу дастаўкі іх. Магчыма і цэнтралізацыя дастаўкі, калі аб’ядноўваюцца некалькі арганізацый, адна з якіх выступае ў якасці пакупніка паслугі.

Таксама гаварылася аб тым, што неабходна больш глыбока аналізаваць прапановы рынку, дакладна разумець усё тое, што на ім адбываецца. У тым ліку вывучаць сітуацыю па магчымасці выкарыстання рознага спектра скідак.

Выснова тут адна: трэба бюджэтную капейку лічыць як сваю.

Намеснік пракурора Магілёўскай вобласці Сяргей Парфёнаў праінфармаваў прысутных на пасяджэнні, што за 2016 год на Магілёўшчыне зарэгістравана 421 злачынства (за 2015 год – 292) карупцыйнай накіраванасці. Па асноўных відах эканамічнай дзейнасці найбольшая іх колькасць выяўлена ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, ахове здароўя, адукацыі, гандлі, будаўніцтве. У гэты пералік цягам мінулага года дадаліся ЖКГ, транспарт. Рэгіструюцца і карупцыйныя правапарушэнні, наступствамі якіх становяцца ўтварэнні пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці.

Па выніках праведзеных на Магілёўшчыне праверак выканання патрабаванняў антыкарупцыйнага заканадаўства летась пракуроры ўзбудзілі 31 крымінальную справу, унеслі 455 актаў пракурорскага нагляду, па выніках іх разгляду да дысцыплінарнай адказнасці былі прыцягнуты 304 асобы, з якіх 19 вызвалены ад займаемых пасад, панеслі адміністрацыйныя і матэрыяльныя пакаранні адпаведна 77 і 71 чалавек.

Таксама Сяргей Міхайлавіч парэкамендаваў строга захоўваць дзеючае заканадаўства ў сферы дзяржаўных закупак і адзначыў, што ў Магілёўскай вобласці пачасцілася выяўленне фактаў скрыцця няшчасных выпадкаў на вытворчасці. За гэта ўжо ўзбуджаны пяць крымінальных спраў у адносінах да кіраўнікоў.

Карупцыя ёсць у любой краіне. Цалкам пазбавіцца яе наўрад ці магчыма, бо вызначальную ролю тут адыгрывае славуты чалавечы фактар. Аднак метады выяўлення такіх злачынстваў пастаянна ўдасканальваюцца, і рана ці позна яны ўсё ж такі выяўляюцца, а вінаватыя прыцягваюцца да адказнасці.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *