Па добрай сямейнай традыцыі

DSC_0011Шляхам бацькоў пайшлі дзеці міліцэйскай дынастыі ІГНАТОВІЧАЎ.

Галава яе – бялынічанін Леанід Дзмітрыевіч Ігнатовіч. У 1973 годзе ён скончыў мясцовую школу, год адпрацаваў слесарам і вадзіцелем у тадышнім аўтакамбінаце №3, затым праходзіў армейскую службу ў Маскве.

Дадому з войска малады хлопец вяртаўся з упэўненасцю, што зноў пойдзе рабіць на ранейшае месца працы. Але лёс распарадзіўся інакш. Вакансія шафёра была і ў райаддзеле міліцыі, куды ён у хуткім часе і ўладкаваўся. Тут сустрэў будучую жонку, Марыю Іванаўну, якая працавала ў пашпартным стале.

Цягам наступных 26 гадоў Леанід Ігнатовіч служыў дзяжурным, старшым дзяжурным АДС, участковым і інспектарам дазнання. Але самы працяглы тэрмін прысвяціў следчай службе на пасадах следчага, старшага следчага і намесніка начальніка аддзела.

Дарэчы, стаж працы Марыі Ігнатовіч у пашпартным стале складае амаль 38 гадоў.

Перабіраючы шматлікія фотаздымкі, якія захавалі ўспаміны аб таварышах і розных падзеях міліцэйскай кар’еры, Леанід Дзмітрыевіч узгадвае, што ўяўляла сабой служба праваахоўніка некалькі дзясяткаў гадоў таму:

— Кожная з маіх пасад была па-свойму карыснай для майго прафесійнага станаўлення, і па-свойму цікавай. Асаблівасцю тых часоў можна назваць адсутнасць такіх элементарных умоў працы, як, напрыклад, дастатковая колькасць тэхнікі. Але гэта, з іншага боку, не давала ніводнаму з міліцыянераў, так бы мовіць, расслабіцца, дысцыплінавала нас, спрыяла ўзаемадапамозе. Добра памятаю, калі ноччу ў АДС паступаў сігнал аб нейкім нязначным здарэнні, то дзяжурны не чакаў раніцы, каб накіраваць участковага, а, пакуль два яго памочнікі неслі службу, пешшу ці на веласіпедзе адпраўляўся на месца выкліку сам.

Успамінаў са службовай дзейнасці ў былога праваахоўніка на цэлую кніжку набярэцца – і незвычайных, і гумарыстычных, і трагічных выпадкаў хапала. Але, разбіраючыся ў кожным з іх, дапытваючы сведкаў ці злачынцаў, заўсёды кіраваўся прынцыпамі, якіх павінен прытрымлівацца кожны міліцыянер, – справядлівасць, прынцыповасць, сумленнасць.

— Трэба сказаць, што зрабіць няправільны крок, толькі павярхоўна разабраўшыся ў справе ў пагоні за захаваннем тэрмінаў яе раскрыцця, у следчага магчымасцей маецца, як кажуць, вагон і каляска. Таму так важна было яшчэ і рэальна ўсведамляць сваю адказнасць за магчымую памылку, а значыць, і лёс канкрэтнага чалавека, — кажа Леанід Ігнатовіч.

У 2003 годзе ў званні маёра ён пайшоў на заслужаны адпачынак. Але сувязь з міліцыяй не перапыніў. Зараз ён вядзе актыўную дзейнасць у ветэранскай арганізацыі ў якасці казначэя.

За гады сумленнай службы ўзнагароджаны медалямі трох ступеняў “За бездакорную службу”, юбілейнымі ў гонар 90-годдзя Бялыніцкай і 95-годдзя Магілёўскай міліцыі, нагруднымі знакамі “Выдатнік міліцыі” і “За адзнаку”.

Не дзіўна, а нават і лагічна, калі дзеці, якія ў пэўнай ступені жывуць справамі сваіх бацькоў, выбіраюць шлях маці ці таты.

Вось і дзеці Ігнатовічаў сталі прадаўжальнікамі сямейнай дынастыі.

20 гадоў складае міліцэйскі стаж іх сына Дзмітрыя, які пачынаў праваахоўную дзейнасць на пасадзе ўчастковага інспектара, а зараз узначальвае штаб РАУС.

Павагай у райаддзеле карыстаецца і дачка Ігнатовічаў Вольга ШАЎЧОНАК, якая з 2013 года працуе старшым інспектарам групы па грамадзянству і міграцыі, ці, іншымі словамі, працягвае справу маці. За параўнальна нядоўгую міліцэйскую кар’еру мае пэўныя дасягненні: па выніках працы за 2015 год яна была прызнана лепшым маладым супрацоўнікам сярод падраздзяленняў па грамадзянству і міграцыі Магілёўшчыны. А бацькам уручаны Падзячны ліст кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў за добрае выхаванне дачкі.

— За дзяцей нам не сорамна, — у адзін голас кажуць Марыя Іванаўна і Леанід Дзмітрыевіч. А ці не гэта можна лічыць галоўным дасягненнем у жыцці кожнага чалавека?

Вольга НАБОКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *