У прэс-цэнтры рэдакцыі газеты “Зара над Друццю” прайшла прэс-канферэнцыя на тэму рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3

У прэсцэнтры рэдакцыі газетыЗара над Друццюпрайшла прэсканферэнцыя з удзелам начальніка райінспекцыі МПіЗ Марыі ВАДАДОХАВАЙ і начальніка аддзела кантролю падаткаабкладання субектаў гаспадарання і фізічных асоб Антона ШЧУРАКОВА. Тэмай размовы стала работа, якая праводзіцца па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 ад 02.04.2015г. “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. У час прэсканферэнцыі ўсе жадаючыя жыхары Бялыніччыны маглі звярнуцца на прамую тэлефонную лінію і задаць свае пытанні ўдзельнікам яе.

М.В.: – Перш за ўсё трэба адзначыць, што супрацоўнікі падатковай службы правялі вялікую работу па фарміраванні інфармацыйнай базы асоб, якія з’яўляюцца плацельшчыкамі збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў за 2015 год. На 1 кастрычніка 2016 года ў пералік, складзены на падставе дадзеных, прадастаўленых рознымі органамі дзяржаўнага кіравання, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, уваходзілі 2843 патэнцыяльныя плацельшчыкі.

Далей неабходна было выключыць са спісу тых грамадзян, якія не падпадаюць пад дзеянне Дэкрэта або маюць льготы па ўплаце збору. Для ўдакладнення прадастаўленай інфармацыі былі накіраваны адпаведныя запыты ў сельвыканкамы, ЗАГС, РАУС, землеўпарадкавальную службу і іншыя інстанцыі.

Была праведзена работа з падатковымі агентамі (юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі) для ўстанаўлення асоб, якія працавалі па грамадзянска-прававых дагаворах, каб прыняць у залік сумы выплаты збору падаходны падатак, выплачаны імі. Калі за год сума ўзнагароджання па такіх дагаворах склала не менш за 70 БВ (12,6 млн недэнамінаваных рублёў), плаціць збор не трэба.

А. ШЧ.: – Акрамя таго, падатковая служба атрымлівае інфармацыю, з дапамогай якой можна ўстанавіць грамадзян, што ў 2015 годзе перасеклі мяжу і адсутнічалі на тэрыторыі краіны больш за 183 каляндарныя дні за год. Яны таксама выключаюцца са спісу плацельшчыкаў збору.

У выніку праведзенай работы спіс скараціўся больш чым на палову і склаў 1271 чалавек. На сённяшні дзень 87 грамадзян заплацілі збор на фінансаванне дзяржвыдаткаў на агульную суму 21,8 тыс. рублёў.

– Некалькі жыхароў раёна ў час звароту на прамую тэлефонную лінію задалі пытанне, якое мае абагульняючы характар: чаму грамадзянін, які нідзе не працуе, павінен плаціць збор?

М.В.: – Кожны грамадзянін краіны карыстаецца сацыяльнымі паслугамі, якія фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту: гэта адукацыя, медыцына, транспарт і шмат іншага. Сродкі на іх фінансаванне выдаткоўваюцца, па вялікім рахунку, за кошт падаткаў працуючых грамадзян.

Таму і астатнія людзі працоўнага ўзросту, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдаткаў, але пры гэтым атрымліваюць многія сацыяльныя даброты, абавязаны плаціць збор. Кожны жыхар краіны павінен рабіць свой уклад у агульны дабрабыт яе жыхароў.

Збор будзе залічвацца ў мясцовыя бюджэты базавага ўзроўню, што дазволіць павялічыць рэсурсныя магчымасці гэтых органаў улады і накіраваць дадатковыя сродкі на вырашэнне актуальных задач.

– Калі чалавек нідзе не працуе, але жыве за кошт таго, што прадае лішкі прадукцыі са сваёй падсобнай гаспадаркі, ці трэба яму плаціць збор?

А. ШЧ.: – Калі такі грамадзянін зарэгістраваны ў населеным пункце і вядзе асабістую падсобную гаспадарку на зямельным участку, прадастаўленым яму ці членам яго сям’і для гэтых мэтаў, што пацвярджаецца даведкай з рай- або сельвыканкама, у такім выпадку збор не плаціцца.

– У красавіку 2015 года звольніўся з працы, пачаў займацца рамеснай дзейнасцю і заплаціў збор за ажыццяўленне яе ў памеры адной базавай велічыні. Чаму мне прыйшло паведамленне на выплату збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў? (бялынічанін Віктар К.)

А. ШЧ.: – Падпунктам 5.8 пункта 5 Дэкрэта №3 ўстаноўлена, што грамадзянін прызнаецца ўдзельнікам у фінансаванні дзяржаўных расходаў у перыяд ажыццяўлення рамеснай дзейнасці, але пры ўмове выплаты збору за яе ажыццяўленне за поўны каляндарны год у тэрмін, устаноўлены заканадаўствам для выплаты гэтага збору за кожны наступны каляндарны год. Гэта значыць, ад выплаты збору могуць быць вызваленыя толькі асобы, якія ажыццяўлялі ў 2015 годзе рамесную дзейнасць і выплацілі збор за яе ажыццяўленне ў 2015 годзе не пазней за 1 студзеня 2015 года.

Такім чынам, вы прызнаецеся плацельшчыкам збору на фінанасаванне дзяржвыдаткаў.

– Ці будуць уключацца неплацельшчыкі збору ў спісы невыязных?

А.ШЧ.: – Такі механізм прадугледжаны арт. 7 Закона “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь”. Абмежаванні ў праве выезду за мяжу гэтай катэгорыі асоб будуць ажыццяўляцца на падставе рашэнняў суда.

– Якія яшчэ санкцыі прадугледжаны за ўхіленне ад выплаты збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў?

М.В.: – Пры нявыплаце або няпоўнай выплаце збору прадугледжваецца адказнасць у выглядзе штрафу ад 2 да 4 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт, на працягу якога грамадзяне будуць прыцягвацца да грамадскіх работ.

У адпаведнасці з пунктам 11 Дэкрэта, грамадзянін, які атрымаў паведамленне аб выплаце збору, мае права на працягу трыццаці каляндарных дзён з дня яго атрымання прадставіць у падатковы орган дакументы або тлумачэнні, якія сведчаць аб адсутнасці абавязку па выплаце збору за адпаведны падатковы перыяд, або аб няправільным вылічэнні падатковым органам сумы збору.

Таму заклікаем асоб, якія ў 2015 годзе не прымалі ўдзел у фінансаванні дзяржвыдаткаў і атрымалі адпаведныя паведамленні, але маюць прадугледжаныя заканадаўствам ільготы па выплаце збору, звярнуцца ў падатковую інспекцыю для разгляду вашай канкрэтнай сітуацыі.

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па адрасе: г. Бялынічы, вуліца Ленінская, 53, тэл. 51-075, 51-170.

Падрыхтаваў

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *