Калі жыццёвая сітуацыя цяжкая, людзям ідуць насустрач

Да 20 лютага 2017 года грамадзяне, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў за 2015 год, у адпаведнасці з Дэкрэтам № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, павінны былі выплаціць гэты збор.

Нагадаем, што фізічная асоба, якая атрымала паведамленне на выплату збору, мае права прадставіць у падатковы орган дакументы і (або) тлумачэнні, якія сведчаць аб адсутнасці ў яе абавязку па выплаце збору. Гэтыя даныя разглядаюцца на працягу 30 дзён і выносіцца рашэнне, якое або пацвярджае раней уручанае паведамленне, або ўносіць змяненні ў суму збору, або паведамленне поўнасцю анулюецца. Акрамя таго, за мясцовымі Саветамі дэпутатаў альбо па іх даручэнні за мясцовымі выканаўчымі ці распарадчымі органамі замацавана права вызваляць грамадзян ад выплаты збору ў сувязі са знаходжаннем іх у цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Менавіта таму з улікам колькасці зваротаў грамадзян па пытаннях рэалізацыі норм Дэкрэта № 3 і было прынята рашэнне аб правядзенні выязных прыёмаў кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, памочнікамі Прэзідэнта – галоўнымі інспектарамі ў рэгіёнах, а таксама прадстаўнікамі органаў улады абласнога і раённага ўзроўняў.

Напрыканцы мінулага тыдня адзін з такіх прыёмаў грамадзян правяла намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай камісіі па разглядзе пытанняў прадастаўлення льгот юрыдычным і фізічным асобам Алена КОТАСАВА, на якім прысутнічаў і карэспандэнт “Зары над Друццю”.

Цягам адведзеных на прыём трох гадзін па пытанні вызвалення ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў у сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй звярнуліся двое чалавек. Напрыклад, пенсіянерка з Бялынічаў хадайнічала за сына, якому за 2015 год неабходна выплаціць на фінансаванне дзяржаўных расходаў 20 базавых велічынь, ці 360 рублёў. Той, выхоўваючы з жонкай двух дзяцей, толькі нядаўна ўладкаваўся на працу, хоць мае прафесію. У стосе дакументаў, што прынесла маці, знаходзіцца і даведка аб знаходжанні мужчына пэўны час на лячэнні ў райбальніцы.

Алена Міхайлаўна патлумачыла наведвальніцы, што адпаведная камісія разгледзіць заяву яе сына. Хоць з прадастаўленых дакументаў бачна, што яму трэба выплаціць збор на фінансаванне дзяржрасходаў за 2015 год, бо ў свой час ён мог бы ўладкавацца на працу альбо зарэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і аказваў бы насельніцтву паслугі па сваёй спецыяльнасці. Наведвальніца настойвала на тым, што сын насамрэч тады знаходзіўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Але ж гэта выснова павінна пацвярджацца дакументамі. У тым ліку і адносна знаходжання мужчыны на лячэнні. Таму камісія зробіць адпаведны запыт у лячэбную ўстанову.

Алена Котасава патлумачыла, што цяжкая жыццёвая сітуацыя разумеецца як аб’ектыўная акалічнасць ці сукупнасць іх, што не залежыць ад грамадзяніна, і якую ён не можа пераадолець наяўнымі магчымасцямі. Для прыкладу, чалавек у пачатку года працаваў і меў пастаянны даход, потым пакінуў работу, бо яму трэба было даглядаць хворае дзіця.

Да цяжкай жыццёвай сітуацыі можа адносіцца і знаходжанне ў бальніцы, рэабілітацыя і іншыя абставіны – такія, як, скажам, прычыненне шкоды маёмасці ў выніку прыроднай стыхіі, пажару, надзвычайныя сітуацыі. І ў такіх выпадках грамадзянін можа звярнуцца па атрыманне вызвалення альбо льготы на выплату збору. Пры прыняцці рашэння абавязкова ўлічваюцца матэрыяльна-бытавыя ўмовы, у якіх пражывае чалавек, стан яго здароўя, наяўнасць утрыманцаў, іншыя    аб’ектыўныя абставіны, а кожны выпадак звароту разглядаецца выключна індывідуальна.

Другая наведвальніца цікавілася пералікам дакументаў, якія павінен прадставіць яе сын, каб не выплачваць збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў. Намеснік старшыні райвыканкама давяла ёй падрабязны пералік неабходных дакументаў, адзначыўшы, што грамадзяне, якія абавязаны выплаціць збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў за 2015 год і знаходзіліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, маюць права звярнуцца ў райвыканкам па атрыманне адпаведнай ільготы і пасля 20 лютага 2017 года.

— Людзям, якія сапраўды апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, заўсёды ідзем насустрач, – сказала Алена Котасава. – Аднак яшчэ застаецца і катэгорыя грамадзян, якія проста не хочуць працаваць. Ёсць і тыя, хто працуе, так бы мовіць, нелегальна ці атрымлівае зарплату ў “канверце”. Але Дэкрэт № 3 зусім не нацэлены на тое, каб прымусіць іх працаваць. Сутнасць яго палягае ў тым, што ўсе грамадзяне Беларусі павінны ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў. Як вядома, унутраную дзяржаўную палітыку нашай краіны вызначае сацыяльна арыентаваны характар. У Беларусі значныя фінансавыя затраты з бюджэту прыпадаюць менавіта на сацыяльную сферу, адукацыю, ахову здароўя. А гэта акурат тыя даброты, якімі карыстаюцца практычна ўсе жыхары. Таму яны і павінны ўдзельнічаць у фінансаванні гэтых расходаў. Іншымі словамі, дзяржава прадастаўляе кожнаму сацыяльныя гарантыі, але частку сацыяльнай адказнасці людзям трэба браць на сябе, у тым ліку і шляхам сумленнай выплаты збору і падаткаў.

ДАРЭЧЫ, на інтэрнэт-сайце газеты “Зара над Друццю” www.zara.by размешчаны “Даведнік па Дэкрэце № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, у якім прадстаўлена падрабязная інфармацыя аб памеры збору на фінансаванне дзяржрасходаў, падатковым перыядзе, парадку вызвалення ад выплаты збору, адказнасці за яго поўную ці няпоўную нявыплату. Таксама ўтрымліваецца паведамленне аб тым, куды залічваюцца сумы збору і на што яны расходуюцца.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *