Цаной нядбайнасці можа стаць жыццё

Карэспандэнт раёнкі далучылася да пажарнапрафілактычнага рэйду супрацоўнікаў РАНС і раённай інспекцыі энерганагляду па домаўладаннях жыхароў Ланькаўскага сельсавета, у якіх пражываюць адзінокія інваліды.

— Гэтыя грамадзяне знаходзяцца ў групе рызыкі, — адзначае старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Юрый МАРОЗАЎ. – У большасці выпадкаў за імі ёсць каму прыглядзець. Бывае і так, што яны пражываюць разам са сваякамі ў адной хаце. Аднак пытанне пажарнай бяспекі ўсё роўна застаецца адкрытым: ніхто з іх асабліва не задумваецца, што калі раптам здарыцца бяда, сваяк-інвалід, застаўшыся адзін дома, не будзе здольны выратаваць сваё жыццё. У яго для гэтага проста можа не быць фізічнай магчымасці.

Па першым жа адрасе з нашага спіса ў вёсцы Малінаўка бачым падобную сітуацыю. У хаце, акрамя інваліда 2 групы, таксама жывуць яго маці-пенсіянерка і сястра. Сустракае нас і брат, які, па яго словах, зараз толькі ў гасцях, а сам ён з’яўляецца жыхаром Магілёва.

Юрый Марозаў указвае на недахопы, якія адразу кідаюцца ў вочы. Па-першае, аўтаномны пажарны апавяшчальнік перыядычна выдае пранізлівы гук – трэба памяняць батарэйку. Што ж да пячнога ацяплення, і тут назіраецца шэраг парушэнняў: памеры прытопачнага ліста меншыя за патрэбныя 50х70 см, на самой печы складзіруюцца дровы і адзенне.

— Ужо раней заходзіў да вас з праверкай, — гаворыць гаспадарам дома інспектар нагляду і прафілактыкі РАНС. — Бачу, што і коміны не абклалі цэглай, як было прадпісана. Зараз абмяжуемся толькі прафілактычнай гутаркай. Аднак, калі сітуацыя не будзе выпраўлена, абавязкова ўзнікне пытанне аб прыцягненні ўладальніка жылля да адміністрацыйнай адказнасці.

Інспектар энерганагляду Мікалай ЛЕСНІК таксама зрабіў гаспадарам заўвагу наконт электраправодкі. Яна абклеена шпалерамі, а гэта з’яўляецца парушэннем правілаў пажарнай бяспекі.

жучок1

устр

У вёсцы Выйлаў патрэбную нам гаспадыню дома не знайшлі. Сусед патлумачыў, дзе можна адшукаць жанчыну. Яе самастойна даглядае старэйшая сястра, пенсіянерка Марыя ЦЕРАШКОВА. Вырашаць бытавыя пытанні ім дапамагае сын Марыі Рыгораўны, які жыве ў райцэнтры.

Інспектар РАНС пры аглядзе печы звяртае ўвагу жанчыны на няспраўную запорную прыладу і прытопачны ліст нестандартных памераў. А Мікалай Леснік указвае на неабходнасць устаноўкі каробак на месцах злучэння правадоў. У электралічыльніку спецыялісты ўвогуле знайшлі некалібраваную ўстаўку, гэтак званы “жучок”, з-за якога верагоднасць кароткага замыкання і пажару толькі ўзрастае. Акрамя таго, у хаце не ўсталяваны ні адзін аўтаномны пажарны апавяшчальнік.

— Гэта ў мяне столькі недахопаў?! – здзіўляецца Марыя Церашкова. – Скажу сыну, каб абавязкова ўсё зрабіў. Апавяшчальнік мне не патрэбны, пішчаць яшчэ будзе. Без яго жылі і нічога не здаралася.

Нават тлумачэнні Юрыя Марозава аб тым, што АПІ можа выратаваць жыццё, жанчыну не пераканалі.

Па апошнім адрасе з нашага спіса ў аграгарадку Іскра папярэднія заўвагі інспектараў былі выпраўлены: электрычную праводку вынялі з-пад шпалераў, комін абкладзены цэглай, аўтаномны пажарны апавяшчальнік і электралічыльнік спраўна працуюць.

Тэкст і фота

Аксаны ПЛЕСКАНЁВАЙ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *