Галоўчынская сельская бібліятэка-філіял №12 прызнана пераможцай штогадовага спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па захаванні і развіцці культуры Магілёўскай вобласці за 2016 год

Галоўчынская сельская бібліятэкафіліял №12 прызнана пераможцай штогадовага спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па захаванні і развіцці культуры Магілёўскай вобласці за 2016 год. Яе калектыў узнагароджаны Дыпломам І ступені Магілёўскага аблвыканкама.

библГаліна ДРАЧЫКАВА і Іна ТРАЦЦЯКОВА з’яўляюцца сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы і працуюць разам у зладжаным тандэме амаль дваццаць гадоў.

Прэзентацыя, прадстаўленая імі на конкурс, распрацавана на мясцовым матэрыяле і ўяўляе сабой пяць метадычных рэкамендацый. Дзве з іх прысвечаны знакамітым землякам – ураджэнцу вёскі Васількі, урачу і пісьменніку Аляксандру Мельнікаву і выбітнаму вучонаму ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі Міхаілу Севярнёву. У метадычках змешчаны іх біяграфіі, пералік творчых і навуковых прац, а таксама сцэнарыі святочных мерапрыемстваў, якія можна прымеркаваць да памятных дат і правесці ва ўстановах адукацыі.

Яшчэ дзве распрацоўкі прысвечаны гісторыі аграгарадка Галоўчын і навакольным вёскам, якія ўваходзяць у зону абслугоўвання бібліятэкі. Яны ўтрымліваюць звесткі па гісторыі населеных пунктаў, аповеды пра вядомых жыхароў.

Значную ўвагу Іна Траццякова і Галіна Драчыкава надаюць захаванню памяці пра подзвіг савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны зрабілі картатэку помнікаў і месцаў воінскіх пахаванняў на тэрыторыі Галоўчынскага сельсавета з іх падрабязным апісаннем і фотаздымкамі.

Распрацоўкі галоўчынскіх бібліятэкараў, высока ацэненыя на абласным узроўні, скіраваны на патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення.

Трэба сказаць, што Галіна Драчыкава і Іна Траццякова не ўпершыню дэманструць добрыя вынікі на ніве краязнаўства. Напрыклад, раней на рэспубліканскім конкурсе была адзначана распрацаваная імі электронная “Кароткая краязнаўчая энцыклапедыя Галоўчынскай зямлі”. Цікавасць таксама ўяўляе іх даследаванне гісторыі Галоўчынскага сельсавета.

Галіна Драчыкава і Іна Траццякова не збіраюцца спыняцца на дасягнутым, працягваюць творча і натхнёна працаваць. Сёлета, у Год навукі, яны пачалі распрацоўку цыкла буклетаў “Вучоныя – нашы землякі”.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *