Матулям ад дзетак. З любоўю

— Першае слова, якое вымаўляе чалавек, калі ён толькі яшчэ вучыцца гаварыць, – гэта слова “мама”, — піша ў рэдакцыю газеты настаўнік пачатковых класаў Машчаніцкай СШ Таццяна ПАЦЕШКІНА. — Кожны з нас удзячны сваёй матулі за тое, што яна дала нам жыццё. І ў свята 8 Сакавіка хочацца падарыць гэтай дарагой жанчыне нешта незвычайнае, самае лепшае і цікавае. Няхай гэта будзе хвілінка шчасця, якую дораць усім матулям нашы другакласнікі.

Таццяна ПАЦЕШКІНА

Доўга думалі, гадалі,

Як матуль павіншаваць?

Тут Арцём сказаў: “Чакайце!

Трэба вершы напісаць!”

Вось па просьбе ўсяго класа

Надрукуйце вершы нашы.

Арцём ДЗІК

Нам настаўніца сказала:

— Хутка дзень жаночы.

Што я маці падару?

Да спеваў не ахвочы.

Падару я мамачцы

Пра машыну казку,

Няхай ёй прывязе яна

Прыгожых кветак звязку.

Станіслаў ДЗЕВЯТНІКАЎ

Зрабіць хачу я падарунак

Мамачцы ў дзень весні:

Намалюю ёй карціну

І праспяваю песні.

Дар’я КАВАЛЁВА

Мая маці — медсястра,

Працуе ў бальніцы.

Адна дачушка ў яе я,

Жывём у Машчаніцы.

Віншую мамачку сваю,

Таксама і бабулю.

Я моцна-моцна іх люблю,

Віншую іх, віншую!

Ганна СІДАРОВІЧ

Вольга Мікалаеўна –

Гэта мая мама.

Вельмі мяне любіць,

Я яе — таксама.

Мы заўсёды разам

Робім усе справы.

Тата ўсё жартуе:

— Ты – намеснік мамы!

Вячаслаў КОСТУСЕЎ

Я намалюю кветкі,

Я намалюю сонца,

Я намалюю шчасце —

Няхай яно бясконца

Будзе ў жыцці мамы

І ў настаўніцы таксама.

Арцём ХАРЧОЎКА

Хачу, каб сонца ў гэты дзень

Мамачцы сказала,

Як моцна я яе люблю,

І ў шчочку цалавала.

 

Мілена ЛАШАНКОВА

Я – Мілена Лашанкова,

І да свята ўжо гатова.

У мяне ўсё ў парадку:

Падару я шакаладку,

Ляльку маме намалюю

І зраблю падзелку,

Песню добрую спяю я,

А, можа, і прыпеўку.

Дар’я ЧАЛНАКОВА

Мая мама самая,

Лепшая на свеце!

Не крыўдуйце на мяне,

Калі ласка, дзеці.

Гэта ж мая маці

Цуды ўсе стварае.

Гэта ж мая маці

Шые, вышывае.

У кватэры нашай

На сцяне карціны,

На вуліцы з дыскаў

Хвосцік у паўліна.

Гэта ж мая маці

Цуды ўсе стварае.

Я так не ўмею,

Бо яшчэ малая!

Ягор МІХЕЕЎ

Трэба маці віншаваць

І бабулек трэба.

Дзе мне слоў такіх узяць,

Каб аж ззяла неба?

Каб сказаць, што я хачу

Прыгожа, зразумела.

Вельмі вас усіх люблю!

Коратка і ўмела.

Ірына ШУТ

Мая мама – сонейка,

А я  – яе промнік.

Будзіць яна раненька:

— Прачынайся, школьнік!

Мама – маё сонейка,

Кожны дзень са мною.

Вельмі добра і хораша

Побач быць мне з ёю.

Арцём ЮШКОЎСКІ

Мамачка, як вырасту,

Буду праграмістам.

Калі пашанцуе,

Можа, і міністрам.

А пакуль выдатна

Трэба мне вучыцца,

Каб маглі вы з татам

Мною ганарыцца.

 

Сапраўды, у дзяцей і іх настаўніцы атрымалася цудоўная задума! Мамам і татам можна па праву ганарыцца сваімі юнымі творцамі.

Сябры, вы таксама павіншуйце з днём 8 Сакавіка сваіх блізкіх: матуль, сястрычак, бабуль, настаўніц, аднакласніц і проста знаёмых жанчын.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *