Лёс наваражыла на куцці

Людзі сталага веку адрозніваюцца, пэўна, тым, што маюць іншае бачанне жыцця, асаблівую энергетыку. Сустракаючы такіх людзей, часта звяртала ўвагу на іх проста невычарпальныя аптымізм і добразычлівасць. Можа, у гэтым і заключаецца сакрэт даўгалецця?

СилковаГераіня маёй гісторыі, жыхарка аграгарадка Галоўчын Марыя СІЛКАВА (на здымку) сёлета сустракае 91-ю вясну. Усё жыццё аддала яна працы ў спажывецкай кааперацыі, больш за 30 гадоў шчыравала загадчыкам Галоўчынскага сельмага. Узнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, значкамі “Ударнік сацыялістычнай працы”. Аднавяскоўцы і па сёння ўзгадваюць яе цёплым словам.

А жыццё? Што ж, яно ні ў кога з яе аднагодкаў не было лёгкім.

Марыя Трафімаўна нарадзілася ў 1926-м годзе на Слаўгарадчыне ў вёсцы Тросліўка. Гэты населены пункт даўно ўжо не існуе. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС усіх жыхароў яго перасялілі, а хаты пахавалі.

Бацька, Трафім ВАРЭНІКАЎ, быў старшынёй сельсавета. Марыя нарадзілася ў сям’і трэцяй. Праз два месяцы ад цяжкай хваробы памерла маці. Бацька прывёў у хату новую жонку, якая катэгарычна адмовілася даглядаць немаўлятка, і дзяўчынку выхоўвалі дзядуля з бабуляй. Яны жылі на хутары, трымалі 7 кароў, 3 кані і 50 вулляў з пчоламі.

— Усе называлі іх кулакамі, — успамінае Марыя Трафімаўна. – А яны былі вельмі працавітыя. Дзед удзельнічаў у 1-й Сусветнай вайне, са службы прывёз крыху грошай. На іх купіў кавалачак зямлі, каня, карову, пабудаваў хату. Жылі вельмі сціпла – стол, палаці ды некалькі сяннікоў, засланых дзяружкай.

У 1933-м годзе іх раскулачылі, адабралі жывёлу, хату. Дзеда адправілі ў лагер, а Марыя вярнулася да бацькі. Жыццё з мачахай было не салодкім. Сваіх дзяцей яна шкадавала, а мужавых, наадварот, прымушала працаваць больш і цяжэй.

Да вайны Марыя Трафімаўна скончыла толькі 7 класаў. 17 чэрвеня быў выпускны баль, а літаральна праз тыдзень на іх зямлі сталі гаспадарыць гітлераўцы.

— Бацьку і старэйшага брата Пецю мабілізавалі ў армію, — гаворыць Марыя Сілкава. – А мы засталіся гараваць. Усім сялянам у жніўні раздалі ўчасткі на калгасных палетках, каб людзі ўбіралі хлеб. Нам і сем’ям камуністаў ды калгасных актывістаў не далі нічога. Толькі восенню выдзелілі лапік бульбы, дый таму, што партызаны, якія стаялі ў навакольных лясах, прыгразілі старасце вёскі расправай.

— Аднойчы паліцаі выгналі ўсіх жыхароў з хат, паставілі каля рэчкі і пачалі патрабаваць выдаць тых, хто выпякае для партызан хлеб, — успамінае жанчына. — Аднак здраднікаў не знайшлося. Тады яны вывелі некалькі пажылых мужчын і забілі ў нас на вачах. Жорсткай расправе перашкодзілі партызаны, якія раптам пачалі страляць з лесу.

Немцы яшчэ неаднаразова наведваліся ў вёску, выганялі жыхароў з хат, адбіралі маёмасць, забіралі на прымусовыя работы. Напрыканцы вайны, адступаючы, гітлераўцы спалілі вёску. Жыхары ў той час паспелі схавацца ў лесе.

Бацька з вайны не вярнуўся. У красавіку 1944-га, калі Слаўгарадскі раён быў ужо вызвалены ад фашысцкіх захопнікаў, прыслаў пісьмо, што прыедзе ў адпачынак, але родныя яго так і не дачакаліся. Старэйшая сястра Кацярына пасялілася з мужам у Бялынічах і паклікала Марыю да сябе, дапамагла ўладкавацца на працу ў хлебны кіёск, які знаходзіўся па вуліцы Садовая райцэнтра. У Бялынічах яна сустрэла і свой лёс – Пятра Ануфрыевіча Сілкава.

— Мужа наваражыла на куцці, — усміхаецца жанчына. – На Каляды крышку рытуальнай стравы паклала пад падушку. Той ноччу прысніўся сон, што я сяджу за сталом, а ў хату заходзіць чалавек у фуражцы, сінім паліто і хромавых ботах. Менавіта ў такім адзенні першы раз убачыла свайго мужа.

З Пятром Ануфрыевічам разам пражылі 60 гадоў, выгадавалі дваіх дзяцей. У 2014-м яго не стала.

Зараз Марыя Трафімаўна жыве з малодшай дачкой Таццянай. Здароўе, бывае, крыху падводзіць жанчыну, але яна не губляе аптымізму. З радасцю сустракае гасцей, тэлефануе знаёмым. Вольны час бавіць за чытаннем кніг. Асабліва падабаюцца гістарычныя раманы, якіх прайшло праз яе рукі незлічонае мноства. І змест іх выдатна запамінае, і важныя даты. Толькі горкія падзеі мінулага час ад часу ўсплываюць у памяці, нібыта кадры чорна- белай фотахронікі.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *