Вечны голас роднага слова

“Вечны голас магутнага слова”, – пад такой назвай прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага”. Мерапрыемствы яго былі прымеркаваныя да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

У першы дзень Тыдня ва ўсіх класах прайшлі інфармацыйныя хвілінкі, на якіх прагучалі вядомыя словы Змітрака Бядулі: “Не саромся, беларус, гаманіць па- беларуску – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека”.

Класнымі кіраўнікамі на працягу Тыдня праведзены гутаркі “Беларуская мова як першааснова нацыянальнай культуры”. У гэты час вучняў і настаўнікаў школы сустракалі навучэнцы ў нацыянальных касцюмах, запрашалі размаўляць толькі па-беларуску, распаўсюджвалі буклеты “Магутная сіла роднага слова”. Праз калектыўную творчую дзейнасць, у якой зліліся формы, сродкі і спосабы ўзаемадзеяння педагогаў і школьнікаў, адбылося далучэнне падрастаючага пакалення да культурна-гістарычнай спадчыны нашай Радзімы.

Вучні пачатковай школы прадставілі тэматычныя малюнкі, правялі займальныя гульні, гульні-падарожжы, літаратурна-музычную кампазіцыю, паўдзельнічалі ў віктарыне… Праз усе гэтыя мерапрыемствах чырвонай ніткай праходзіла любоў да матчынага слова, Радзімы, бацькоў. Хлопчыкі і дзяўчынкі зразумелі, што без роднай мовы няма і народа. Школьнікі пажадалі, каб беларуская мова гучала заўсёды з нашых вуснаў, каб яна заставалася такой мілагучнай, каб яе пачулі і нашчадкі.

Вучні 2 “А” класа завіталі ў госці да першакласнікаў з тэатралізаваным прадстаўленнем “Казка ў госці да вас”.

Для школьнікаў былі арганізаваны тэматычныя экскурсіі “Шляхамі беларускага слова” ў літаратурна-краязнаўчы музей “Спадчына”, “Псалтыр як узор беларускагака кнігадрукавання” – у кабінет-імправізацыю “Беларуская школка пачатку ХІХ стагоддзя”.

Дзейнічала выстава радаводаў “Мой род, мая сям’я”. Звярнула на сябе ўвагу і выстава “Першыя крокі ў літаратуру”, зробленая па вершах вучаніцы 9 “А” класа Маргарыты ЛАШКЕВІЧ. Выстава насценных газет “Вечны голас магутнага слова” сабрала многа аматараў роднага слова.

Школьная бібліятэка прапанавала выставу “Нашчадкі Францыска Скарыны”, у рамках якой праходзіла акцыя “Жыві, слова”.

У вельмі цікавым фармаце прайшла сустрэча з загадчыцай раённай дзіцячай бібліятэкі Аленай СЮНЯГІНАЙ. Удзельнікі літаратурнай гасцёўні “Крыніцай звіняць твае словы, мая беларуская мова” пазнаёміліся з паходжаннем слоў беларускай мовы, выконвалі творчыя заданні, задавалі пытанні, на якія атрымлівалі змястоўныя адказы, часам – з гумарам. Гучалі песні на словы Ніны МАЦЯШ. На працягу ўсёй сустрэчы адчувалася атмасфера святла і дабрыні.

Такія мерапрыемствы трэба праводзіць не толькі таму, што яны павучальныя. А яшчэ і дзеля таго, што яны прывіваюць любоў да роднай мовы, нацыянальных традыцый. І хочацца верыць, што нашы вучні і надалей будуць імкнуцца да таго, каб роднае слова гучала з іх вуснаў.

Кульмінацыяй Тыдня стала тэатралізаванае прадстаўленне “Масленіца прыйшла!” Сцэнарый і сама арганізацыя свята былі вытрыманыя ў духу аўтэнтычных народных традыцый з гульнямі, песнямі, танцамі, блінамі, зазываннем вясны і, канечне ж, спальваннем чучала. Гэтае свята стала спосабам арганізацыі выхаваўчага асяроддзя, яркага, напоўненага працай і гульнёй, творчасцю, таварыствам, радасцю жыцця.

Развіццё культуры маўленчых зносін – адна з асноўных задач не толькі ў адукацыйным працэсе нашай установы, але і ў выхаваўчым таксама.

Данута КЛОПАВА,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 1 імя М. І. Пашкоўскага.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *