І рублём удзельнічаць трэба

Дэкрэтам №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманствапрадугледжаны абавязак па штогадовай выплаце збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў  для грамадзян працаздольнага ўзросту, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў, або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш 183 дзён за год. Карэспандэнт раённай газеты звярнулася да жыхароў Бялыніччыны з пытаннем: як яны адносяцца да норм гэтага дэкрэта.

Таццяна Леанідаўна, пенсіянерка:

— Я згодна, што людзі, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, павінны плаціць збор. Трэба не забываць, што і яны некалі дажывуць да такога непрацаздольнага ўзросту, калі дзяржава гарантуе кожнаму грамадзяніну пенсію. Няхай яны таксама хоць такім чынам паклапоцяцца пра ўласнае будучае, сваім рублём удзельнічаючы ў фінансаванні дзяржвыдаткаў.

Вольга, работнік сельскай гаспадаркі:

— Канечне, мне не хочацца аплачваць сацыяльныя даброты са сваёй кішэні за іншага чалавека. Аднак у сённяшні час даволі складана знайсці працу. Тым не менш, яе можна адшукаць.

Ведаю, што сродкі ад рэалізацыі гэтага дэкрэта вырашана накіраваць на дадатковую падтрымку дзяцей. І правільна. Дарэчы і ў тых, хто не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржрасходаў, ёсць сем’і і дзеці, на адукацыю і выхаванне якіх дзяржава траціць нямала грошай. Таму лічу справядлівым, што дарослым, поўным сіл, людзям, трэба сваімі фінансамі ўдзельнічаць у жыцці краіны.

Дзмітрый, рабочы:

— Плаціць падаткі – абавязак кожнага грамадзяніна. Наша дзяржава не настолькі багатая, каб яшчэ ўтрымліваць і гультаёў. Я сам некалькі месяцаў быў беспрацоўным. Знайсці новую працу было, канечне, даволі цяжка, але магчыма. А вось некаторыя мае знаёмыя і сапраўды апынуліся ў складаных жыццёвых абставінах. Наколькі ведаю, у гэтых выпадках сітуацыя па выплаце збору вырашылася на карысць іх.

Апытвала Ганна КАВАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *