Каб не было непрыемных здарэнняў

Сёлетні ацяпляльны сезон, як гэта ні сумна адзначыць, не абышоўся без трагедый. Толькі ў лістападзе 2016 года ў Вішоўскім сельсавеце адбыліся тры пажары, 1 з іх — са смяротным зыходам.

З мэтай недапушчэння падобных здарэнняў была актывізавана работа сельвыканкамаўскай аглядальнай камісіі. Члены яе па некалькі разоў наведалі з праверкамі 928 домаўладанняў адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, інвалідаў, састарэлых. Асаблівую ўвагу звярталі на стан пячнога ацяплення, аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і электраправодкі. Большасць выяўленых парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі тычылася няспраўнасці печаў, у прыватнасці няспраўных запорных прыстасаванняў на дзверцах або адсутнасці іх зусім, і невялікіх па памерах прытопачных лістоў.

За ігнараванне правілаў бяспекі грамадзянам былі выдадзены 348 прадпісанняў у мінулым годзе і 110 – ужо сёлета. 6 зваротаў накіраваны ў раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання для аказання пажылым людзям неабходнай дапамогі, а 12 лістоў  адрасаваны дзецям з напамінам паклапаціцца пра сваіх састарэлых бацькоў.

У 31 населеным пункце сельсавета былі праведзены сельскія сходы, на якіх жыхарам даведзена інфармацыя па сітуацыі з пажарамі, што склалася ў нашым раёне і вобласці, указана на недапушчэнне эксплуатацыі няспраўных печаў і грубак, выкарыстання ў электрычных лічыльніках “жучкоў”.

Падчас сходаў на месцы былі вырашаны або ўзяты на кантроль многія хвалюючыя вяскоўцаў пытанні. Ім парэкамендавана ўважліва сачыць за станам комінаў, не адлучацца з дому, пакуль напаляцца печы, своечасова замяняць элементы сілкавання  АПА.

Асабліва хацелася б нагадаць аб выкананні правіл супрацьпажарнай бяспекі грамадзянам, у якіх у аддаленых населеных пунктах жывуць састарэлыя бацькі. Зразумела, зімой часта ў вёску не наездзішся, аднак трэба паклапаціцца пра тое, каб жыллё блізкіх людзей было своечасова падрыхтавана да ацяпляльнага сезона. Тады недарэчных трагедый будзе менш.

Фёдар РЫДЗЕЦКІ,

старшыня Вішоўскага сельвыканкама.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *