Хараство “алмазнай вышыўкі”

У канцы мінулага года калектыў райЦГЭ папоўніла малады спецыялістфельчарлабарант мікрабіялагічнай лабараторыі Валянціна ЖУЛЕГА. Маладая дзяўчына нарадзілася і вырасла ў суседнім райцэнтры Круглае. Туды ж вярнулася на першае працоўнае месца пасля заканчэння Магілёўскага медыцынскага каледжа. Але неўзабаве ў круглянскай санстанцыі закрылася лабараторыя, таму Валянціна пераразмеркавалася ў Бялынічы.

валя— Я доўга вагалася з выбарам прафесіі, – расказвае яна. – У школьную пару шмат увагі надавала спорту, займалася мнагаборствам, паспяхова ўдзельнічала ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. У час летніх канікул працавала ў складзе студатрада на будоўлі. Вагалася з выбарам прафесіі, але мой класны кіраўнік параіла выбраць медыцыну. Яна лічыла, што гэта сфера дзейнасці адпавядае мне найлепшым чынам. Я паслухалася і ніколькі не шкадую. Мне падабаецца справа, якой займаюся. Тым больш вельмі рада, што патрапіла ў такі цудоўны калектыў, дзе многа моладзі і вопытных супрацоўнікаў. Кіраўніцтва і старэйшыя калегі ва ўсім падтрымліваюць і заўсёды падказваюць.

Да абавязкаў фельчара-лабаранта адносіцца правядзенне мікрабіялагічных даследванняў клінічных матэрыялаў з ЦРБ, на аснове якіх урачы ставяць пацыентам дыягназ, санітарны кантроль за якасцю харчовай прадукцыі ў кропках грамадскага харчавання і г.д.

Свой вольны час маладая дзяўчына прысвячае заняткам у спартзале і любімаму хобі, над якім можа праседжваць гадзінамі.

– З самага дзяцінства захапляюся рознымі відамі рукадзелля, – расказвае Валянціна Жулега. – Назірала, як мая бабуля вяжа і вышывае. Хацела пераняць, але яна не дазваляла. Маўляў, не трэба псаваць зрок і рукі. Але цікавасць усё роўна пераадолела забарону і самастойна пачала асвойваць вышыванне.

Зараз спектр яе захапленняў шырокі і паступова дапаўняецца новымі накірункамі: вязанне, вышыўка крыжыкам, бісерапляценне, “алмазная вышыўка”, дывановая тэхніка, выраб дэкаратыўных раслін з бісера і паетак.

Вельмі прыгожа выглядаюць карціны, створаныя Валянцінай у тэхніцы “алмазнай вышыўкі”. Асновай будучага пано з’яўляецца схема з разбіўкай на колеры. Мазаіка выкладаецца пры дапамозе пінцэта з драбнюткіх квадратных або акруглых “алмазных страз” з гранёнай паверхняй, зробленых з акрылавай смалы. Стразы шчыльна размяшчаюцца на клеявай аснове па схеме. Яны ўтвараюць маналітны слой, дзякуючы якому мазаіка нагадвае далікатную вышыўку бісерам. Святло падае на грані стразаў, адбіваецца ад іх і прымушае камяні пералівацца, прыцягваючы да карціны ўвагу гледачоў.

– Трэба сказаць, што гэта вельмі карпатлівы працэс, які патрабуе ювелірнай дакладнасці, – тлумачыць майстрыха. – Напрыклад, для складання сюжэта пано “Вуліца з ліхтарамі” памерам 50х70 см спатрэбілася больш за тысячу “алмазаў” і не менш за тры дні працы па 7-8 гадзін.

Валянціна таксама спрабуе сябе і ў мастацтве стварэння мініяцюрных скульптур. Яна вылівае з гіпсу асновы для дэкаратыўных дрэўцаў, рэльефныя сюжэты і невялікія фігуркі, якімі аздабляе свае вырабы (гл. фотакалаж).

коллаж

Сапраўдныя мастацкія творы Валянціны Жулега ўпрыгожваюць інтэр’ер яе жылля, а многія вырабы яна з задавальненнем дорыць блізкім і сябрам.

Тэкст і фота Андрэя СУПІТАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *