У студзені споўнілася 58 гадоў, як стварылі сваю сям’ю Міхаіл і Зінаіда СІДАРОВІЧЫ з пасёлка Падкрэжнік

У студзені споўнілася 58 гадоў, як стварылі сваю сямю Міхаіл і Зінаіда СІДАРОВІЧЫ з пасёлка Падкрэжнік. Іх жыццё неўпрыкмет перасягнула рубеж смарагдавага вяселля і набліжаецца ў бок брыльянтавага.

Сидор

Магчыма, сакрэт таго, што яны доўгі час жывуць душа ў душу ў шлюбе, заключаецца ў падабенстве лёсаў двух, тады яшчэ маладых, людзей. Міхаіл Дзям’янавіч і Зінаіда Аляксандраўна нарадзіліся ў адзін год, выхоўваліся ў вялікіх сем’ях, дзецьмі перажылі ваеннае ліхалецце. Іх бацькі не вярнуліся з Вялікай Айчыннай вайны, а дзетак падымалі на ногі матулі. Таму з-за нястачы ім давялося рана пачаць працоўнае жыццё.

Міхаіл Сідаровіч нарадзіўся і вырас у пасёлку Заброддзе, які зараз адносіцца да Падкрэжніка. Пасля 4-га класа школы пайшоў працаваць пастухом у мясцовы калгас. Потым шчыраваў на будаўніцтве кароўнікаў і цялятнікаў, пакуль не патрапіў у лясную гаспадарку. Рабіў лесніком, а затым, да самага выхаду на заслужаны адпачынак, выконваў абавязкі егера.

– Справу сваю любіў, – расказвае Міхаіл Дзям’янавіч. – Вёў улік ляснога звера, узімку клапаціўся аб яго падкормцы. Я добра страляў, па разнарадцы адстрэльваў ваўкоў, а дзікіх кабаноў і ласёў – для здачы на мясакамбінат. Паляўнічая гаспадарка складала 13 тыс. гектараў. Арганізоўваў паляванні як для мясцовых аматараў гэтага занятку, так і замежных. З імі цікава было працаваць. Помню, неяк заехалі да нас у хату французы, каб падсілкавацца пасля палявання. Дужа ім спадабаліся бліны, якія спякла мая гаспадыня. Елі іх з малаком і ўвесь час нахвальвалі.

Зінаіда Аляксандраўна вырасла ў вёсцы Барсукі, якая знаходзіцца недалёка ад Падкрэжніка. Са сваім нарачоным пазнаёмілася на танцах, на якія прыходзіла разам з сяброўкамі. Спадабаліся адзін аднаму, згулялі вяселле.

На выкуп да маладой жаніх з сябрамі імчаў на конях, запрэжаных у сані,  упрыгожаныя рознакаляровымі стужкамі. А назад вярталіся на грузавой машыне, бо з-за адлігі па бездаражы немагчыма было праехаць. Вяселле згулялі па-вясковаму шумнае, вясёлае, з песнямі-прыпеўкамі і танцамі пад гармонік. Маладыя былі прыгожа апранутыя, а ўбранне нявесты аздабляла шыкоўная фата, якую яна пазычыла за 10 рублёў – вялікія для таго часу грошы.

Усё жыццё сям’і Сідаровічаў прайшло ў працы. Першае, аб чым давялося паклапаціцца маладым, гэта жыллё. Пабудавалі хату, усё нажывалі самі. Кожная зарплата рабіла дом больш утульным, а цеплынёй ён напаўняўся ад душэўных, шчырых адносін у сям’і.

Зінаіда Аляксандраўна працавала ў паляводстве, апошнія восем гадоў перад пенсіяй – паштальёнам: разносіла карэспандэнцыю па навакольніх пасёлках. Разам з мужам даглядалі вялікую падсобную гаспадарку.

– На нашым падворку былі два кані і дзве каровы, пяць свіней, – расказвае Зінаіда Аляксандраўна. – Зараз здароўе ўжо не тое, таму трымаем толькі двух сабак. Хаця кабылку яшчэ да мінулага года даглядалі.

Вось так ужо амаль шэсць дзясяткаў гадоў яны разам упэўнена крочаць па адной жыццёвай сцяжынцы. Вырасцілі двух сыноў і дзвюх дочак, радуюцца васьмі ўнукам і пяці праўнукам. І адносяцца адзін да аднаго з той жа ўзаемнай павагай і цеплынёй. Як і ў дзень іх першай сустрэчы.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *