Адсвяткавалі

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 6 па 12 сакавіка на грамадзян былі складзены 20 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку 13 – за знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах, 5 – за прычыненне пабояў. Таксама за гэты час супрацоўнікі РАСК узбудзілі 3 крымінальныя справы, а работнікі АДАІ выявілі 102 парушэнні правіл дарожнага руху. Затрыманы 2 нецвярозыя кіроўцы.

Абакралі. Невядомыя ўзламалі гараж жыхара Малага Кудзіна і скралі бензапілу Stihl, электраінструмент, ціскі. Узбуджана крымінальная справа.

Вось дык культура! У ноч на 7 сакавіка нехта пашкодзіў пластыкавыя дзверы вясковага дома культуры ў аграгарадку Свяцілавічы. Супрацоўнікі РАУС праводзяць праверку.

Можа, есці хоча? Жыхар Лебядзянкі паскардзіўся міліцыянерам, што суседаў сабака пакусаў дзвюх яго курэй. Гаспадыня чатырохлапага дэбашыра атрымала адміністрацыйны пратакол за свавольствы свайго пястунчыка.

Павіншаваў. 8 сакавіка а восьмай гадзіне вечара ў аператыўную дзяжурную службу РАУС патэлефанавала бялынічанка і расказала, што муж выбіў у доме дзверы, напужаў дзяцей і нават накінуўся на яе з кулакамі. У адносінах да хатняга тырана складзены адміністрацыйны пратакол.

Мінск-Магілёў. 11 сакавіка праваахоўнікам прыйшлося высадзіць нецвярозага пасажыра з аўтобуса, які рухаўся па маршруце “Мінск-Магілёў”. Напэўна, мужчына пад “градусам” не змог спакойна ўседзець на сваім месцы, надакучыў спадарожнікам, за што і “ўдастоіўся” адміністрацыйнага пратакола.

280 метраў кабеля зазямлення скралі невядомыя з вышкі мабільнай сувязі каля аграгарадка Іскра. Супрацоўнікі РАУС праводзяць праверку.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *