У рамках акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі” дваццаць чатыры бялыніцкія школьнікі атрымалі пашпарт

У рамках патрыятычнай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі” дваццаць чатыры бялыніцкія школьнікі атрымалі свой першы галоўны дакумент – пашпарт.

Траім юным бялынічанам пашпарты падчас урачыстага мерапрыемства, якое праходзіла ў Мінску, уручыў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл МЯСНІКОВІЧ. Размаўляючы з удзельнікамі сустрэчы, ён падкрэсліў, што ў краіне створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі моладдзю сваіх здольнасцяў. Міхаіл Мясніковіч таксама распавёў аб падрыхтоўцы да выпуску навукова-папулярнага друкаванага выдання “Рэспубліка Беларусь – 25 гадоў тварэння і здзяйсненняў” і не выключыў, што некаторыя з прысутных рабят могуць стаць яго сааўтарамі, а можа быць, нават героямі. І гэта не дзіўна, бо ў зале сабраліся самыя лепшыя – выдатнікі вучобы, удзельнікі і пераможцы рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, спартыўных спаборніцтваў, фестываляў і конкурсаў.

28 таленавітых прадстаўнікоў моладзі Магілёўшчыны, сярод якіх і вучаніца СШ №2 райцэнтра Ганна НІЗАЎЦОВА, былі запрошаны на сустрэчу ў аблвыканкам. Пашпарты і падарункі ім уручыў першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег ЧЫКІДА.

Минск_цв

Дваццаць юнакоў і дзяўчат сабраліся ў сераду ў малай зале РЦК, дзе пачулі на свой адрас цёплыя словы і віншаванні ад прадстаўнікоў раённай улады, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, РАУС, грамадскіх арганізацый. Галоўны дакумент нашай краіны юным бялынічанам уручылі намеснік старшыні райвыканкама Андрэй ГАНЧУК, ветэран педагагічнай працы Інэса ЗАЙКОЎСКАЯ, інспектар групы па грамадзянству і міграцыі РАУС Галіна СТАРАВОЙТАВА.

ган2_цв

– Вельмі сімвалічна і запамінальна атрымаць першы пашпарт у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, – адзначыў у прывітальным слове Андрэй Ганчук. – Сёння вы зрабілі важны крок у дарослае жыццё. У вас не толькі з’явіліся новыя правы і абавязкі, але і адказнасць за краіну, перад бацькамі і продкамі. Ад кожнага з вас залежыць будучае нашай Радзімы.

У сваю чаргу, падлеткі паабяцалі быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны і рабіць усё для яе росквіту.

На памяць аб важнай падзеі юнакі і дзяўчаты атрымалі ў падарунак Канстытуцыю Беларусі і маляўнічае выданне “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, якое складаецца з сямі частак, дзе ў даступнай і папулярнай форме выкладаюцца артыкулы Асноўнага Закона краіны, прыводзяцца прыклады яго прымянення. У кнізе ўтрымліваецца вялікая колькасць фатаграфій, тэкст дапоўнены афарызмамі, цытатамі, выказваннямі знакамітых людзей, вершамі беларускіх паэтаў.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота Вольгі НАБОКАВАЙ і з архіва СШ № 2.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *