Хто захоча, той працу знойдзе

Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», як вядома, не адменены. На працягу бягучага года спаганяцца адпаведны збор не будзе. Сам нарматыўны дакумент падкарэктуецца, а яго выкананне будзе адпрацавана да падрабязнасцей.

Дэкрэт № 3 не з’яўляецца эканамічным і фінансавым, бо на вялікія грошы ад збору на ўдзел грамадзян у фінансаванні дзяржвыдаткаў казна не папоўніцца. Гэта маральны пасыл дзяржавы ўсяму грамадству, але найперш ён адрасаваны тым, хто працуе ў ценевым бізнесе, атрымлівае зарплату ў канвертах, заняты работай за межамі краіны ці проста гультайнічае без дай на тое прычыны. Адпаведна, яны не выплачваюць падаткі, але пры гэтым самі, іхнія сем’і карыстаюцца ўсім пакетам сацыяльных даброт, якія фінансуюцца з таго ж самага бюджэту, куды пералічваюцца вызначаныя адлічэнні тых, хто афіцыйна працуе ў Беларусі. Сярод гэтых даброт назавём і бясплатнае атрыманне сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі, і фінансаванне функцыявання дзіцячых садкоў, дашкольных устаноў, летніх аздараўляльных лагераў для школьнікаў, і датацыі на жыллёва-камунальныя паслугі, і расходы на абарону краіны і захаванне ў ёй правапарадку, і бясплатная  медыцынская дапамога, і адрасная матэрыяльная падтрымка адпаведных катэгорый насельніцтва, і шмат што іншае.

Звернемся да канкрэтыкі. Усе мы, на вялікі жаль, падвяргаемся тым ці іншым хваробам. Без медыцыны нам сёння проста нікуды. Многія, для прыкладу, карыстаюцца паслугамі брыгад хуткай медыцынскай дапамогі. Як паінфармаваў рэдакцыю газеты галоўны ўрач ЦРБ Павел МАНЬКО, за 2016 год толькі на функцыяванне аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі было скарыстана 322,888 дэнамінаваных бюджэтных рублёў. Брыгады карэт “хуткай” за мінулы год абслужылі больш як 5,6 тысячы выклікаў, ці ў сярэднім па 15 на кожны божы дзень. У тым ліку былі і тры заведама падманлівыя, і 148 безвыніковых (калі чалавеку не патрабавалася аказання медыцынскай дапамогі)  выклікаў медработнікаў аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі. Іншымі словамі, на 1 тысячу насельніцтва было выканана 288 выклікаў “хуткай”.

Задумайцеся, калі ласка: адзін выклік карэты абышоўся бюджэту ў 57 рублёў 27 капеек.

Як вядома, непасрэдна хворы гэту паслугу зусім не аплачвае. Ён атрымлівае яе бясплатна. Усялякі, адзначым, хворы. Разлічваюцца за кожнага з іх тыя, хто афіцыйна працуе на прадпрыемствах розных форм уласнасці, ва ўстановах і арганізацыях, у гаспадпарках, і сумленна выплачваюць вызначаныя падаткі.

Вы бязмежна шчаслівыя ад таго, што аплацілі з не такой ужо і багатай сваёй кішэні пару-тройку выклікаў “хуткай” на дом для аказання меддапамогі нейкаму беспрацоўнаму спадару Івану ў перадпенсійным узросце ці здароваму дзецюку Васю, які дзесяць гадоў усё ніяк не можна знайсці сабе пастаянны працоўны занятак? А тыя ж Іван з Васілём, між іншым, не выключна адной толькі сонечнай энергіяй харчуюцца і не траваядныя яны зусім. Значыць, здабываюць сродкі на харчы, на сваё штодзённае існаванне. Есці хочацца кожны дзень, і пажадана не менш за тры разы за суткі.

Не выключана, што нехта з іх вісіць на шыі бацькоў-пенсіянераў, нехта жыве за кошт уласнай гаспадаркі. А хтосьці знайшоў сталы заробак за межамі краіны. У Расіі, напрыклад. Што тут казаць, працаваць далёка ад дому і цяжка, і зусім не камфортна. Хоць і грошы ў асноўным яны атрымліваюць сваёй цяжкай працай, як сведчыць жыццё, неблагія. Многія сучасныя такія вось “адыходнікі” і кватэры-дамы свае выдатна, на еўрапейскі ўзор, адрамантавалі ці пабудавалі. І машыны пакуплялі. І дастатак сямейны забяспечылі. Слоў няма, усё гэта яны, вельмі працавітыя і высокапрафесійныя, зарабілі ўласным мазалём. Як некаторыя з іх “зарабілі” там і шматлікія сур’ёзныя хваробы. А лечацца, між іншым, яны тут, і групы інваліднасці з пенсіямі па ёй атрымліваюць тут. З нашага агульнага бюджэту. Да слова сказаць, таксама яны, іхнія сем’і карыстаюцца і іншымі, пералічанымі крыху вышэй сацыяльнымі дабротамі.

Проста немагчыма быць бязмежна і бязмерна міласэрным. Неабходна кожнаму ўдзельнічаць у суфінансаванні дзяржаўных расходаў. Канечне, ёсць і ў гэтым правіле свае выключэнні. Скажам, чалавек па нейкіх прычынах патрапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю.

Мясцовым уладам дадзены час разабрацца па кожным канкрэтным выпадку, па кожным чалавеку, які не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржвыдаткаў. Гранічна ўдакладнёныя спісы плацельшчыкаў гэтага збору павінны быць сфарміраваныя да канца першага квартала, а беспрацоўныя працаўладкаваныя да 1 мая.

Да слова сказаць, па стане на 1 сакавіка ў нашым раёне налічваліся 77 вакансій і 54 афіцыйна зарэгістраваныя беспрацоўныя.

Хто хоча працаваць, той занятак заўсёды знойдзе. Дапамагчы яму ў гэтым заклікана і мясцовая ўлада. А той, хто па аб’ектыўных прычынах не можа ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў, таксама знойдзе разуменне і падтрымку. Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай камісіі па разглядзе пытанняў прадастаўлення льгот юрыдычным і фізічным асобам Алена КОТАСАВА адзначыла, што сёлета ў райвыканкам з мэтай прадастаўлення льготы або вызвалення ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў у сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй былі пададзены 28 заяў. Пятнаццаці грамадзянам было адмоўлена ў задавальненні іх зваротаў, а трынаццаць чалавек часткова або поўнасцю вызвалены ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў.

Сэнс Дэкрэта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» просты і ясны: калі ты жывеш у грамадстве, то абавязаны ўдзельнічаць і ў фінансаванні грамадскіх расходаў.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *