“Наш клопат, а не янота”

Еноты__keys
Многія
бачылі па тэлебачанні ці ў інтэрнэце цікавы відэаролік, у якім забаўныя янотыбарабаншчыкі сартуюць цвёрдыя бытавыя адходы і заклікаюць беларусаў узяць з іх прыклад.

Упэўнены, кожны пагодзіцца са слоганам відэароліка: “Раздзельны збор адходаў – наш клопат, а не янота”. Прычым, для гэтага дастаткова прыкласці мінімум намаганняў. Трэба проста больш уважліва сачыць за тым, што мы выкідваем у вядро для смецця.

У дварах шматкватэрных дамоў і ў прыватным сектары райцэнтра, а ў сельскай мясцовасці, пераважна ў аграгарадках, устаноўлены адмысловыя кантэйнеры для раздзельнага збору адходаў. Выкінутае ў іх шкло, папера, пластык не трапяць на звалку. Змесціва кантэйнераў пасля дадатковага сартавання камунальнікі адправяць на перапрацоўчыя прадпрыемствы, дзе другасныя рэсурсы стануць сыравінай для вытворчасці новай прадукцыі.

У кантэйнер для макулатуры выкідваюцца непатрэбныя газеты, часопісы, кнігі, папяровыя пакеты, каробкі, кардон, ачышчаныя ад фальгі і пластыка ўпакоўкі “ТэтраПак”.

У кантэйнер для шкла змяшчаюцца бутэлькі, слоікі, бітае шкло, шкляны посуд (не крышталь).

Кантэйнер для пластыка прызначаны для пластыкавых бутэлек і ўпакоўкі ад прадуктаў харчавання, касметыкі, бытавой хіміі, поліэтыленавай плёнкі і т.п.

Жыхары сельскіх населеных пунктаў таксама маюць магчымасць здаваць цвёрдыя бытавыя адходы раздзельна. Смеццявозы БУКП “Жылкамгас”, што курсіруюць па графіку па вуліцах аграгарадкоў і вёсак, збіраюць сартаваныя ЦБА асобна ад іншага смецця. Таму вяскоўцам неабходна толькі загадзя паклапаціцца аб раздзяленні адходаў, а не кідаць усё ў адзін мех.

Здаць макулатуру, шклабой або поліэтылен, ды яшчэ атрымаць за гэта грошы, можна ў прыёмныя пункты райста. Для гэтага неабходна звярнуцца ў аддзел нарыхтовак па адрасе: вуліца Чырвонаармейская, 1А, або прыёмна-нарыхтоўчы пункт на гарадскім рынку райспажыўтаварыства. Акрамя гэтага, такія пункты працуюць у аграгарадках Вішоў, Галоўчын, Вялікая Машчаніца, на станцыі Друць. Другасную сыравіну таксама прымуць у любым магазіне райста, абсталяваным складскім памяшканнем.

У побыце ўтвараюцца і такія шкодныя адходы, як адпрацаваныя батарэйкі. Цяжкія металы, якія ўтрымліваюцца ў іх, небяспечныя для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека. Таму іх нельга выкідваць разам з іншым смеццем. Выкарыстаныя элементы сілкавання неабходна адносіць у спецыяльныя кантэйнеры, што ўстаноўлены ва ўнівермагу і магазіне “Дыскаунтар”. З гэтых кантэйнераў батарэйкі адправяць на спецыялізаваныя прадпрыемствы для іх далейшага абясшкоджвання.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *