Купілі бутэльку і набылі непрыемнасці

З пачатку года за продаж спіртных напояў ці набыццё іх для непаўналетніх адміністрацыйная камісія пры райвыканкаме  да адказнасці прыцягнула 7 жыхароў раёна.

Адзін з іх – прадавец гандлёвай кропкі “Удобный”. У адносінах да яе, а таксама жыхароў райцэнтра Юрыя М. і Сяргея С. на апошнім пасяджэнні вынесены пастанаўленні аб спагнанні штрафаў. На 460 рублёў – работніку гандлю, якая не ўпэўнілася ва ўзросце пакупніка, і па 230 мужчынам, якія невядома аб чым думалі, набываючы для падлеткаў піва.

Як паведаміў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Сяргей КРАСОЎСКІ, за І квартал мінулага года за ўцягванне падлеткаў у адміністрацыйнае правапарушэнне былі аштрафаваны 4 чалавекі. А значыць, можна казаць аб нядобрай тэндэнцыі, якая намецілася з пачатку бягучага года.

— Часцей за ўсё праваахоўнікі выяўляюць непаўналетніх адразу пасля набыцця спіртнога альбо ў нецвярозым стане на вуліцах падчас рэйдаў, — кажа Сяргей Алегавіч. — Спачатку спыняем дзяўчат і хлопцаў, чый узрост выклікае сумненні. Калі пацвярджаецца той факт, што яны не дасягнулі 18 год, пачынаем разбірацца, якім чынам набылі спіртное.

Пастаянна праводзім вялікую прафілактычную работу з падлеткамі, а таму кожны з іх павінен ведаць наступствы ўжывання алкагольных напояў і патраплення ў поле зроку міліцыі.   Акрамя пастаноўкі на ўнутрышкольны, прафілактычныя ўлікі ІСН і ўрача-нарколага, што зусім не добра можа адбіцца на будучыні, яны ствараюць праблемы і сваім бацькам, на плечы якіх кладуцца значныя сумы штрафаў – да васьмі базавых велічынь. За паўторнае парушэнне на працягу года кошт бяздумнасці падлеткаў складае ад 2 да 15 б.в.

Калі казаць аб прадаўцах, то кожны з іх ведае, што пры ўзнікненні спрэчак пакупнік павінен прад’явіць дакумент са сваім фотаздымкам і пацверджаннем узросту.

Тым не менш, факты продажу спіртных напояў усё роўна фіксуюцца. Тры работнікі гандлю, якія летась былі прыцягнуты да адказнасці за адпаведнае парушэнне, атрымалі штрафы на 20 базавых велічынь. Алкагольныя напоі былі прададзены ў магазінах “КатиК”, “Явар” і “Ивушка”. Дарэчы, за парушэнне правіл гандлю і аказання паслуг прадугледжана дысцыплінарнае спагнанне і з боку наймальніка.

Таму сама па сабе напрошваецца выснова: усім – падлеткам, перад тым, як паспрабаваць спіртную вадкасць, бацькам, якія не дастаткова кантралююць сваіх дзяцей, прадаўцам і дарослым, дзякуючы каму ў рукі непаўналетніх патрапляе бутэлька, — трэба найперш падумаць і не зрабіць тое, што пацягне за сабой шмат непрыемнасцей.

Вольга НАБОКАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *