На базе ААТ “Бялынічы” прайшоў выязны раённы семінар-вучоба па тэме падрыхтаванасці і правядзення масавых веснавых палявых работ

На базе ААТБялынічыпрайшоў выязны раённы семінарвучоба для кіраўнікоў, галоўных інжынераў і галоўных аграномаў сельгаспрадпрыемстваў па тэме падрыхтаванасці і правядзення масавых веснавых палявых работ 2017 года. Удзел у ім прыняў старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА.

На цэнтральнай сядзібе ААТ “Бялынічы”, што ў Малым Кудзіне, 20 сакавіка Флаг працоўнай славы лунаў у гонар першых ударнікаў таварыства на веснавых палявых работах бягучага года – трактарыстаў Дзмітрыя ЧАЙКОЎСКАГА і Дзмітрыя ПАЛТАРАЦКАГА, якія на трактарах МТЗ-2022 у счэпе з агрэгатамі з Kverneland выканалі за папярэдні дзень дзённыя нормы выпрацоўкі на ворыве глебы, адпаведна, на 160 і 140 працэнтаў. Гэта па сутнасці святое месца для кожнага прадпрыемства і кожнага калектыву і стала адпраўной кропкай семінара-вучобы, які адкрыў і вёў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Максім БАКУРАЎ, адзначыўшы, што якой бы высокапрадукцыйнай і “разумнай” не была б сучасная сельскагаспадарчая тэхніка, але працуе на ёй чалавек. І менавіта ад яго залежыць эфектыўнасць яе эксплуатацыі, а значыць, і паспяховасць правядзення, у прыватнасці, пасяўной кампаніі, што закладвае падмурак будучаму ўраджаю, які, у сваю чаргу, уплывае на фінансава-эканамічны стан гаспадаркі, дабрабыт яе працаўнікоў.

к4-1

к-1

Начальнік райсельгасхарчу абазначыў галоўныя тэмы семінара: гатоўнасць тэхнікі, сельгасмашын і агрэгатаў да масавых веснавых палявых работ, забяспечанасць гаспадарак насеннем, пратручвальнікамі, мінеральнымі ўгнаеннямі і хімікатамі, вываз на палі і ўнясенне ў глебу арганічных кампостаў, аплата працы і стымуляванне яе, арганізацыя харчавання, быту ўдзельнікаў пасяўной кампаніі, правядзенне спаборніцтва паміж імі, захаванне патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы і папярэджанне няшчасных здарэнняў на вытворчасці, пажарная бяспека, транспартная і выканальніцкая дысцыпліны, а таксама і падрыхтоўка тэхнікі да кормаўборачнага сезона. Максім Бакураў парэкамендаваў кіраўнікам гаспадарак пазнаёміцца таксама з бытавым пакоем, што абсталяваны на машынным двары ў Малым Кудзіне, дзе маюцца і душавыя кабіны. Такія пакоі павінны быць у кожным сельгаспрадпрыемстве.

Была звернута ўвага на неабходнасць усталявання строгага ўліку ГЗМ і кантролю за іх выкарыстаннем. Нарматывы расходу паліва, напрыклад, у абавязковым парадку павінны разлічвацца на кожны дзень з улікам усіх нюансаў канкрэтнай сітуацыі, якая складваецца на той бягучы момант. Гэта мера пасадзейнічае рацыянальнаму выкарыстанню ГЗМ, уберажэ паліва ад аматараў пажывіцца на чужым.

Падрабязныя тлумачэнні па названых пытаннях парадку дня семінара-вучобы далі начальнік аддзела раслінаводства райсельгасхарчу Алег ЗАЛУЦКІ, галоўны дзяржаўны інжынер-інспектар Дзяржтэхнагляду Аляксандр АТРОШКІН, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Станіслаў БУРКО, старшы інспектар пажарнага нагляду РАНС Юрый МАРОЗАЎ і інш.

Дырэктар ААТ “Бялынічы” Мікалай СКРЫПУНОЎ паінфармаваў прысутных аб арганізацыі ў таварыстве правядзення веснавых палявых работ. Сёлета тут яравы клін складае крыху больш за 2 тысячы гектараў. У цэлым увесь комплекс выканання работ веснавога цыклу плануецца завяршыць за 22 дні. Кіраўнік сельгаспрадпрыемства падрабязна пазнаёміў з прынятымі ўмовамі працоўнага саперніцтва ўдзельнікаў пасяўной кампаніі, дадатковымі матывацыйнымі выплатамі.

Напрыклад, на сяўбе зерневых і зернебабовых культур механізатар можа за кожную змену дадаткова атрымаць 8 рублёў 30 капеек, але толькі ў тым выпадку, калі ён загорне насенне ў глебу на 50 гектарах пры якасным выкананні работ.

 

Пры двухзменцы, каб атрымаць такую ж суму даплат кожным з двух механізатараў, агульная плошча пасеянага павінна скласці 80 гектараў. На ворыве да асноўнага заробку можна дадаць яшчэ 16 з паловай рублёў  пры ўмове, што зменная выпрацоўка складзе 35 і больш гектараў. Распрацаваны і іншыя матывацыйныя ўмовы дзеля паспяховага і якаснага правядзення веснавых палявых работ. На інфармацыйным стэндзе таксама размешчаны і экран ходу правядзення комплексу глебаапрацоўчых работ і сяўбы. У ім па кожным удзельніку адлюстраваны від выкананай ім працы за дзень ці змену, аб’ём яе і пазначаецца налічаная зарплата. Іншымі словамі, параўноўвай, раўняйся на лідараў, зарабляй грошы.

Сёлета ў гаспадарках раёна неабходна атрымаць не менш за 46000 тон зерневых і зернебабовых культур, 5300 тон масла-насення рапсу, 200 – ільнотрасты, 15000 – бульбы, 2200 – садавіны.

Як адзначыў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Мікалай Кадаценка, у сельгаспрадпрыемствах ёсць усё патрэбнае, каб паспяхова выканаць названыя вышэй паказчыкі. Адной з галоўных умоў атрымання запланаванага ўраджаю з’яўляецца якаснае, тэхналагічнае правядзенне ўсяго комплексу веснавых палявых работ у спрыяльныя тэрміны. І для гэтага таксама маецца ўсё неабходнае: прафесійныя кадры, тэхніка і ГЗМ, насенне, мінеральныя і арганічныя ўгнаенні. Самае важнае зараз – па-гаспадарску усё гэта выкарыстаць на будучы ўраджай, рацыянальна і эфектыўна распарадзіцца наяўнымі магчымасцямі.

З-за наступлення ранняй вясны аграрыі раёна прыступілі ўжо да правядзення палявых работ. На палеткі вывозяцца і ўносяцца ў глебу арганічныя кампосты, вядзецца ворыва, рыхтуецца насенне… У тым жа ААТ “Бялынічы”, напрыклад, механізатар Аляксандр КАПЫТКОЎ больш як на 300 гектарах пасеяў шматгадовыя травы. Такая ж работа праводзіцца і ў іншых гаспадарках. Па меры гатоўнасці глебы і пры спрыяльным надвор’і фронт работ і тэмпы іх выканання будуць пашырацца і, адпаведна, павялічвацца. Іншымі словамі, масавая пасяўная кампанія 2017 года ў гаспадарках раёна пачалася.

Міхась КАРПЕЧАНКА. 

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *