У алкагольным дурмане

Усім вядома, што алкаголь з’яўляецца выдатным растваральнікам. Ён растварае сяброўскія адносіны, сем’і, здароўе, дабрабыт…

Бялынічанін Рыгор М. таксама патрапіў пад негатыўнае ўздзеянне “вадкай атруты”. Неаднаразова ён прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за зробленыя правапарушэнні ў стане алкагольнага ап’янення. Перш за ўсё ад “п’яных” скандалаў пакутвалі блізкія і суседзі. За свае “подзвігі” мужчына быў пастаўлены на прафілактычныя ўлікі ў РАУС і ўрача-нарколага, але за розум так і не ўзяўся.

Халодным снежаньскім вечарам Рыгор добра “падагрэўся” віном. Пакуль былая жонка была на працы, ён паводзіў сябе ў кватэры вольна. А што? Раз яны вымушаны дзяліць на дваіх агульную жылплошчу, дык няхай адчуваецца і мужчынская рука ў хаце. Таму, калі ад дзвярэй санвузла нечакана адвалілася ліштва, ён проста пакінуў яе ляжаць на падлозе.

Калі жанчына з’явілася ў кватэры, то з парога запыталася, чаму ён зламаў дзверы.

— Я нічога не ламаў! – ледзь варочаючы языком, сказаў былы муж.

— Як гэта – не ламаў? А хто тады? Я ж на працы была! – злосна адказала жонка.

Гэтыя словы падзейнічалі на Рыгора, як кіпень. Ён пачаў лаяцца, а потым схапіў нажніцы і стаў пагражаць, што зараз жанчыну заб’е. Ведаючы, што ў алкагольным дурмане той лёгка можа ажыццявіць свае думкі, гаспадыня зачынілася ў пакоі і выклікала міліцыю. Ахоўнікі правапарадку хутка супакоілі дэбашыра.

А неўзабаве адбыўся суд, рашэннем якога Рыгор М.   атрымаў за свой “геройскі” ўчынак 2 месяцы арышту.

Ігар БЕЛЬСКІ,

следчы РАСК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *