Саграваюць цяплом бабуліны ручнікі

Амаль у кожнай вясковай хаце ў правым, “чырвоным”, куце ўважлівы госць заўважыць клапатліва завешаную тоненькай фіранкай ікону, упрыгожаную вышываным, часцей за ўсё саматканым ручніком.

МаўчунСпакон вякоў нашы продкі ўпрыгожвалі іконы ручнікамі як сімваламі сувязі чалавека і Сусвету. Дый самі ручнікі-набожнікі, снежна-белыя, уяўляюць сабой ні больш, ні менш выдатныя творы мастацтва, створаныя карпатлівай працай звычайных вясковых жанчын.

— Я вельмі любіла рукадзельнічаць, — распавядае 75-гадовая жыхарка вёскі Кунцы Ганна МАЎЧУН. — У нас усе жанчыны чым-небудзь займаліся: пралі, ткалі, карункі плялі, вязалі, вышывалі… Мяне захапіла вышыўка. Спачатку крыжыкам спрабавала вышываць, а потым і гладдзю навучылася.

Ганна Сцяпанаўна беражліва дастае з шафы свае работы, раскладвае на канапе. Перад Вялікаднём у вёсцы існуе традыцыя мяняць ручнікі на іконах. У жанчыны такіх “перамен” некалькі, і кожны раз яна вагаецца: што прыгажэйшае павесіць? Кожная вышыўка блізкая да сэрца і кожная захоўвае цеплыню яе працавітых рук.

— Ніткі для работы мне прывозілі з горада, — распавядае жанчына. — А вось знайсці патрэбны ўзор было цяжкавата. Гэта зараз ёсць многа розных схем, а тады такога не было. Убачу прыгожую карцінку або паштоўку і спяшаюся яе хутчэй перавесці на кальку, а пасля і на тканіну.

Вышывала Ганна Сцяпанаўна, пакуль дзеці былі маленькія. Як толькі яны падраслі, працавала ў паляводстве, затым шчыравала на ферме ў Будніках. Спачатку даяркай, а потым і загадчыцай. А перад самай пенсіяй яшчэ і асемянатарам парабіла. Цяжкая сялянская праца, дачасныя смерці блізкіх людзей адабралі здароў’е. Апошні час жанчына шмат хварэе, дый зрок ужо не той, каб займацца любімым рукадзеллем. Радуецца, калі з Магілёва завітваюць жаданыя госці: дзеці і ўнукі. Пахвалілася, што і дваіх праўнучак мае! Будзе каму перадаць сваё майстэрства.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *