Віктар Мікалаевіч і Ніна Мацвееўна МАЗУРАВЫ па чатыры дзесяцігоддзі кожны прысвяцілі ветэрынарыі

У апошні час ў рэдакцыю раённай газеты звяртаецца шмат бялынічан са словамі ўдзячнасці на адрас сямейнай пары МАЗУРАВЫХ. Віктар Мікалаевіч і Ніна Мацвееўна па чатыры дзесяцігоддзі кожны прысвяцілі ветэрынарыі і, нягледзячы на тое, што зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынкупрацягваюць дапамагаць карыснымі парадамі.

мазуравы2

Вось ужо 53 гады Віктар Мікалаевіч і Ніна Мацвееўна ідуць поруч адной жыццёвай дарогай. Сустрэліся яны падчас вучобы ў Клімавіцкім заатэхнічным тэхнікуме, які абодва скончылі з адзнакай у 1964-м.

— Нам пашчасціла патрапіць ў лік тых (а гэта толькі 5% ад выпуску), каго накіравалі далей паглыбляць свае веды ў вышэйшую навучальную ўстанову, — успамінае Віктар Мазураў. — Сумяшчалі працу і завочную вучобу ў ветэрынарным інстытуце ў Віцебску. На адпрацоўцы я быў ў Быхаўскім раёне, а Ніна — у Бялыніцкім.

Раставанне было нядоўгім: у хуткім часе Ніна Мацвееўна перабралася да каханага на Быхаўшчыну. Там маладыя пачалі будаваць шчаслівае сямейнае жыццё, нарадзілі дзяцей.

— Жылі мы ў вёсцы Верхняя Тошчыца. Мясцовая гаспадарка, у якой я працаваў ветурачом, была слабой, — расказвае Віктар Мікалаевіч. — Аднак гэты перыяд адыграў вялікую ролю ў нашым прафесійным станаўленні, бо, як вядома, тэорыя замацоўваецца на практыцы.

У тыя гады не было такога інтэнсіўнага транспартнага руху, як зараз. Аднак у любое надвор’е і час сутак ветработнікі пешшу, на веласіпедзе або проста вярхом на кані дабіраліся да кожнай фермы ці ўласнай падсобнай гаспадаркі, дзе патрабавалася іх дапамога. Мазуравы ў адзін голас шчыра прызнаюцца, што ў маладосці на такія некамфортныя ўмовы асаблівай увагі не звярталі.

Аднак, калі сын Ігар і дачка Іна пачалі падрастаць, Віктар Мікалаевіч і Ніна Мацвееўна задумаліся аб пераездзе. Выбар прыпаў на Бялыніччыну.

Па чатыры дзесяцігоддзі Мазуравы сумленна адшчыравалі ў райветстанцыі. За гэты час яны сталі прызнанымі прафесіяналамі і дасягнулі пэўных кар’ерных вяршынь: Ніна Мацвееўна была прызначана загадчыкам ветэрынарнай аптэкі, а Віктар Мікалаевіч пэўны час выконваў абавязкі начальніка ветэрынарна-санітарнага атрада, ўрача-эпізаатолага і намесніка галоўнага ўрача райветстанцыі.

— Ветэрынарная справа складаная, але вельмі цікавая. Ніколі не шкадавалі аб тым, што ўсё сваё жыццё прысвяцілі ёй, — сцвярджаюць муж і жонка.

Ветурач – шматпрофільны спецыяліст, у арсенале якога маюцца глыбокія веды па санітарыі, экспертызе, фармацыі і заатэхніі. Ад яго пільнага кантролю залежыць росквіт жывёлагадоўлі: своечасовая прафілактыка, пісьменнае лячэнне захворванняў дазваляе атрымліваць высокія надоі, добрыя прыбаўленні ў вазе…

І нават на пенсіі муж і жонка не ведаюць спакою: бялынічане і жыхары раёна пастаянна звяртаюцца да іх па кансультацыі. Дарэчы, Ніна Мацвееўна яшчэ амаль сямнаццаць гадоў пасля выхаду на заслужаны адпачынак адпрацавала загадчыкам ветэрынарнай аптэкі. Безумоўна, павага і прызнанне з боку людзей надаюць Мазуравым шмат сіл. Толькі на восьмым дзясятку жыцця ўжо здароўя не хапае.

— На сваім вяку бачылі і добрае, і дрэннае, — гаворыць Ніна Мацвееўна. — Аднак мы поўнасцю задаволены тым, як склалася наша жыццё. Асабліва ганарымся дзецьмі і ўнукамі.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *