Дзмітрый ГОБАРАЎ правёў прамую тэлефонную лінію для жыхароў Бялыніччыны

гобараў 005Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 Дзмітрый ГОБАРАЎ у аўторак для жыхароў Бялыніччыны правёў  прамую тэлефонную лінію.

Як і чакалася, на гэты раз найбольш актуальнай тэмай зваротаў па дэпутацкае садзейнічанне стала працаўладкаванне (4 тэлефанаванні). Журналіст “Зары над Друццю”, які прысутнічаў на правядзенні прамой тэлефоннай лініі, падлічыў, напрыклад, што гутарка па першых двух зваротах заняла роўна гадзіну, а прапорцыя гэтага сумоўя склала 40 і 20 мінут.

Жанчына, якая жыве ў сельскай мясцовасці, па яе словах, блізу васьмі гадоў не працуе. Відавочна, яна адносіцца да той нешматлікай катэгорыі чалавецтва, хто на кожную прапанову найперш шукае прычыну, каб не прыняць яе. А потым абвінаваціць усіх, што ёй не жадаюць дапамагчы, перашкаджаюць працаўладкавацца… Быццам усе яны не спяць і не адпачываюць, думаючы толькі пра тое, як зрабіць ёй штосьці дрэннае.

Дэпутат цярпліва і ўважліва выслухаў жанчыну, а потым падвёў рысу:

– І я жадаю, каб кожны, хто можа працаваць, меў рабочае месца, зарабляў грошы. Ваш зварот накірую ў райвыканкам. Хто хоча працаваць, таму рабочае месца абавязкова будзе прапанавана. Тым больш, што да 1 мая ўсе працаздольныя павінны быць працаўладкаваныя.  А ў тым, што столькі гадоў не можаце знайсці работу, у першую чаргу, вы самі і вінаватыя.

Пенсіянерка з Бялынічаў таксама хацела б яшчэ з год папрацаваць. Але ніяк не можа адшукаць занятак у названай ёй арганізацыі бюджэтнай сферы. Скардзіцца на малую пенсію.

– Каб атрымліваць большую пенсію, – тлумачыць Дзмітрый Гобараў, – у свой час варта было звязаць сваю працоўную дзейнасць, скажам, з вытворчасцю, дзе вышэйшыя, чым у бюджэтнікаў, заробкі. Ці з сельскай гаспадаркай.

Дэпутат адзначыў таксама аб’ектыўную праблематычнасць уладкавацца зараз на працу ў бюджэтныя арганізацыі, паколькі там чакаецца аптымізацыя і парэкамендаваў суразмоўцы змяніць вектар пошуку працы на сельскую гаспадарку, дзе рабочыя рукі заўсёды патрэбныя. А калі з’явіцца неабходная ёй вакансія па спецыяльнасці і на яе не будзе прэтэндэнтаў з ліку беспрацоўных, пенсіянерцы могуць прапанаваць працоўны занятак.

Яшчэ адна пенсіянерка з райцэнтра хадайнічала за сына, які ў свой дзесьці каля саракагадовы ўзрост не можа знайсці пастаянную працу. А ў яго сям’і двое дзяцей. Жывуць на жончын заробак і яе, матчыну, пенсію. Жанчына патлумачыла таксама, што сын абавязаны выплаціць збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў. Звярнуўся ў райвыканкам і яму прадставілі льготу – выплаціць трэба 25 працэнтаў налічанай сумы.

Адносна выплаты збору па Дэкрэце № 3 Дзмітрый Гобараў сказаў бялынічанцы, што, у адпаведнасці з распараджэннем кіраўніка дзяржавы, сёлета выплачваць яго на суфінансаванне дзяржаўных расходаў не трэба. Дэкрэт № 3 не адменены, зараз на месцах праводзіцца работа па ўдакладненні плацельшчыкаў: выяўляюцца тыя з іх, хто можа працаваць, але не працуе, заняты ў ценевай эканоміцы,  атрымлівае зарплату ў канвертах, робіць за межамі Беларусі. Яны абавязаныя ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржвыдаткаў. Усім жадаючым будуць прадастаўлены рабочыя месцы. Сыну таксама неабходна працаўладкавацца, яму будзе даведзены пералік вакансій, якія маюцца ў раёне. Няхай сам выбірае, што больш падыходзіць, і працуе. Самаручна зарабляе для сябе і сваёй сям’і грошы.

Яшчэ адзін званок дэпутату. Маці хадайнічае за дачку. Па яе словах, тая працавала ў арганізацыі, жыла ў інтэрнаце. У пошуках большага заробку зволілася. Цяпер апынулася, вобразна кажучы, каля разбітага карыта: і працы не мае, і з інтэрната трэба сыходзіць.

Дзмітрый Гобараў адказаў, што каб аб’ектыўна разабрацца ў гэтай жыццёвай сітуацыі, трэба вывучыць адпаведныя дакументы. Бо часта атрымліваецца так, што на словах гаворыцца адно, а ў рэальнасці паўстае зусім адваротная карціна. У кожнага чалавека свая праўда. І яна патрабуе не эмоцый, а дакументальнага пацвярджэння.

Дэпутат парэкамендаваў усім трымацца за сваё працоўнае месца, добра працаваць і даражыць тым, што маюць сёння.

Паступіў зварот і ад сям’і жыхароў Бялынічаў, якая не можа ўвесці ў эксплуатацыю ўзведзены дом. Па іх словах, прычына заключаецца ў незаконна пабудаваным імі, без узгадненя з адпаведнымі службамі, гаражы і самавольным захопе 30 метраў квадратных зямлі. Цяпер, каб прыняць дом у эксплуатацыю і жыць у ім, неабходна знесці гараж.

– Будзем вырашаць няпростую вашу праблему, – адказаў Дзмітрый Гобараў. – Па-добраму, па-жыццёваму… Але спачатку спецыялісты ў ёй дэтальна разбяруцца, унясуць свае прапановы.

Нагадаем, што дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 Дзмітрый Гобараў праводзіў для жыхароў Бялыніччыны прамую тэлефонную лінію. На яе звярнуліся і двое мужчын, якія папрасілі прыняць іх асабіста. Дэпутат не адмовіў гэтым жыхарам райцэнтра ў іхнім жаданні. На прыёме гутарка вялася аб шляхах сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і раёна, камунальна-побытавых, жыццёвых пытаннях.

Міхась КАРПЕЧАНКА.     

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *