Ад сямейнага тырана абароніць закон

Норма беларускага заканадаўства пад назвай “Ахоўнае прадпісанне” дзейнічае амаль тры гады. Карэспандэнт “Зары над Друццю” пагутарыла наконт яе з намеснікам начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС Магаблвыканкама  Аленай БЕГУНОВАЙ.

бегунова— Парадак дзеянняў у рамках ахоўнага прадпісання вызначаны артыкулам 31 Закона Рэспублікі Беларусь ад 04.01.2014 года № 122-3 “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”. Дадзеная мера накіравана на супрацьдзеянне гвалту ў сям’і.

Ахоўнае прадпісанне выносіцца таму, хто робіць адміністрацыйнае правапарушэнне ў сферы сямейна-бытавых адносін паўторна на працягу года. Такім чынам, пасля першага правапарушэння агрэсару абвяшчаецца афіцыйнае папярэджанне, а вось другое, паўторнае, і з’яўляецца падставай для вынясення ахоўнага прадпісання.

— Якія абмежаванні прадугледжаны гэтай нормай заканадаўства?

— Па рашэнні органаў унутраных спраў хатняга тырана могуць абавязаць часова (ад 3 да 30 сутак) пакінуць памяшканне, у якім ён пражывае разам з пацярпелай асобай. Таксама ахоўнае прадпісанне забараняе парушальніку сямейнага спакою распараджацца сумеснай уласнасцю, высвятляць месцазнаходжанне сваіх ахвяр, мець зносіны з пацярпелымі, у тым ліку па тэлефоне і праз інтэрнэт.

Закон распаўсюджваецца не толькі на сямейныя пары, якія знаходзяцца ў афіцыйным шлюбе, і сваякоў, але і на тых, хто пражывае сумесна і вядзе агульную гаспадарку без афіцыйнай рэгістрацыі.

— У асноўным ад гвалту ў сям’і церпяць жанчыны…

— Звыш 90%. Аднак не ўсе звяртаюцца ў міліцыю. Адны кіруюцца прынцыпа: “Б’е – значыць, кахае”, і стойка церпяць бясконцыя скандалы, пабоі і абразы, нікому пра гэта не расказваючы. Іншыя проста баяцца папрасіць дапамогі.

Ад сямейнага тырана абароніць закон, а высокваліфікаваныя спецыялісты сацыяльных служб дапамогуць ахвяры справіцца са складанай сітуацыяй і адаптавацца да нармальнага жыцця. Дарэчы, у Бялынічах у цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па вуліцы Савецкая, 37 працуе крызісны пакой.

— Ці можна прыцягнуць да адказнасці за так званы псіхалагічны гвалт?

— Так. Згодна частцы 2 артыкула 9.1 КаАП Рэспублікі Беларусь, прычыненне псіхічных або фізічных пакут, болю, нанясенне пабояў без цялесных пашкоджанняў блізкаму сваяку ці члену сям’і караюцца штрафам у памеры да 10 базавых велічынь або адміністрацыйным арыштам.

— Якім чынам кантралюецца выкананне ахоўнага прадпісання?

— На працягу дзеяння дадзенай меры ўчастковы інспектар сочыць за тым, як крыўдзіцель выконвае патрабаванні закона. Супрацоўнік праваахоўных органаў таксама наведвае пацярпелага дома, тэлефануе яму, каб пераканацца ў тым, што сямейны тыран больш не парушае спакой сваёй ахвяры.

У выпадку невыканання ахоўнага прадпісання, у адпаведнасці з артыкулам 23.4 КаАП Рэспублікі Беларусь, такі грамадзянін прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці (штраф ад 2 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт).

Увогуле, праблема сямейнага гвалту не губляе сваёй актуальнасці. Яе рашэнне  залежыць ад эфектыўнасці міжведамаснага ўзаемадзеяння і ранняй прафілактыкі. Супрацоўнікі міліцыі пастаянна праводзяць спецыяльныя мерапрыемствы і акцыі, накіраваныя на своечасовае выяўленне хатніх тыранаў. Падчас іх асаблівая ўвага ўдзяляецца патэнцыяльным ахвярам – неабароненым катэгорыям насельніцтва. Многае залежыць і ад саміх людзей: маўчаць пра гвалт у сям’і нельга, бо гэта сур’ёзнае злачынства.

Гутарыла Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара.

ДАРЭЧЫ

З пачатку бягучага года супрацоўнікі РАУС вынеслі ўжо 5 ахоўных прадпісанняў у адносінах да жыхароў Бялыніччыны.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *