Свайго няма, дык трэба красці?

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, на пазамінулым тыдні на грамадзян былі складзены 16 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку 9 за знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах, 4 – за прычыненне пабояў. Таксама за гэты час супрацоўнікі РАСК узбудзілі 2 крымінальныя справы, а работнікі АДАІ выявілі 129 парушэнняў правіл дарожнага руху. Затрыманы 1 нецвярозы кіроўца.

Веласіпед. Раніцою 13 сакавіка ў аператыўную дзяжурную службу РАУС звярнулася бялынічанка з заявай аб тым, што знік яе веласіпед “Стэлс”. Яшчэ вечарам у нядзелю жанчына “прыпаркавала” яго ў пад’ездзе свайго дома па вуліцы Будаўнікоў. Праваахоўнікі хутка знайшлі злодзея. Узбуджана крымінальная справа.

Чаго не едзе? Невядомы зняў акумулятар з аўтамабіля ВАЗ, які належыць жыхару аграгарадка Вялікая Машчаніца. Машына стаяла на вытворчай тэрыторыі райаграпрамтэхзабеспячэння. Узбуджана крымінальная справа.

Сіла кахання. Мужчына з вёскі Навасёлкі пасля алкагольнай вечарыны збіў сваю сужыцельку. Жанчына з закрытым пераломам правага перадплечча да-стаўлена ў ЦРБ. Супрацоўнікі РАСК праводзяць праверку.

Драбнюсенькі крадзёж. 15 сакавіка наведвальнік кафэ “Бабуліна хата”, што знаходзіцца ва ўніверсаме “Ластаўка”, скраў сервіравальную сурвэтку. На няўдалага злачынцу складзены адміністрацыйны пратакол за дробны крадзёж.

Надзейная ахова? Падчас начнога рэйду міліцыянеры з цяжкасцю адшукалі вартаўніка галоўчынскага мехдвара ААТ “Бялынічы”, бо на сельскагаспадарчым аб’екце адсутнічала асвятленне. Таксама ў поўнай цемры знаходзілася і суседняя МТФ, а яе вартаўнік мірна спаў на сваім працоўным месцы.

Не журчыць больш “Ручаёк”. Нехта абакраў гараж па вуліцы Піянерская ў Бялынічах. Па словах гаспадароў, злодзей знёс электрапомпу “Ручаёк” і восем аўтамабільных лямпачак для ВАЗа. Супрацоўнікі РАСК праводзяць праверку.

Наведвальніца. 19 сакавіка па дзіцячым аддзяленні ЦРБ шпацыравала жанчына ў стане алкагольнага ап`янення. На наведвальніцу “пад мухай” праваахоўнікі склалі адміністрацыйны пратакол.

Есці захацеў. 19 сакавіка жыхар вёскі Замачулле скраў з дома сваёй суседкі прадукты харчавання. Па дадзеным факце праводзіцца праверка.

Пагаспадарылі. Невядомыя выбілі ў дачным доме, што ў аграгарадку Свяцілавічы, два вакны і знеслі электрапліту. Супрацоўнікі РАСК праводзяць праверку.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *