У Бялынічах прайшоў раённы “Кірмаш вакансій” (працяг)

У Бялынічах прайшоў раённы “Кірмаш вакансій”. У малай зале РЦК сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, якія адказваюць за кадравую работу, суіскальнікі працоўных месцаў.

Адкрываючы сустрэчу, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга ТАРАН (на здымку) адзначыла, што такое мерапрыемства з’яўляецца добрай магчымасцю асабіста пагутарыць з прадстаўнікамі працадаўцаў і атрымаць актуальную інфармацыю, што называецца, з першых вуснаў. А прадстаўлены на “Кірмашы вакансій” былі ўсе сферы: сельская гаспадарка, прамысловасць, будаўніцтва, гандаль, сацыяльная і культурная.

Што тычыцца рынку працы ў цэлым, то, згодна інфармацыі, прадстаўленай наймальнікамі ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, па стане на 1 сакавіка 2017 года ў раёне налічваецца 77 свабодных працоўных вакансій (з іх 30 – па рабочых прафесіях), у тым ліку 45 – у Бялынічах і 32 – у сельскай мясцовасці. У мінулым годзе ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама ў якасці беспрацоўных былі зарэгістраваны 540 чалавек, 425 з іх атрымалі дапамогу па працаўладкаванні. З пачатку бягучага года працаўладкаваны 87 чалавек.

Устойлівы характар носіць попыт наймальнікаў на такіх спецыялістаў, як ветэрынарны ўрач, заатэхнік, аграном, інжынер-механік. Арганізацыі раёна адчуваюць таксама патрэбу ў бухгалтарах, прадаўцах і касірах.

Гэту статыстыку пацвердзілі ў сваіх выступленнях і прадстаўнікі працадаўцаў. Акрамя таго, на сёння ёсць вакансіі машыністаў экскаватара і бульдозера (ААТ “ПМК-82 Вадбуд”), трактарыста-машыніста (ААТ “Новая Друць” і ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне”), жывёлавода (ААТ “Аграсэрвіс”) і г.д.

На перыяд пошуку беспрацоўнымі сталага месца працы служба занятасці арганізоўвае аплачваемыя грамадскія работы. За мінулы год у іх   удзельнічалі 213 чалавек. Прадаўжаецца такая практыка і сёлета. Напрыклад, зараз можна прыняць удзел у работах па ачыстцы ад камянёў палёў СВК “Калгас “Радзіма”. Таксама будуць прыцягваць людзей да сезонных работ па грамадзянска-прававых дагаворах: лясгас – для пасадкі лясных культур і праполкі насаджэнняў у гадавальніках, райста – для вынаснога гандлю, а сельгасарганізацыі – пастухоў на кругласутачны выпас жывёлы.

Пастаянна праводзіцца перанавучанне беспрацоўных прафесіям, якія запатрабаваныя на рынку працы. 30 сакавіка пачнецца навучанне па спецыяльнасцях “Прадавец”, “Машыніст крана”, “Швачка”, “Дарожны рабочы”, “Слесар па рамонце аўтамабіля”, “Муляр-тынкоўшчык”, а з пачатку красавіка – “Цырульнік”, “Кандытар”, “Станочнік дрэваапрацоўчых станкоў” і іншыя, у тым ліку з гарантыяй працаўладкавання.

Намеснік старшыні райвыканкама Алена КОТАСАВА звярнула ўвагу прысутных суіскальнікаў на тое, што яны таксама могуць паспрабаваць свае сілы ў прадпрымальніцкай дзейнасці і атрымаць у гэтым дапамогу ад службы занятасці. Гэта і навучанне, і спрыянне ў арэндзе памяшкання для працы, і фінансавая падтрымка. Напрыклад, летась 8 беспрацоўных атрымалі для адкрыцця ўласнай справы бязвыплатныя субсідыі. Яны складаюць 11 бюджэтаў пражытковага мінімуму для сельскай мясцовасці і 15 – для горада. Алена Котасава таксама нагадала пра рамесную дзейнасць і такую, пакуль яшчэ слаба развітую, як аграэкатурызм.

Напрыканцы сустрэчы беспрацоўныя мелі магчымасць асабіста звярнуцца да прадстаўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, падрабязней распытаць пра вакансіі, якія існуюць зараз або з’явяцца ў бліжэйшы час, пазнаёміцца з патрабаваннямі да кандыдатаў і спецыфікай прадпрыемстваў, а таксама пакінуць свае каардынаты для магчымага супрацоўніцтва ў перспектыве.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *