Адбылася 31-я сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання

Адбылася 31-я сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання, у парадак дня якой былі ўнесены 8 пытанняў, у тым ліку: “Справаздача аб працы Бялыніцкага раённага выканаўчага камітэта па сацыяльнаэканамічным развіцці раёна ў 2016 годзе”, “Справаздача аб працы прэзідыума Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў па павышэнні ролі органаў мясцовага самакіравання ў рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва раёна ў 2016 годзе”, “Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні раённага бюджэту за 2016 год”. На сесіі прысутнічалі і выступілі з прамовамі старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА і старшыня пастаяннай  камісіі па бюджэце, фінансах і падаткаабкладанні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Раіса ЛЫЧКОЎСКАЯ.

Паколькі дзве першыя справаздачы былі надрукаваныя ў раённай газеце “Зара над Друццю” і з імі своечасова пазнаёміліся дэпутаты, вырашана было пачаць іх абмеркаванне.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр АСІПЁНАК  у сваім выступленні падрабязна спыніўся на выніках работы, якая была праведзена за справаздачны перыяд па добраўпарадкаванні Бялынічаў і сельскіх населеных пунктаў. Напрыклад, цягам мінулага года адрамантаваны 685 шахтных калодзежаў, 174 – затампанаваны, на тэрыторыях сельсаветаў ліквідавана 491 несанкцыянаваная сметніца, знесены 223 пустуючыя і трухлявыя дамы і пабудовы, наведзены санітарны парадак на тэрыторыях больш за 100 паселішчаў, на грамадзянскіх могілках устаноўлена 316 новай і парамантавана больш за паўтары тысячы пагонных метраў агароджы, уведзены ў сельскагаспадарчы абарот 36 гектараў зямлі, якая дагэтуль не выкарыстоўвалася.

Дакладчык адзначыў, што ў мінулым годзе санітарны стан і ўзровень праведзенай работы па добраўпарадкаванасці паселішчаў прымала спецыяльна створаная раённая камісія, што дазволіла выпрацаваць агульныя падыходы і крытэрыі ацэнкі гэтай працы, дайсці да гаспадара кожнага домаўладання і вывесці многіх уласнікаў нерухомасці са своеасаблівага псіхалагічнага сну.

Актыўная работа па ўсіх названых накірунках працягваецца і сёлета.

Старшыня Цяхцінскага сельсавета Аляксандр ЦЫБУЛЬСКІ спыніўся на працы з насельніцтвам па вырашэнні пытанняў яго жыццезабеспячэння, якая праводзіцца ў цесным узаемадзеянні з кіраўніцтвам ААТ “Новая Друць”, старастамі вёсак, адпаведнымі раённымі структурамі, установамі мясцовай сацыяльнай інфраструктуры. Сярод самых надзённых праблем выступоўца назваў паводзіны некаторых гараджан, якія на выхадныя дні прыязджаюць на свае лецішчы, у госці да бацькоў і пакідаюць за сабой горы смецця, брудзяць у месцах агульнага выкарыстання.

Своеасаблівую ролю ў далейшым развіцці ўзаемадзеяння органаў улады, мясцовага самакіравання з насельніцтвам закліканы адыгрываць ОТГС – органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, у якія ўваходзяць вулічныя і дамавыя камітэты, старасты населеных пунктаў. Адзначым, што на сёння ў сельскай мясцовасці на грамадскіх пачатках працуюць 117 стараст паселішчаў, якія з’яўляюцца ўнікальным звяном паміж насельніцтвам вёсак і адпаведнымі сельсаветамі. Адна з асноўных іх задач палягае ў актыўным абуджэнні ініцыятыў мясцовага жыхарства па шырокім прыцягненні яго да вырашэння жыццёвых пытанняў свайго ж канкрэтнага паселішча. Іншымі словамі, старасты яднаюць сваіх аднавяскоўцаў і павінны разам з імі апераджаць узнікненне магчымых побытавых праблем.

Пераможца раённага спаборніцтва за 2016 год у намінацыі “Органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання” стараста аграгарадка Вішоў Валянціна ТАРАСАВА распавяла, што гэтыя свае грамадскія абавязкі яна стараецца сумленна выконваць ужо больш за дзесяць гадоў. Сярод мясцовага насельніцтва, а ў аграгарадку прыжывае 1314 чалавек, ёсць яшчэ, на вялікі жаль, і такія, хто лічыць, што пакінутае імі смецце за іх саміх павінен нехта прыбіраць.

– Папярэджваем іх, – гаворыць лепшы стараста раёна, – тлумачым. Калі не даходзяць словы, тады пачынае сваё выхаваўчае ўздзеянне штрафны рубель. Калі б усе добрасумленна адносіліся да навядзення і падтрымання парадку вакол сваёй сядзібы, на сваёй вуліцы, каб не смецілі, у нас была б выключная прыгажосць. А так, адны бессаромна смецяць, іншыя – прыбіраюць.

Валянціна Тарасава адзначыла таксама, што ў цэлым за апошні час у лепшы бок прыкметна змяніліся адносіны насельніцтва сельсавета да парадку, добраўпарадкавання. Многіх ужо не трэба ўпрошваць, каб выйшлі на суботнік. А жыхары Нежкава, напрыклад, праявілі ініцыятыву і пачысцілі, добраўпарадкавалі калодзежы, з якіх самі бяруць ваду.

Старшыня райвыканкама Мікалай Кадаценка падкрэсліў, што ў мінулым годзе праца мясцовай выканаўчай улады была накіравана на павышэнне эфектыўнасці дзейнасці рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы. Пры гэтым, вялікая ўвага надавалася стварэнню ўмоў для стымулявання дзелавой актыўнасці, ініцыятывы, нарошчванню і дыверсіфікацыі экспарту, развіццю малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, эканоміі рэсурсаў і зніжэнню затрат на вытворчасць і рэалізацыю атрыманай прадукцыі.

Кіраўнік раёна коратка спыніўся на паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2016 год, назваў прычыны пэўных недапрацовак, адна з якіх наступная: кожны павінен добра, прафесійна працаваць на сваім рабочым месцы. У якасці прыкладу для пераймання Мікалай Кадаценка спаслаўся на СВК “Калгас “Радзіма”, дзе паспяхова дзейнічае ўласная матывацыйная сістэма, якая распаўсюджваецца на кожнага работніка, спецыяліста, кіраўніка структурнага падраздзялення і яднае ўсіх на паспяховае выкананне пастаўленых задач.

– Будзе добрая праца, будзе і канкурэнтаздольная прадукцыя, – заўважыў старшыня райвыканкама. – А будзе рэалізацыя яе, і заробак работнікі атрымаюць высокі.

У сваім выступленні кіраўнік раёна спыніўся і на некаторых важных  тэмах бягучага моманту. Напрыклад, на выкананні патрабаванняў  Дэкрэта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. У раёне праведзена праца па карэкціроўцы спісу тых, хто абавязаны выплачваць вызначаную суму збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Служба занятасці разам з працадаўцамі альбо іх прадстаўнікамі праводзяць “Кірмашы вакансій”, якімі на працягу красавіка будзе ахоплена, у тым ліку, і беспрацоўнае насельніцтва ўсіх сельскіх Саветаў. Хто хоча працаваць, таму праца абавязкова знойдзецца. Станоўчыя моманты названага дэкрэта заключаюцца яшчэ і ў тым, што ён скіраваны супраць ценевай эканомікі, выдачы заработнай платы ў канвертах. Плаціць падаткі павінны ўсе, хто абавязаны гэта рабіць па законе.

Звяртаючыся да дэпутацкага корпуса раёна, Мікалай Кадаценка заклікаў кожнага з народных абраннікаў актыўней праяўляць сябе на грамадскай працы, быць нераўнадушным да жыцця раёна і сваёй выбарчай акругі, весці людзей за сабой, стаць аўтарамі карысных ініцыятыў і пачынанняў. Кіраўніцтву ж райсавета ён парэкамендаваў адрадзіць практыку заслухоўвання на сесіях справаздач дэпутатаў аб іхняй працы ў сваіх выбарчых акругах.

Да слова сказаць, у прынятым сесіяй рашэнні “Аб працы прэзідыума Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў па павышэнні ролі органаў мясцовага самакіравання ў рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва раёна ў 2016 годзе” прадугледжана развіццё гэтай тэматыкі, і дэпутатам райсавета прадпісана актывізаваць сваю працу ў выбарчых акругах, двойчы на год праводзіць справаздачы перад выбаршчыкамі, штомесячна ўдзельнічаць у дні дэпутата, прадоўжыць практыку цеснага ўзаемадзеяння з насельніцтвам дзеля вывучэння і сумеснага вырашэння праблем, запытаў і паўсядзённых патрэбнасцей яго, а таксама глыбей унікаць у праблемы сваіх акруг, больш рашуча выкарыстоўваць свае правы і паўнамоцтвы для вырашэння жыццёвых пытанняў жыхароў.

На 31-й сесіі раённага Савета дэпутатаў была зацверджана справаздача аб выкананні райбюджэту за 2016 год, якую зрабіў перад дэпутатамі начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Сяргей ІЛЬЧУК.  Ён паінфармаваў, што выкананне раённага бюджэту па даходах склала 26398358,77 руб., па расходах – 26505355,16  руб., з перавышэннем расходаў над даходамі на 106996,40 рубля. Узровень датацыйнасці яго зніжаны на 3,7 працэнта і дасягнуў 55,7 працэнта пры зацверджаных бюджэтам 59,4 працэнта. Раённы бюджэт, як і ў папярэднія гады, захаваў сваю сацыяльную накіраванасць.

Прынятае рашэнне раённага Савета дэпутатаў “Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні раённага бюджэту за 2016 год” будзе надрукавана ў адным з бліжэйшых нумароў газеты “Зара над Друццю”.

Дэпутаты абмеркавалі і прынялі адпаведныя рашэнні па ўсіх астатніх пяці пытаннях, што былі ўнесены ў парадак дня правядзення 31-й сесіі раённага Савета дэпутатаў.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *