Прама ў аграгарадку Вялікая Машчаніца стараннямі мясцовых жыхароў утварылася стыхійная звалка

— Сюды ўсе звозяць сваё смецце, — незадаволена буркнула жанчына і гучна ляснула дзвярыма.

Прама ў аграгарадку Вялікая Машчаніца стараннямі мясцовых жыхароў утварылася стыхійная звалка. Куча бытавых адходаў, якая размясцілася каля самага краю дарогі на МТК “Машчаніца”, у прамым сэнсе выдала імёны сваіх стваральнікаў: супрацоўнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя разам са спецыялістамі сельвыканкама знайшлі ў ёй лісткі з вучнёўскага сшытка за 7 клас і рэцэпт урача з выразна бачным прозвішчам пацыента.

машч

— Настаўнікі нашай школы разгледзелі гэтыя лісткі і пазналі почырк свайго вучня, — гаворыць старшыня Машчаніцкага сельвыканкама Іна НАПРЭЕНКА. — А па нумары рэцэпта на лекі можна лёгка ўстанавіць, каму ён быў выдадзены.

Узяўшы ў рукі знойдзеныя доказы, прадстаўнікі мясцовай улады і начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый СІМАНАЎ накіраваліся да домаўладання парушальнікаў на вуліцу Новая. На парозе іх сустрэла мнагадзетная маці, якая адразу ж катэгарычна заявіла — ніякіх штрафаў плаціць яна не будзе. Сваю пазіцыю жанчына аргументавала тым, што ўсе жыхары аграгарадка зносяць туды сваё смецце. Аднак пасля прад’яўлення доказаў яна пацішэла і прызнала сваю віну. Абяцанне ліквідаваць несанкцыянаваную звалку маці вялікага сямейства выканала 25 сакавіка, падчас раённага суботніка.

— У адносінах да грамадзянкі складзены адміністрацыйны пратакол па арт. 15.63 КаАП Рэспублікі Беларусь (“Парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі”) і прызначаны штраф на 7 базавых велічынь, — адзначае Юрый Сіманаў. — Незразумела, чаму людзі выкідаюць бытавое смецце ўсюды, акрамя спецыяльных кантэйнераў?

А вось нядбайная гаспадыня, якая жыве на вуліцы Чэкістаў у Вялікім Нежкаве, за сваю гару смецця заплаціла штраф у 10 базавых велічынь. Адметна, што яна не стала турбаваць сябе, каб несці адходы кудысьці далей ад сядзібы: жанчына пакінула іх усяго ў 10 метрах ад варот сваёй сядзібы.

Некаторыя домаўладальнікі не заключаюць з БУКП “Жылкамгас” дагавор на вываз смецця. Напэўна, яны думаюць, што танней кінуць яго дзе-небудзь у лесе ці прама пад суседавай агароджай. Паразважайце: паслуга камунальнікаў у разліку на аднаго чалавека ў месяц абыдзецца сямейнаму бюджэту крыху больш за 1 беларускі рубель, а максімальны штраф за несанкцыянаваную звалку – 50 базавых велічынь (1 150 беларускіх рублёў). Падумайце!

ДАРЭЧЫ

Летась супрацоўнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя склалі 20 пратаколаў на агульную суму 1 953 беларускія рублі за парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі. А ўжо з пачатку бягучага года – 4 пратаколы на суму 667 беларускіх рублёў.

Вольга ГОЛЬЦАВА.

Фота аўтара.

 

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *