Вішоўцы запальваюць зоркі

Сёлета народны вакальны ансамбль “Вабічанскія ўзоры”, што дзейнічае пры Вішоўскім СЦКіВЧ, адзначае аж два юбілеі: 30 гадоў з дня заснавання і 10 – як абаранілі званне народнага калектыву.

“Вабічанскія ўзоры” сталі сапраўднай зоркай не толькі мясцовай сцэны, але раённых і нават абласных артыстычных пляцовак.

Традыцыі, закладзеныя шмат гадоў таму заснавальніцай ансамбля, мастацкім кіраўніком былога сельскага дома культуры ПМК-83 Надзеяй ГЕРЧУК, зараз працягвае новы кіраўнік Алена КАЛАКУСТАВА. Ансамбль захоўвае і папулярызуе такія традыцыйныя святы і абрады нашых продкаў, як Каляды, Масленіца, Купалле, Пакровы…

Па ініцыятыве старшыні праўлення СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандра ЛАПАЦЕНТАВА гэтыя святы атрымалі другое жыццё і з’яўляюцца  масавымі і самымі любімымі ў жыхароў і гасцей аграгарадка Вішоў.

Кажучы аб дзейнасці мясцовых культработнікаў, нельга не ўзгадаць і той факт, што Вішоўскі СЦКіВЧ шмат разоў прызнаваўся лепшай сельскай установай культуры ў    раёне і вобласці.

З усімі дасягненнямі цэнтра культуры за мінулы год усе жадаючыя маглі пазнаёміцца на выставе “Юбілейны зоркапад”, якую арганізавалі работнікі клубнай установы і бібліятэкі да выніковага справаздачнага канцэрта.

Што-што, а зрабіць са звычайнага мерапрыемства нешта незвычайнае вішоўцы ўмеюць. І здзівіць могуць таксама. У гэты дзень на мясцовай сцэне запалілася не адна зіхоткая зорачка таленту і прыгажосці.

Ваб

Платье

Очки

Доярки

Гледачы з вялікім задавальненнем апладзіравалі ўдзельнікам аб’яднанняў па інтарэсах “Рытм” і “Мелодыя”, калектыву педагогаў Вішоўскага філіяла дзіцячай школы мастацтваў, юным салістам дзіцячага ансамбля “Карусель”.

Удзельніцы тэатральнага гуртка Людміла ШУТ і Вольга КАВАЛЁВА пагарталі разам з усімі часопіс у гумарыстычнай сцэнцы “Гламурныя даяркі”, а члены жаночага клуба “Ірына” зрабілі на сцэне сапраўднае дэфіле ўбораў з шалікаў і шыйных хустачак.

І для пастаянных наведвальнікаў аматарскага аб’яднання “Сямейны клуб “Гармонія” таксама надышла хвіліна славы. Мнагадзетныя сем’і з ліку актывістаў аб’яднання падарылі гледачам прыгожыя творчыя нумары.

Безумоўна, якое ж свята без выступлення народнага ансамбля “Вабічанскія ўзоры”? Яны парадавалі сваіх прыхільнікаў новай песняй.

Падчас канцэрта кожны яго ўдзельнік атрымаў хвіліну славы і шчырыя апладысменты гледачоў.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *