У мінулую суботу ў РЦК адбыўся агульнараённы бацькоўскі сход

У мінулую суботу ў РЦК адбыўся агульнараённы бацькоўскі сход на тэму: “Правільны выбар прафесіігарант паспяховай прафесійнай дзейнасці”.

Менавіта ў школе ў дзяцей закладваюцца навыкі і ўменні, што спатрэбяцца ў будучым, праяўляюцца здольнасці, якія паўплываюць на іх далейшае жыццё і дзейнасць. Вялікую ролю ў фарміраванні патрэбнасці ў будучай прафесіі адыгрываюць і бацькі. Хто, як не яны, ведаюць магчымасці і жаданні свайго дзіцяці, і ў большай ступені могуць накіроўваць яго пры выбары той ці іншай спецыяльнасці.

Таму асноўнай мэтай раённага бацькоўскага сходу было сумеснае каардынаванне дзейнасці па фарміраванні ў падрастаючага пакалення правільных адносінаў да выбару будучай прафесіі.

Бацькі

Аб асноўных этапах фарміравання прафесійнай самасвядомасці асобы ў сістэме прафарыентацыйнай работы расказала педагог-псіхолаг СШ №2  Зоя САГІНА.

Начальнік адзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна МЯКШЫНА паведаміла пра найбольш запатрабаваныя сёння на рынку працы спецыяльнасці. Асабліва яна спынілася на прафесіях, у якіх мае патрэбу наш раён, паінфармавала і аб тым, якія новаўвядзенні будуць у сёлетняй уступнай кампаніі.

Аб асаблівасцях прафесій медыкаў, будаўнікоў і работнікаў культуры гаварылі запрошаныя госці: галоўны ўрач ЦРБ Павел МАНЬКО, намеснік дырэктара ПМК-241 па ідэалагічнай рабоце Таццяна ЛІСОЎСКАЯ, інспектар аддзела кадраў БУКП “Жылкамгас” Вольга КАРЧАГІНА і дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Святлана КАНДРАЦЬЕВА. Яны падмацавалі свае словы праглядам тэматычных фільмаў і слайдаў, а таксама расказалі бацькам, як можна атрымаць з іх устаноў мэтавыя накіраванні, гарантыі таго, што ў будучыні маладыя спецыялісты будуць забяспечаны першым рабочым месцам.

Аб асаблівасцях навучання ў Горацкай сельгасакадэміі распавёў загадчык кафедры селекцыі і генетыкі раслін Яўген РАЎКОЎ, а загадчык практыкі Клімавіцкага аграрна-тэхнічнага каледжа Аляксей ЛІНДА пазнаёміў прысутных з правіламі прыёму і спектарам прафесій, якія выпускнікі школ могуць атрымаць у гэтай навучальнай установе.

Напрыканцы сходу адбылося ўзнагароджанне бацькоў падзячнымі лістамі аддзела адукацыі, спорту і турызму за ўзорнае выхаванне дзяцей. Сярод іх Уладзімір і Вольга ЛАШКЕВІЧЫ, Сяргей і Вольга ЧЭКАНЫ, Таццяна і Віталь ШЫЛАВЫ, Людміла і Аляксандр СМАЛЯКОВЫ, Васіль і Ніна АРЦЁМАВЫ, Рыгор і Наталля РЫБАКОВЫ і іншыя.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *