У мінулую суботу прайшоў чарговы агульнараённы суботнік

Працягваецца месячнік чысціні, падчас якога штодзённа наводзіцца і падтрымліваецца парадак на тэрыторыях, што замацаваныя за арганізацыямі, прадпрыемствамі, установамі і гаспадаркамі, на іх вытворчых зонах, у месцах агульнага выкарыстання. Актывізавалася і праца па прывядзенні фасадаў адміністрацыйных і вытворчых будынкаў, дамоў, агароджаў вакол іх у належны эстэтычны стан. 

У рамках месячніка чысціні праведзены ўжо два агульнараённыя суботнікі, а ў сельскіх  Саветах яны арганізоўваюцца штотыднёва. Старшыня Запольскага сельвыканкама Марыя ЛІСТАПАДАВА адзначае, што большасць жыхароў паселішчаў сельсавета актыўна ўключыліся ў грамадскую працу па навядзенні парадку, наводзяць чысціню вакол сваіх сядзіб і на ўласных зямельных участках. Не застаюцца ў баку ад гэтай справы і гараджане, якія маюць лецішчы альбо наведваюць бацькоў у выхадныя дні.

– Перайначыць побытавую псіхалогію чалавека вельмі складана, – прадаўжае думку калегі старшыня Лебядзянкаўскага сельсавета Леанід КОРШУНАЎ. – Але магчыма. І тое, што зараз вяскоўцы актыўна выходзяць на грамадскія работы па добраўпарадкаванні сваіх паселішчаў, больш увагі пачалі надаваць падтрыманню парадку і чысціні вакол уласных сядзіб, займаюцца дызайнерскім афармленнем іх, – усё гэта з’яўляецца адным са станоўчых вынікаў праводзімай інфармацыйна-растлумачальнай працы. Па вялікім рахунку, парадак наводзіцца перш за ўсё для сябе. І за цябе ніхто гэту працу не зробіць.

У мінулую суботу прайшоў чарговы агульнараённы суботнік, удзельнікі якога прадоўжылі наводзіць парадак на замацаваных за арганізацыямі тэрыторыях, у зонах масавага адпачынку, на грамадзянскіх могілках, воінскіх пахаваннях і мемарыяльных мясцінах, звязаных з падзеямі перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Напрыклад, сіламі калектываў райпалівазбыту, фінансавага аддзела райвыканкама, райсавета дэпутатаў, Свяцілавіцкага лясніцтва і інш. быў ачышчаны ад ветравалу вялікі ўчастак ляснога масіва каля Запакульскіх грамадзянскіх могілак. У гэту перадвелікодную суботу працоўныя калектывы арганізацый раёна наводзілі парадак на ўсіх замацаваных за імі могілках.

Таксама кожны гаспадар сядзібы, зямельнага ўчастка да канца бягучага тыдня абавязаны навесці належны санітарны парадак на сваёй тэрыторыі.

Паколькі спрыяе надвор’е, фазу актыўнасці набірае і праца па афарбоўцы агароджаў, фасадаў адміністрацыйных і вытворчых будынкаў. Далучаюцца да яе і ўладальнікі жылля ў прыватным сектары райцэнтра, вяскоўцы.

лс7

лс2

лс5

лс6

Акурат на мінулую суботу прыпаў заключны этап рэспубліканскай добраахвотнай акцыі “Тыдзень лесу”. Да слова сказаць, сёлета яна прайшла ў дзясяты раз і прысвячалася ліквідацыі наступстваў разгулу прыроднай стыхіі, што адбылася ў ліпені мінулага года. Наш раён ураган абмінуў, не нарабіўшы вялікай шкоды, але праца добраахвотным лесапасадчыкам знайшлася. Па словах галоўнага ляснічага лясгаса Сяргея ЦЯГЛІКА, сёлета запланавана пасадзіць лес на 390-гектарнай плошчы, у тым ліку і на 150 ветравальных гектарах. Бялыніцкія лесаводы таксама аказваюць дапамогу калегам з Чэрвеньскага лясгаса. Цягам мінулага пасляўраганнага перыяду там яны расчышчалі бураломныя масівы, нарыхтоўвалі драўніну. А зараз на 28 ачышчаных гектарах высадзяць сеянцы лясных культур.

Рэспубліканская акцыя “Тыдзень лесу” прайшла ва ўсіх лясніцтвах лясгаса, актыўны ўдзел у ёй прынялі не толькі работнікі лесагаспадарчай галіны, але і неабыякавыя да роднай прыроды працоўныя калектывы і асобныя людзі. Напрыклад, свой уклад у аднаўленне лесу ўнеслі супрацоўнікі РАНС, некаторыя прадпрымальнікі, многія школьнікі і педагогі і  іншыя.

– Наш лес, прыродныя багацці, – адзначыў першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег ЧЫКІДА, які прыняў удзел у рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу”, што праходзіла на тэрыторыі Свяцілавіцкага ляс-ніцтва каля вёскі Няропля (квартал 32, выдзел 56), – гэта агульнанацыянальны здабытак, які неабходна памнажаць.

Разам з ім папрацаваць сюды прыехалі з Магілёва кіраўнікі і спецыялісты аблсельгасхарчу, Магілёўскага ДВЛГА на чале з генеральным дырэктарам Уладзімірам  РАЕЎСКІМ, шэрагу абласных структур сельскагаспадарчай галіны, а таксама работнікі Свяцілавіцкага лясніцтва і лясгаса. Далучыўся да яе і старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА.

На перададзеным лясгасу ўчастку зямлі плошчай у 2,7 гектара ўдзельнікі акцыі высадзілі сеянцы сасны. На ім яны таксама заклалі з саджанцаў бярозы мемарыяльную пасадку ў выглядзе вялікай лічбы 10, акаймаваную сасновымі насаджэннямі. Як патлумачыў журналісту У. Раеўскі, гэта пасадка прысвячаецца дзесяцігадоваму юбілею правядзення ў Беларусі штогадовай добраахвотнай акцыі “Тыдзень лесу”, і гэта бярозавая дзясятка будзе бачна з аўтатрасы М4 і з вышыні птушынага палёту.

– Едучы ў Мінск з дзецьмі, – сказаў адзін з удзельнікаў акцыі свайму напарніку, – буду заўсёды гаварыць ім, што гэты лес садзіў і я. Ёсць падстава для асабістага гонару!

Такім чынам, усё тое, што было зроблена добраахвотна і за сёлетні перыяд правядзення рэспубліканскай юбілейнай акцыі “Тыдзень лесу”, будзе заўважана і праз стагоддзе.

Пачынаючы з першага дня правядзення месячніка чысціні, выкананы значны аб’ём работ па навядзенні парадку, добраўпарадкаванні паселішчаў, дызайнерскім і эстэтычным афармленні вуліц, будынкаў, іх тэрыторый, месц агульнага выкарыстання. Але прыбрана яшчэ далёка не ўсё. Як не завяршыўся яшчэ і сам месячнік. А практыка правядзення агульнараённых суботнікаў чысціні і добраўпарадкавання, агульных санітарных дзён (чацвер) будзе прадоўжана.

Чысціня – гэта такая рэч, якую пастаянна трэба падтрымліваць. Тады заўсёды ўтульна, камфортна будзе і самому, і тваім гасцям.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *